Святая Сям’я ў вучэнні слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага

Адносіны паміж членамі Святой Сям’і

Біскуп Зыгмунт Лазінскі піша: «Голас Божы кіруе кожным крокам Святой Сям’і, якая заўсёды застаецца паслухмянай Яму» (RM 150). Гэта фундаментальны элемент асабістых адносінаў Марыі і Юзафа з Богам, які з імі гаворыць, які ім давярае і якому бязмежна давяраюць яны. Ад акту веры Найсвяцейшай Панны: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне мне станецца паводле твайго слова» (Лк 1, 38) — залежала нашае адкупленне (гл. RM 94), а таксама новыя асабістыя адносіны чалавека з Богам і чалавека з чалавекам.


Аналізуючы адносіны паміж членамі Святой Сям’і, біскуп Зыгмунт Лазінскі, захоплены іх годнасцю, піша: «Найбольш выразна ў Евангеллі паказана ціхая пакорлівасць Марыі да Яе жаніха. У Ёй можна лёгка ўбачыць кветку, якая расце з кораня любові да святога апекуна. Яна бачыла ў ім таго, каму паабяцала любоў і хто дзякуючы сваёй цнатлівасці сапраўды быў Яе варты, хто быў апекуном, дадзеным Богам Ёй і Яе Боскаму Дзіцяці, і з’яўляўся галавою Святой Сям’і. Магчыма, гэта ядналася з прыхільнасцю да яго як да старэйшага сваяка. На падставе пэўных гісторыялагічных камбінацый некаторыя аўтары называюць святога Юзафа сваяком Марыі са старэйшага пакалення (дзядзькам, хоць і не родным). Паводле Традыцыі, святы Юзаф памёр у абдымках Пана Езуса і Найсвяцейшай Панны, якая да апошняй хвіліны яго жыцця была яму суцяшэннем і дапамогаю» (RM 71). Высноўваючы праўду пра любоў Марыі да святога Юзафа як бы з таямніцы, біскуп Зыгмунт Лазінскі піша: «Любоў да святога Юзафа не была абмежаваная нявіннасцю Марыі, наадварот, гэтая любоў была ўпрыгожана бляскам цнатлівасці і прасякнута райскім водарам, яна ніякім чынам не парушала чыстасці Найсвяцейшай Панны» (RM 71 і 72). Біскуп Лазінскі сузі­рае любоў Найсвяцейшай Маці і сцвярджае: «Марыя ўносіла ва ўсё, што рабіла ці перажывала, тую Божую любоў, якою няспынна палала Яе найчысцейшае Сэрца. У святле гэтай любові квітнела ў сваёй неўвядальнай белі Яе чыстасць, і нараджалася ў Ёй палкая, але поўная адухоўленасці і нявіннасці прывязанасць да святога Юзафа — пакора, з якою Яна была яму паслухмяная, Яна — Каралева Неба, Маці Збаўцы свету, Святая Багародзіца, і тая ціхасць і лагода ў зносінах з усімі блізкімі, тая бязмежная цярплівасць у нястачах і цяжкасцях, тая руплівасць ў выкананні штодзённых справаў і ўменне яднаць малітоўнае жыццё з дробязямі штодзённасці. Дзякуючы таму, што ў Яе жыцці валадарыла Божая любоў, Марыя дасканала выконвала кожны абавязак, які даручаў Ёй Бог. Яе сужэнства не толькі не змяншала Яе святасці, але, наадварот, было крыніцаю новых заслугаў» (RM 73–74).

Біскуп Зыгмунт Лазінскі, ведаючы Святую Зямлю, спадарожнічае членам Святой Сям’і ў іх вандроўках. Спрабуючы зразумець іх глыбокую абгрунтаванасць, ён піша: «Яны адпраўляюцца ў далёкую дарогу праз паўкраіны, ідучы ў Бэтлеем, бо ў загадзе ўладаў распазнаюць Божую волю. Ласка пабуджае іх выканаць тое, што потым выразна загадае выконваць іх Божы Сын: «Дык аддавайце цэзарава цэзару» (Мц 22, 21), а потым дакладна тое самае казалі і Апосталы Божыя (Рым 13, 1–7; 1 П 2, 13–17)» (RM 114 і наст., гл. R 43). Сапраўды, «Пан Езус не быў абмежаваны аніводным законам, але Найсвяцейшая Панна і святы Юзаф паслухмяна выконваюць тое, што належыць, але што з’яўляецца для іх цяжарам, бо звязана з цярпеннем Боскага Дзіцяці» (RM 125, гл. RM 154–155, 157, 161). Змораныя, Юзаф і Марыя прыбылі ў Бэтлеем для выканання простай і даволі пустой фармальнасці, а Пан Бог, як аказалася, прывёў іх праз гэта да вялікіх учынкаў. Перш за ўсё, той факт, што Юзаф удзельнічаў у перапісе насельніцтва з людзьмі Бэтлеема, афіцыйна пацвярджае важны аспект генеалогіі нашага Пана, а менавіта Яго паходжанне ад Давіда: eo quod esset de domo et familia David» (RM 115), у гэтым жа здзяйсняецца і прароцтва Міхея (Міх 5, 1).

Біскуп Зыгмунт Лазінскі, углядаючыся ва ўзаемную любоў членаў Святой Сям’і, апісвае прыгажосць іх адносінаў. Дзіцятка Езус «тулілася да Яе грудзей сваёю галоўкаю, а ручкамі абдымала Яе шыю, потым [як Малады Чалавек] Ён не пераставаў быць Яе Сынам і па-сыноўску любіць Яе, сваё стварэнне і вучаніцу свайго Боскага Сэрца» (RM 167). Езус, Марыя і святы Юзаф любілі адно аднаго і такім чынам любілі Бога. Яны былі далёкія ад нараканняў і ў кожнай не зразумелай для іх сітуацыі заставаліся вернымі. «Нам нідзе не ўдасца прачытаць, што бацькі наракалі ці скардзіліся на тое, што на долю Дзіцяці, і яшчэ такога Дзіцяці, выпадаюць знявагі, нястачы і небяспека. Зрэшты, яны і не мелі часу на тое, каб наракаць; яны былі занятыя адным, а менавіта тым Дзіцем, якога Найсвяцейшая Маці спавіла і паклала ў яслі (Лк 2, 7), патанаючы разам са святым Юзафам у сузіранні, без слоў, не памятаючы ні пра што, прабываючы сэрцам і ўсёю існасцю ў праслаўленні…» (RM 116, гл. RM 139).

«У Евангеллі толькі тры вершы прысвечаныя жыццю Святой Сям’і ў Назарэце. У Духа Святога не было намеру знаёміць нас з падрабязнасцямі праўдзівай Боскай камедыі — як Усёмагутны Бог прабываў з параю сваіх найчысцейшых стварэнняў, як адбываўся „раман“ Боскага Сэрца з сэрцамі тых, хто так палка Яго любіў, хто быў цалкам Яму аддадзены, — з сэрцамі Марыі і Юзафа. Але тыя тры вершы напісаны так, як толькі Дух Святы мог прадыктаваць, — за некалькімі вельмі простымі і звычайнымі словамі крыецца ўсё навучанне, якое мы павінны чэрпаць з жыцця назарэтанскай Сям’і» (RM 162).

Узаемаадносіны ў Святой Сям’і цудоўна паказаны ў падзеях, апісаных святым Лукою (Лк 2, 46–52). «Езус, выконваючы волю Нябеснага Айца, не папярэдзіў бацькоў, што плануе застацца ў святыні. Ён учыніў гэта, даючы нам прыклад таго, што Божую волю трэба выконваць і не марудзіць, не зважаць на матэрыяльныя ці душэўныя перашкоды, якія маглі б зацягнуць выкананне Божага загаду ці проста па-чалавечы нас ці іншых расчуліць»2 (R 62). Тое, «што адсутнасці Збаўцы яшчэ не заўважылі ні Марыя, ні святы Юзаф, было Божаю справаю. У гэтым не было іх віны ці нядбайнасці. У Евангеллі выразна напісана, што ў тых абставінах бацькі маглі слушна дапускаць, што Езус ішоў з імі, але сярод іншых знаёмых, маглі думаць, што Ён ідзе з пілігрымамі (Лк 2, 44)» (R 63, гл. RM 157). Біскуп Зыгмунт вядзе нас углыб гэтых таямніцаў: «Нягледзячы на тое, што Найсвяцейшая Панна і святы Юзаф былі пазбаўленыя прысутнасці Пана Езуса не па ўласнай віне і гэтак жа бязвінна не ведалі, што адбываецца з Божым Дзіцем, як жа, аднак, яны, бедныя, засмуціліся, аб чым потым Найсвяцейшая Маці і гаворыць Пану Езусу» (R 63). Можна зрабіць выснову: «Святыя бацькі, са смуткам заўважыўшы, што Пана Езуса з імі няма, не паддаліся марным нараканням і плачу, але пачалі старанна шукаць Дзіця» (R 64) і знайшлі.

«Паслухай размову Маці і Сына, Марыі і Езуса, Езуса і Марыі. <…> Як проста і з любоўю Ма­рыя адкрыта кажа: Дзіця, чаму Ты зрабіў нам так? <…> Па­слу­хай, якая Божая праўда яснее ў адказе Хрыста: з яе вынікае, што, калі гаворка ідзе пра справы Айца; трэба цалкам спакойна, з усёю пакораю, адданнем і даверам прымаць рэчаіснасць, бо гэтую сітуацыю дае Бог, гэта Яго воля. У Евангеллі напісана, што яны да канца не зразумелі таго, што Ён сказаў ім» (R 65). Пасля таго, як Найсвяцейшая Маці і святы Юзаф знайшлі Пана Езуса ў святыні, Збаўца, як кажа Евангеліст, пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны ім (гл. R 65).

«Найперш звернем увагу на <…> словы Збаўцы, якія адыгрываюць найважнейшую ролю ў тым, каб зразумець гэтую па­дзею. Маці кажа Яму: Дзіця, чаму Ты зрабіў нам так? Вось бацька Твой і Я балюча перажывалі, шукаючы Цябе. Езус адказвае: Што ж, гэта значыць чаго ж вы шукалі Мяне. Ці вы не ведалі, гэта зна­чыць вы ж ведалі, што Мне трэба быць у тым, што нале­жыць Айцу Майму, гэта значыць Я мушу быць там, дзе Я патрэбны Айцу.

Хачу звярнуць увагу на два моманты: 1) чаму вы перажывалі, калі ведалі, што Я заўсёды там, дзе справа Айца кліча Мяне, і таму нічога дрэннага стацца не можа; 2) чаго ж вы шукалі Мяне, калі трэба было мець надзею, што Я не магу быць нідзе больш як толькі там, дзе дом Майго Айца, бо перадусім тут здзяйсняюцца Яго справы? Такім чынам Пан Езус адначасова і супакойвае засмучаную Маці і прыёмнага бацьку, і дае ім урок» (R 60), і нам таксама. У жыцці Святой Сям’і, як і ў жыцці кожнай веруючай сям’і, на першым месцы павінен быць Бог і Яго воля!
Праз дваццаць адзін год Езус распачаў сваю публічную дзей­насць. Адбылося гэта менавіта так, як прадугледзеў Божы Провід. «Марыя і Езус, запрошаныя на вяселле ў Кану Галілейскую, асвяцілі сужэнскі саюз, які займае вельмі важнае месца ў хрысціянскім развіцці грамадства. Больш за тое, Ён асвяціў вясельную забаву, бо найперш аб ёй ідзе гаворка ў гэтым евангельскім урыўку» (гл. RM 180). «Пан Езус і Найсвяцейшая Маці не толькі прысутнічалі на вяселлі, але і непасрэдна дапамагалі гасцям весяліцца з большаю свабодаю. Найсвяцейшая Панна звяртае ўвагу не проста на дробязь, але на такую малаважную рэч (гл. RM 315) як адсутнасць віна. Пан Езус не вагаецца выкарыстаць усю сваю Боскую ўсёмагутнасць, каб папоўніць гэты недахоп» (RM 181, гл. RM 184), а яшчэ — каб парадаваць Найсвяцейшую Маці. «Сын Божы хацеў, каб і на шляху прыніжэнняў з Ім былі Яго Маці і найбліжэйшы Яму пасля Марыі — Яго апякун святы Юзаф» (RM 143 і наст.).

«Падчас публічнай дзейнасці Езуса Найсвяцейшая Панна адыходзіла ў бок усюды і заўсёды, калі Яе прысутнасць прыцягвала б да сябе ўвагу Яго атачэння» (RM 143 і наст.). «Марыя з’яўлялася тады, калі магла дапамагчы Збаўцу (Мк 3, 20–35) ці бліжнім (у Кане), Яна таксама прымала ўдзел у цярпеннях і прыніжэннях Сына Божага» (RM 251; RM 199). Потым Марыя ўжо рэдка магла сустрэцца з Езусам і бачыла Яго пераважна тады, калі Ён прапаведаваў, седзячы сярод натоўпу (гл. Мц 12, 46–50; Мк 3, 31–35; Лк 8, 19–21) ці сярод сваіх вучняў (Ян 2, 1–12), або калі канаў на крыжы (Ян 19, 25 і наст.). Нават няма ўпэўненасці ў тым, што Яна бачыла Яго пасля Уваскрасення3. «Марыя яшчэ шмат гадоў павінна была чакаць моманту, каб убачыць Яго ў хвале» (RM 199, гл. RM 230, R 162 і наст.). «Безумоўна, Найсвяцейшая Панна тужыла па небе ўсёю сваёю душою, усім сваім найчысцейшым Сэрцам, бо ў небёсах знаходзіўся ўвесь Яе скарб (Мц 6, 21)» (RM 241). «Тое, што Марыя заставалася на зямлі, не азначала, што Яна была пазбаўлена ўдзелу ў нябеснай хвале Збаўцы; менавіта для гэтай хвалы Яна магла і павінна была працаваць, і не толькі ва ўласнай душы, але і ў Касцёле, які толькі нараджаўся. Працаваць дзеля Пана Езуса, дзеля душаў, за якія Ён памёр. [Працаваць] для Касцёла, які быў любоўю Хрыстовага Сэрца і за які Езус маліўся падчас Апошняй Вячэры (Ян 17, 18–26) і з якім абяцаў застацца аж да сканчэння свету (Мц 28, 20)» (RM 241 і наст.). «Пан Езус, несучы крыж, сустрэўся са сваёю Найсвяцейшаю Маці, якая вельмі хацела прынесці Яму палёгку, суцешыць Яго» (R 109). «Сустрэча <…> гэтая была напоўнена любоўю Божага Сына і ласкамі, якімі Ён адарыў Яе» (R 108).

Збаўца, завяршаючы сваё зямное жыццё, клапоціцца пра Найсвяцейшую Маці, кажучы: «Застаешся адна; але Ты маеш замест Мяне сына, Майго вучня, якога Я люблю; ён будзе Табе дапамогаю, а калі спатрэбіцца, то абаронаю і апекаю». Адпаведна Пан Езус усклаў сыноўнія абавязкі і на святога Яна. Таму вучань, дасканала разумеючы волю Пана, з гэтага часу ўзяў Яе да сябе (Ян 19, 27), (RM 264 і наст.) «Чалавечая мова не можа выразіць тую вялікую ласку, якая была ўдзелена ў тую хвіліну святому Яну… Ён быў выбраны апекуном і суцяшальнікам той, якая стала Найсвяцейшаю пасля Бога; ён мае права называць Маці тую, якую так называў Сын Божы; ён таксама мае права на Яе мацярынскія пачуцці» (RM 129). У тэстамэнце, які Езус прамовіў з крыжа, таксама змешчана Яго воля адносна таго, каб Яго Найсвяцейшая Маці была побач з Апосталамі, каб была, як і яны, у сэрцы Яго Касцёла. «У кнізе Дзеяў Апосталаў расказваецца, што Апосталы, чакаючы, як і наказаў Хрыстус Пан, прыйсця Духа Святога, аднадушна трывалі ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, маці Езуса, і з братамі Ягонымі (Дз 1, 14). Адзначым, што евангелісты вельмі мала пішуць пра Найсвяцейшую Панну; між тым святы Лука не абмінуў той дэталі, што разам з Апосталамі малілася (а потым атрымала Духа Святога) і Марыя. Гэта істотная, надзвычай важная дэталь. Касцёл нараджаецца пад апекаю Марыі» (R 194, гл. RM 254–256).

«Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі — канец усіх Яе цярпенняў, якія Ёй давялося перажыць на зямлі, і тых заслугаў, якія Яна сабрала падчас зямнога жыцця» (R 201), і пачатак нябесных адносінаў асобаў Святой Сям’і.

Бог паклапаціўся пра свя­тасць Марыі і Юзафа па-свойму. Нягледзячы ні на што, Ён загадаў ім стварыць сям’ю. Так яны і зрабілі, слухаючы перш за ўсё Бога, хоць гэтае паслушэнства ставіла іх у сітуацыю, якую цяжка было прадбачыць, і выстаўляла іх на людское неразуменне.

*  *  *

Завяршаючы нашыя разважанні, шляхам якіх, я веру, вёў нас слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі, застанемся ж з ім у духоўнай еднасці і будзем заахвочваць адзін аднаго да малітвы.

Не будзем жа баяцца прасіць аб вялікіх ласках; мы ж молімся да Маці і Каралевы; скарб і ўлада каралевы вялікія, а сэрца маці заўсёды хоча даць больш, чым просіць дзіця (RM 3, гл.  R 206).

Прасі святога Юзафа, каб дапамог табе ў гадзіну канання твайго або тваіх сваякоў, сяброў, авечак — словам, у гадзіну, апекуном якой Касцёл слушна Яго лічыць (RM 179).

Пане Езу Хрыстэ, які ў паслухмянасці Марыі і Юзафу асвяціў сямейнае жыццё невыказнымі цнотамі, учыні, каб праз іх заступніцтва мы вучыліся жыць па прыкладзе Святой Сям’і і дасягнулі ўдзелу ў яе вечнай хвале. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя (RM 150).

Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі, выпрошвай у Святой Сям’і неабходныя нам ласкі, каб мы, з’яднаныя ўзаемнаю любоўю, наследавалі ў нашых сем’ях яе цноты і дасягнулі вечнай радасці ў Доме Нябеснага Айца. Амэн. 


1 Lozinski, Z., Rozwazania Majowe dla du­cho­wien­stwa. — Poznan, 1927. Далей спасылкі на гэтую крыніцу падаюцца ў дужках са скарачэннем «RM».
2 Lozinski, Z., Swiety Rozaniec. — Pinsk, 1931. Далей спасылкі на гэтую крыніцу падаюцца ў дужках са скарачэннем «R».
3 «У Евангеллі апісана некалькі эпізодаў, калі Езус Уваскрослы аб’яўляецца розным людзям. Нічога не сказана пра тое, ці прыходзіць Збаўца да сваёй Найсвяцейшай Маці. У Евангеллі наогул вельмі няшмат сказана пра Божую Маці, таму, магчыма, і тут звестак пра гэтую падзею няма. Але можа быць і так, што Пан Езус не аб’явіўся сваёй Маці так, як іншым, бо гэта было Ёй не патрэбна. Яна не сумнявалася, што набліжаецца час вялікага трыумфу Яе Божага Сына, а Яе Сэрца заўсёды заставалася з Ім у такой еднасці, што бачыць вачыма было не так важна ў параўнанні з духоўным адзінствам» (R 162 і наст.).

 

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла