Хрыстус жыве сярод нас

За вокнамі аддзялення сястрынскага догляду — прыгожы ціхі вечар. Закончылася другая змена. Я збіраюся ісці дамоў. Валанцёры вывезлі на бальнічны двор пацыентаў у інвалідных вазках. Развітваюся з імі.

— А ў мяне да Вас просьба, — кажа наш самы знакаміты пацыент —пратэстант спадар Мікалай. — Калі ў бальніцу завітае Максім — малады валанцёр на пратэзах, скажыце, калі ласка, каб ён абавязкова зайшоў да мяне.

— Добра, — адказваю я. — У мя­не да Вас таксама бу­дзе просьба: заўтра мы з калегай-псіхолагам Таццянай удзельнічаем у семінары па аказанні дапамогі цяжкахворым людзям. Памаліцеся, калі ласка, каб у нас усё добра атрымалася.

— Так, абавязкова! — кажа спадар Мікалай і дадае: — А вазьміце мяне з сабой на семінар! Я вам псальмы паспяваю! Можна ж?!

Я тлумачу, што семінар праходзіць не на базе нашай бальніцы. Трэба далёка ехаць, на жаль. І разважаю, што сапраўды было б файна, калі б у ім удзельнічаў і спадар Мікалай.

А ён спявае хрысціянскія песні ў двары бальніцы. Усе заслухоўваюцца, бо ў яго вельмі прыгожы і моцны голас, выдатныя слых і памяць. Хтосьці падпявае, хтосьці проста слухае. Ён вядзе размовы пра Бога і з пацыентамі бальніцы, і з іх сваякамі, і з супрацоўнікамі. Хрысціянін, які заўсёды гатовы да працы.

Аднойчы да пацыентаў бальніцы разам з валанцёрамі завітаў і «валанцёр» цюцік Сільвер. Так, валанцёрамі бываюць не толькі людзі! Сільвер уважліва паслухаў хрысціянскія песні, якія спяваў Мікалай, і ўсе падпявалі яму, а потым падышоў да яго і асабіста падзякаваў за цудоўныя спевы.

Спадару Мікалаю 78. Ён сімпатычны, выглядае значна маладзейшым за свае гады. Жывы розум. Калі бальніцу наведвае бацюшка, які праводзіць набажэнствы, Мікалай абавязкова ўдзельнічае ў іх. Калі да католікаў прыходзіць ксёндз, ён абавязкова заходзіць і да спадара Мікалая.

Заўтра спадара Мікалая му­сіць наведаць нашая 80-гадовая праваслаўная бабуля — валанцёр спадарыня Вера. Я ўспамінаю, як на мінулым тыдні мы ўтраіх спявалі хрысціянскую песню «Як добра з Табою, Ісус. Як хораша там, дзе Ты ёсць!» Бабуля Вера наведвае пацыентаў бальніцы ўжо на працягу года. А натхніла яе на валанцёрства яе 70-гадовая сяброўка спадарыня Зоя. Бабуля прыходзіць раз на ты­дзень і абавязкова прыносіць з сабой піражкі, якія спецыяльна выпякае для тых пацыентаў, якіх збіраецца наведваць, а таксама для ўрача і псіхолагаў. Бабуля вельмі сімпатычная, прыемная, далікатная, інтэлігентная, мае вышэйшую тэхнічную адукацыю. Яна кажа, што ў наш час кожнаму чалавеку варта карыстацца планшэтам, бо ў інтэрнэце можна знайсці шмат цікавай і карыснай інфармацыі.

Месяц таму ў бальніцу паступіла пацыентка за 60 — жвавая, адукаваная, прыгожая жанчына. Яна не магла хадзіць, а ў палаце ёй не было з кім кан­тактаваць. І мы з калегай вырашылі пазнаёміць яе са спадаром Мікалаем. Я паведаміла яму пра нашую задумку, і ён з радасцю пагадзіўся выканаць гэтае заданне-просьбу. Ён самастойна сеў у інвалідны вазок, і я адвезла яго ў палату да самотнай пацыенткі. Праваслаўная верніца і пратэстант цудоўна паразумеліся і на працягу амаль дзвюх гадзінаў размаўлялі на духоўныя тэмы, а потым дамовіліся, калі сустрэнуцца ў наступны раз. А ў спадара Мікалая было яшчэ шмат такіх заданняў, і ён ніколі не адмаўляўся падтрымаць іншых пацыентаў — хуценька збіраўся і ехаў да іх.

Пацыенты, якія ляжалі ў бальніцы і ў мінулым годзе, з цеплынёй успамінаюць будучых бацюшак — студэнтаў Праваслаўнай духоўнай акадэміі, якія праходзілі ў аддзяленні практыку і працавалі як валанцёры.

Адзін са студэнтаў распавядаў, як калісьці сустракаўся і размаўляў з ксяндзом Юзафам Булькам. Ксёндз благаславіў яго і параіў не жаніцца…

А зусім старэнькая бабулька Алена ісці на вуліцу адмовілася. Сказала, што яна там ужо сёння была разам з дачкой, якая прыходзіла яе наведаць. Бабулька завіхаецца каля сваёй ляжачай суседкі па палаце: корміць яе бананам і ёгуртам, папраўляе ёй валасы. Ляжачая бабулька не толькі не ходзіць, але амаль нічога не бачыць і не чуе. «Вось нашая памочніца!» — кажа медсястра, усміхаючыся Алене. Бабуля ўсміхаецца ёй у адказ. Палата напаўняецца дабрынёй і спагадай. На сэрцы робіцца лёгка і радасна. Хрыстус жыве сярод нас.


Марына Баброўская

 

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла