«Я закахалася не ў мужа…»

Я цяпер жыву, нібыта ў сне, і тое, што адбываецца, нібыта адбываецца не са мною, і я не ведаю, што будзе, калі я нарэшце прачнуся. Вядома, кожны чалавек можа аднойчы моцна закахацца. Вось і я, замужняя жанчына, пакахала іншага мужчыну.


Мы 25 гадоў пражылі разам з мужам, чвэрць стагоддзя, і доўга былі для ўсіх знаёмых узорнай парай. Я імкнулася быць добрай жонкай: выслухоўвала, падтрымлівала і заўсёды ганарылася тым, што мы з А. — найперш блізкія сябры і ніколі не перажывалі «бразільскіх жарсцяў» у адносінах. Здавалася, што гэта і не патрэбна, мы ж не падлеткамі ажаніліся, а свядомымі людзьмі, па ўзважаным выбары. Спачатку мне было камфортна ў сужэнстве, бо муж — вельмі добры чалавек, не раўнівы: ніколі не кантраляваў, куды і з кім я хаджу. Я заўсёды верыла ў сяброўства мужчынаў з жанчынамі і мела сяброў сярод мужчынаў, і муж не быў супраць, ды і мяне не турбавала, калі муж ішоў некуды без мяне — я таксама давала яму жыць і не лезла ў душу. Мы ніколі моцна не сварыліся: з біццём посуду і скандаламі, хіба што нейкі час маглі не размаўляць, пакрыўдзіўшыся, але гэта бывала рэдка. Нас заўсёды звязвала шмат агульнага: адны зацікаўленасці, падобныя густы і ўпадабанні. Пры гэтым я ніколі не ідэалізавала А., імкнулася прымаць яго такім, які ён ёсць: з яго упартасцю, даволі закрытым характарам і схільнасцю да меланхоліі.

Здавалася б, што магло здарыцца? Гадоў праз 20 пасля шлюбу высветлілася, што мы за гэты час шмат чаго не прагаворвалі, і такім чынам паціху адасобіліся, аддаліліся адно ад аднаго. У нас сталі здарацца закаханасці, хоць да сужэнскай здрады і не даходзіла. Чула, што ў нейкім з казанняў айцец Адам Шустак ОР гаварыў, што ён вельмі схільны да закаханасці. Вось і я часта была закаханаю ў юнацтве, але амаль забылася пра гэтую схільнасць пасля шлюбу. І калі я раптам моцна закахалася ў калегу па працы, то гэтае пачуццё выклікала ў мяне істэрыку, бо я не чакала такога шквалу пачуццяў, заўсёды асуджала і выступала супраць тых, хто звязваецца з жанатымі мужчынамі. Але тады было дастаткова добрай размовы і споведзі, каб вярнуцца да душэўнай раўнавагі і паступова пазбавіцца пачуцця. Тая першая закаханасць навучыла мяне не баяцца, а гераічна і з Богам перажываць свае пачуцці. А яшчэ, калі я нарэшце асмелілася пайсці да споведзі, ксёндз сказаў мне, што такія сітуацыі, відаць, даюцца нам для таго, каб стаць бліжэй да нашых мужоў і жонак. І мы сапраўды сталі бліжэй з А., праўда, гэта каштавала мне страты пэўнай блізкасці да Касцёла, бо я не магла прымусіць мужа, каб мы разам хадзілі штодня ў касцёл або дома маліліся разам на ружанцы. Але ў нас сапраўды ўзмоцніліся і па-новаму раскрыліся адносіны.

Чарговы крызіс здарыўся праз 5 гадоў, і цяпер мы з мужам так далёка адно ад аднаго, што наўрад ці ўжо зблізімся, нават калі не разыдземся. Я ў рэшце рэшт зразумела, што не хачу старэць побач з А. Напэўна, варта было падумаць пра гэта нашмат раней. Справа яшчэ і ў тым, што А. па характары не можа доўга затрымлівацца на адным працоўным месцы, змяняючы працу з адной на другую, яму больш падабаецца тое, што цяпер называюць словам «фрыланс». А я стамілася ў гэтай сітуацыі, бо за гэтыя гады ён часта заставаўся без працы, і я вымушаная была адна забяспечваць сям’ю і трымацца за сваю працу на дзяржпрадпрыемстве, не атрымліваючы ад А. дастатковай падтрымкі і імкнення дапамагчы мне. Здавалася, ён гатовы падзя­ліцца апошнім з іншымі, а мы самі, нашае жыццё і патрэбы, застаемся недзе далёка, напрыканцы чаргі. Я часта думаю, што А. з яго дабрынёю да кожнага і абыякавасцю да матэрыяльнага знайшоў бы сябе ў манастве і наогул мог не жаніцца. Напэўна, я выглядаю сквапнаю, але за доўгія гады мяне замучыла гэтая двухсэнсоўная сітуацыя: нібыта жыццё па Евангеллі, але мне пры гэтым дрэнна. Атрымлівалася, што мы ніколі не можам нічога адкласці на выпадак, калі спатрэбіцца пайсці да лекара або набыць новы абутак замест парванага, не кажучы ўжо пра рамонт або выезд на мора. Ува мне расла незадаволенасць, і я ўбачыла сябе ў будучыні, праз 10, 20 гадоў, калі я ўжо буду на пенсіі і нічога не змагу змяніць. Я зразумела, што не хачу, каб так працягвалася далей. 

І прыблізна ў той час крызісу я пазнаёмілася на форуме з мужчынам з іншага горада. У нас аказалася агульнае хобі, турызм, якім я захаплялася са студэнцтва. Мы пачалі размаўляць, дзяліцца досведам, і паціху зблізіліся, тым больш што ў сям’і Л. была падобная сітуацыя: шмат гадоў супольнага жыцця і мала агульнага ў выніку. І я адчула блізкасць, пра якую ўжо паспела забыцца. Мы сустрэліся адзін раз, другі, разам з’ездзілі ў вандроўку, у госці адно да аднаго. І вось закахаліся… 

Здавалася б, ну і ладна, чаго б не ажаніцца, многія так робяць: разводзяцца і ствараюць новую сям’ю. Але не ўсё так проста, мы доўга жылі разам з А., ён для мяне родны і дарагі чалавек, да таго ж, мы бралі шлюб у касцёле. І Л. таксама любіць сваю жонку і паважае яе. Не столькі цяжка пачынаць новае, як завяршыць старое. Часам я фантазірую пра супольнае жыццё разам з Л., але пасля ўсведамляю рэальнасць і плачу, бо думаю, што Л. не пакіне жонку, а я застануся адзінокаю. Нашыя адносіны з А. наўрад ці могуць выправіцца: ён не зменіцца, а я не магу жыць, як раней. Напэўна, справа не ў тым, што я закахалася ў Л., а ў тым, што я не бачу супольнай будучыні з А. Калі кажуць: ахвяруй сабою, згары, як свечка, я не магу гэтага прыняць. Нельга, каб у сям’і адзін гарэў, а другі толькі прымаў гэтае цяпло, я таксама хачу быць шчасліваю…

Калі муж зразумеў, што я яму здрадзіла, ён нават сказаў, што, напэўна, нечага не змог мне даць, раз я пакахала іншага чалавека, і пачаў з большым клопатам да мяне ставіцца. Але я не ведаю, што рабіць. Ніхто ніколі не кахаў мяне так, як Л., ён сам як каменная сцяна для тых, хто побач. Мы зрэдку бачымся, часта перапісваемся і звонім адно аднаму, вельмі сумуем і не можам нават думаць пра тое, каб пакінуць адно аднаго. І пры гэтым мне дрэнна, бо я не хачу быць прычынаю распаду чужой сям’і… Мне было б прасцей, напэўна, калі б Л. мяне разлюбіў, я б папакутавала, але гэта было б хоць нейкае рашэнне. 

Я заблыталася і разумею, што спрабую заняць пазіцыю невінаватай, але гэта не так: я не справілася з выпрабаваннем, якое напаткала мяне праз дваццаць гадоў шлюбу. Жадаючы жаночага шчасця, я адмаўляюся ад вечнага, але ж так хочацца быць шчасліваю! Я цяпер спадзяюся толькі на Божую міласэрнасць. І яшчэ мне б хацелася, каб Л. сустрэў Бога, бо ён атэіст. Я прабудзіла ў ім цікаўнасць да веры, хоць і не рабіла гэтага спецыяльна, проста ён паважае тое, што вельмі каштоўна для мяне. Мне б вельмі хацелася, каб Бог быў міласцівы да нас. Я малюся, каб Бог вырашыў гэтую сітуацыю, але патрэбны час, можа, нават гады. Вось і жыву цяпер нешчаслівая: без мужа, без сямейнага шчасця і без сакрамэнтаў, і вельмі прашу Бога, каб мне застацца з Ім: калі не сакрамэнтальна, то хаця б духоўна, не забываючыся пра Яго і пра малітву. На жаль, здараецца так, што сямейнае жыццё сябе вычарпала, і ты не бачыш супольнай будучыні. Узнікае думка, што, можа, лепш дазволіць сабе другі шлюб, чым быць не­шчаслівым, але калі ты ў Касцёле, то мусіш заставацца верным, не выбіраючы: «Гэтая запаведзь мне падыходзіць, а гэтая — не, і я не буду яе выконваць». 

Са свайго сумнага досведу магу параіць сужэнцам: часцей размаўляйце, імкніцеся быць бліжэй адно да аднаго. Не дазваляйце сабе аддаляцца, бо аднойчы адлегласць можа аказацца занадта вялікаю, і вы не зможаце яе пераадолець. Трэба ўвесь час працаваць над сваімі адносінамі, у тым ліку і з псіхолагам, калі неабходна. Але абавязкова разам, каб абое жадалі змяняцца і быць адным цэлым.


Жонка

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла