Не пажадай... Не зайздросць... Не наракай...

«Не пажадай нічога, што належыць бліжняму твайму», — так гучыць дзясятая Божая запаведзь. Гэта азначае, што Бог забараняе не толькі рабіць нешта дрэннае іншым, але забараняе ўсялякія нядобрыя пажаданні і думкі адносна іншых. Парушэнне гэтай запаведзі, як зазнача­юць тэолагі, суправаджаецца ў асноўным грахом зайздрасці. «Бог стварыў чалавека ў несмяротнасці і зрабіў яго вобразам падабенства свайго; а праз зай­здрасць шатанскую прыйшла смерць на зямлю» (пар. Прып 2, 24). Зайздрасць — адзін з самых распаўсюджаных грахоў сучаснасці, які нясе ў сабе шмат іншых цяжкіх грахоў.


Вось што піша ў сваёй кнізе «Бог даў мне другі шанец» Глорыя Пола, якая ў 1995 годзе перажыла клінічную смерць: «Калі Пан Бог праверыў маё жыццё па дзесяці Божых запаведзях, высветлілася, што ўсё маё зло, усе мае грахі выходзілі ад хцівасці, шалёнага прагнення мець усё і ўсім распараджацца. Зайздрасць з-за таго, што нехта іншы нешта мае і я павінна таксама гэта мець, схапіла мяне за руку і звяла на бездарожжа...».

Як вядома, Глорыя атрымала ад Бога ласку вярнуцца на зямлю, каб выправіць сваё жыццё і дапамагчы іншым гэта зрабіць. У ліку гэтых іншых і наша чытачка Анастасія. Вось яе сведчанне.

— Так сталася, што мой бацька яшчэ ў 80-я гады пабудаваў прыватны дом у Мінску за няправедныя грошы. Здабываць гэтыя сродкі яму дапамагала ў многім зайздрасць — хацелася мець усё і адразу і лепш, чым у суседа. Стараўся шмат працаваць, але без крадзяжу не абышлося — на яго прадпрыемстве была такая магчымасць. Неўзабаве ён стаў злоўжываць алкаголем. Мая маці з ім развялася, і мы з’ехалі. Праз нейкі час ён памёр. Я ў яго адзіная дачка, а таму яго дом павінен быў застацца мне ў спадчыну. Аднак родная сястра майго бацькі прыклала шмат намаганняў, каб гэтага не адбылося, і дом у выніку дастаўся ёй. Спачатку яна здавала яго кватарантам, а пазней сама пачала ў ім жыць. Мне было вельмі крыўдна і балюча. Негатыўныя эмоцыі і пачуцці да маёй цёткі разбуралі маю душу. Аднак пазней я зразумела: ва ўсім, што адбылося, быў Божы Провід, а дапамагла мне гэта ўсвядоміць і прыняць сітуацыю кніга Глорыі Пола «Бог даў мне другі шанец». Сапраўды, на крадзеным яшчэ ніхто і ніколі не пабудаваў шчасця! Наша сям’я таксама гэтаму сведчанне. За ўсё зло ў жыцці трэба разлічвацца і за крадзенае ў тым ліку.

Я змагла прабачыць маёй цётцы і малюся, каб Бог не залічыў ёй у грэх тое, што яна зрабіла. А мне Бог кампенсаваў страчаны дом. Я выйшла замуж, і мы з мужам хутка, без вялікіх цяжкасцяў атрымалі 3-пакаёвую кватэру ў Мінску. Усе наўкола дзівіліся, як гэта ў нас атрымалася. Я ж у гэтым бачу цуд Божай любові.

Дзясятая запаведзь Бога забараняе нават думкі, як у адносінах жонкі бліжняга, так і яго маёмасці.

Бог перасцерагае нас,
што неабходна кантраляваць свае думкі і жаданні,
не дапускаючы таго, каб жаданне пераходзіла ў пажадлівасць —
грэх, які вядзе да распусты і чужалоства.

Менавіта за такія грахі, па словах Маці Божай Фацімскай, часцей за ўсё душы трапляюць у пекла.

Пра тых, каму ў выніку гэтых грахоў пашчасціла не апынуцца ў пекле, а трапіць у чысцец, піша містычка з Польшчы Фулла Норак у сваёй кнізе «Жыццё пасля смерці»: «У чыстцовым коле саўдзельнікаў найбольш такіх душаў, якіх аб’ядноўвала грахоўнае каханне. Яны адчуваюць сябе вінаватымі і пакрыўджанымі адзін праз другога. Вельмі абураныя на сябе і ў той жа час адчуваюць страшныя пакуты сумлення. Хацелі б не бачыцца і пазбавіцца адзін другога, але расстацца не могуць. О, якім жа брудным і агідным здаецца ім тое, што іх яднала. Як жа добра цяпер бачаць яны свае "сапраўдныя каштоўнасці" і не могуць зразумець таго, як былі заслепленыя раней. З якім жаданнем скінуў бы ўсю адказнасць на гэтую такую дарагую ў зямным жыцці асобу! Тут памятаюць усё — кожную хвіліну, кожнае бруднае дрыжэнне сэрца... паліць іх смутак, жаль і сорам — сорам, якога пры жыцці не ведалі».

У кантэксце вышэйсказанага хачу расказаць пра сваю сяброўку Святлану, з якою мы знаёмыя з юнацкіх гадоў. Яна была і застаецца вельмі прыгожай жанчынай. У маладосці не мела праходу ад паклоннікаў, аднак замуж выйшла за вельмі простага хлопца, чым здзівіла ўсіх сваіх родных і знаёмых. Яна яго вельмі моцна кахала! І кахае па сённяшні дзень, хаця яго ўжо амаль 20 гадоў няма ў жывых. Святлана не тое што не выйшла другі раз замуж, але абражаецца, калі ёй нехта гэтага жадае. Быў у яе жыцці такі момант. Пасля пахавання мужа яго сябар стаў апекавацца Светаю і яе сынам. Аднойчы гэты мужчына паспрабаваў схіліць яе да інтымных адносінаў і ... атрымаў вельмі радыкальную адмову з аплявухай. Ён, вядома ж, пакрыўдзіўся і перастаў наведваць сям’ю свайго загінуўшага сябра. Праз нейкі час гэты чалавек прыехаў да Святланы з вялізным букетам ружаў і падзя­каваў за тое, што яна тады яму адмовіла. Сказаў таксама, што дзякуючы гэтаму захавалася яго сям’я, якою ён вельмі даражыць.

А гэта сведчанне я пачула ў Меджугор’і ў 2000 годзе ад аднаго каталіцкага святара. Ён расказваў, што ў свой час закахаўся ў жанчыну так, што думаў нават кінуць святарства. Моцна змагаўся з гэтаю навалаю. Маліўся да Маці Божай, лежачы крыжам, адараваў Езуса Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. І аднойчы ўнутраным зрокам, у духу ён убачыў усю сутнасць гэтай жанчыны, якая завалодала яго думкамі і сэрцам. Відовішча было страшным — сапраўднае ўвасабленне зла. Ён адразу ж пазбавіўся гэтай спакусы і паехаў у Меджугор’е, каб падзякаваць Езусу і Маці Божай за дапамогу.

Дзясятая Божая запаведзь забараняе
не толькі зайздрасць, але і нараканне.
Незадаволенасць сваёю доляю, сваім становішчам —
усеагульная хвароба.

Практычна ўвесь чалавечы род чымсьці ды незадаволены. І часцей за ўсё ў гэтай незадаволенасці людзі абвінавачваюць Бога: «Ён не даў гэтага, Ён забраў тое...». Ведаю жанчыну, якая зрабіла пяць абортаў запар і засталася бяздзетнаю. Муж яе кінуў, і на старасці гадоў — яна адна. Аднак сёння ў яе ўвесь свет і Пан Бог вінаватыя, што ёй цяжка жывецца. Даводзілася нямала такіх людзей сустракаць і ў дамах састарэлых. Вось, напрыклад, дзве суседкі. Першая нарадзіла аднаго сына, астатніх дзяцей пазабівала ў абортах, і сёння няма канца яе нараканням — на нявестку, на сына, на тых, хто побач, і на Пана Бога. А вось другая жанчына вельмі шчыра прызнаецца: «Я сваю маладосць аддала шатану, але Бог не пагардзіў мною, прабачыў і даў мне ўсё, што трэба. Я магла апынуцца нават на вуліцы, таму да канца сваіх дзён буду дзякаваць Найвышэйшаму за ўсё, што маю».

Народная мудрасць кажа: «Багаты не той, хто мае шмат, а той, хто задаволены тым, што мае». А хто гэтага дасягнуў, той разбурыў усялякія падставы для зайздрасці. Такога чалавека можна назвать шчаслівым і блізкім да дасканаласці. Апостал Павел у лісце да Філіпянаў піша: « Кажу гэта не таму, што маю патрэбу, бо я навучыўся быць задаволеным тым, што ў мяне ёсць. Я ўмею быць і ў прыніжэнні, умею быць і ў дастатку; я прывучыўся да ўсяго: і насычацца, і галадаць, і быць у дастатку, і цярпець нястачу» (Флп 4, 11-12). Дапамажы і нам, Пане Божа, па прыкладзе гэтага вялікага Апостала быць заўсёды задаволенымі тым, што маем, і ніколі не забывацца аб галоўнай мэце нашага зямнога вандравання — аб Валадарстве Нябесным.


Галіна Горская

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла