Віншаванне з Божым Нараджэннем арцыбіскупа Габара Пінтэра

Дарагія чытачы часопіса «Аve Maria», я рады магчымасці павіншаваць вас, вашых родных і блізкіх, з надыходзячым святам Божага Нараджэння!

Мне б хацелася пажадаць вам сёння штосьці, чаго прагне Той, Хто стварыў кожнага з нас і ведае, што было б для нас добрым.

Вось маё пажаданне: каб кожны ваш дзень быў Божым Нараджэннем.

І гэта магчыма з Божай ласкай.
Святая Маці Тэрэза з Калькуты казала, што
Божае Нараджэнне прыходзіць кожны раз,
калі мы шчыра ўсміхаемся бліжняму;
кожны раз, калі маўчым, каб выслухаць іншага;
кожны раз, калі прызнаём нашыя памылкі;
кожны раз, калі прабачаем,
калі ўстаём на абарону слабейшых,
калі дапамагаем церпячым,
кожны раз, калі дазваляем Богу нарадзіцца
    ў нашых сэрцах,
каб праз нас Ён любіў тых, хто знаходзіцца побач.

Няхай радасць і супакой нашага Пана заўсёды ззяюць у вашых вачах як сведкі Божага Нараджэння, Божай любові!


Арцыбіскуп Габар Пінтэр,
Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь
фота catholic.by

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла