Этапы жалобы

Шаноўныя чытачы, у гэты месяц асаблівай малітвы за душы памерлых мы прапануем вам фрагмент з кнігі с. Анны Чайкоўскай WDC і с. Ірэны Златкоўскай WDC «Стань каля мяне, Пане… Хрысціянскае перажыванне жалобы», якая выйшла ў выдавецтве «Про Хрысто» ў перакладзе на беларускую мову.


Як доўга сэрца напаўняе боль і смутак расстання? Як доўга працягваецца жалоба пасля адыходу ў вечнасць блізкага чалавека? Гэта ў вялікай ступені залежыць ад таго, якую частку саміх сябе, колькі любові мы ўклалі ў гэтага чалавека. Кім ён быў для нас — бацькам, мужам, жонкаю, дзіцем, сябрам?.. Якім было расстанне — доўгая хвароба, няшчасны выпадак, самагубства?.. <…>

У перажыванні жалобы агульнапрынята вылучаць восем этапаў, якія часта накладваюцца адзін на аднаго, аднак могуць быць своеасаблівымі арыенцірамі суаднясення для кожнага чалавека.

<…> Час жалобы патрэбны, неабходны для таго, каб не «замарозіць» у сабе роспачы пасля страты, каб прынятае і перажытае цярпенне магло стаць пачаткам новага жыцця. Сапраўды, час суцішвае боль расстання, але ў развіцці дапамагае толькі тады, калі ён адпаведным чынам перажыты.

Шок

Звычайна пасля смерці кагосьці блізкага мы адразу спазнаем шок. Гэта настолькі вялікае цярпенне і цяжар для чалавека, што сам арганізм, баронячыся ад роспачы, як бы блакуе ўспрыманне рэчаіснасці. Хтосьці параўнаў гэты досвед з перагрузкай электрасеткі. Калі ўзнікае рызыка, што перагараць правады, тады выбіваюцца пробкі.

Падобным чынам рэагуе арганізм у моманты вялікай роспачы і трагедыі. Тады эмацыйнае жыццё нібы «замарожваецца», чалавек страчвае ўражлівасць на ўсялякія імпульсы, а цела становіцца як бы застылым, акасцянелым. Такім чынам, чалавек у шоку застаецца знешне неадчувальным да трагедыі; пачуццё своеасаблівага ўнутранага паралічу і холаду часам можа суправаджацца некантраляваным выбухам смеху або гулам у вушах, нібы чалавек не хоча пачуць дрэннай навіны. На працягу пэўнага часу гэты стан дазваляе супраціўляцца цяжкай рэчаіснасці, аднак калі ён працягваецца занадта доўга, то можа прывесці да сур’ёзных наступстваў у жыцці чалавека і сам па сабе прынясе дадатковую страту.

Адмаўленне

Да паралізуючых вынікаў шоку звычайна дадаецца чарговы досвед — адмаўленне. Чалавек часта кажа: «Гэтага не можа быць», «Я перажываю нейкі кашмар» <…>. Калі адмаўленне працягваецца занадта доўга, яно не дазваляе па-сапраўднаму распачаць жалобу па памерлым. <…> Часам адмаўленне набывае формы, якія цяжка распазнаць. Чалавек можа цалкам аддацца нейкаму занятку, шукаць вінаватага ў смерці, падтрымліваць пачуццё прысутнасці таго, хто адышоў, захоўваючы некранутымі пакінутыя ім прадметы і месцы, у якіх ён жыў; чалавек таксама можа пачаць злоўжываць лекамі і алкаголем або хутка завязаць новыя адносіны, каб суцешыцца.

Выяўленне пачуццяў і эмоцый

Для таго, каб чалавек сапраўды ўвайшоў у стан жалобы пасля шоку і адмаўлення, ён павінен прайсці праз яшчэ адно вельмі цяжкае і трагічнае выпрабаванне — выяўленне пачуццяў і эмоцый. Многія людзі, асабліва пакінутыя сам-насам, не адважваюцца прайсці праз гэты этап і тым больш перажыць яго ва ўсёй вастрыні, бо тут узнікаюць шматлікія супярэчлівыя пачуцці: любоў і гнеў, пачуццё віны і вызвалення — ажно да моцнага болю ад поўнага ўсведамлення таго, што ўсё скончылася. Нашае няўменне выказваць гэтыя пачуцці прыводзіць да таго, што псіхічна мы не можам адпусціць любімага чалавека, які ўжо адышоў. Таму патрэбны і неабходны наш бунт і лямант, скіраваны нават да Бога: «Як Ты мог такое дапусціць?» Неабходна ўвайсці ў «цёмны тунэль» гэтага выпрабавання, каб паволі выйсці да святла новага жыцця.

Пераадоленне ізаляцыі ад свету і людзей

Толькі перажыванне папярэдняга этапу дазваляе прайсці праз чарговы досвед — пераадолець ізаляцыю ад свету і людзей. Гэта час на тое, каб завяршыць справы, звязаныя са страчаным чалавекам: выканаць яго абяцанні, раздаць пакінутае адзенне, паставіць помнік… Такія на першы погляд празаічныя справы ўсё ж вельмі важныя для хуткага завяршэння жалобы.

Пазнанне сэнсу страты

Гэты этап, перажыты адпаведным чынам, таксама дазваляе прыйсці ў сябе пасля таго, што здарылася, і паступова рас­крыць сэнс спазнанай страты. <…> Магчыма, менавіта так, як гэта сталася ў жыцці дзяўчыны, у якой памерла любімая бабуля. Мажэна піша ў сваім сведчанні: «Я хацела б падзяліцца досведам смерці блізкага мне чалавека — маёй бабулі. Падзяліцца тым, які сэнс яе смерць мела для мяне асабіста, што важнага я тады адкрыла.

Бабуля была для мяне калісьці самым блізкім чалавекам, бо адорвала мяне безумоўнаю любоўю і прыняццем, можа, нават коштам увагі да іншых членаў сям’і… Ведаю толькі тое, што я была для яе вельмі важнаю.

Перад смерцю яна захварэла і апошнія гады свайго жыцця правяла ў ложку. На жаль, я рэдка яе наведвала. Падчас апошняй сустрэчы, за два гады да яе смерці, на развітанне яна сказала мне, каб я ніколі пра яе не забывала. Я паабяцала. І забылася… Так моцна занятая ў той час сваімі праблемамі, я не наведвала яе. Адгаворкаю было тое, што бабуля жыве далёка. На самай справе я баялася ўбачыць яе цярпенне. З бадзёрай і жыццярадаснай бабулькі яна раптам ператварылася ў бездапаможнага і слабога чалавека. Цяпер я ведаю, што яна не чакала ад мяне нейкай канкрэтнай знешняй дапамогі. Дастаткова было толькі пабыць побач, выслухаць яе, сказаць добрае слова… А я яе пакінула… Пасля бабулінай смерці я зразумела штосьці вельмі важнае.

У маёй галаве моцна гучалі словы з верша кс. Яна Твардоўскага: „Спяшаймася любіць людзей, яны так хутка адыходзяць…“ Тады я зразумела, наколькі важная для мяне мая сям’я — бацькі, браты і сёстры. Усе гэтыя звады, спрэчкі, сваркі… Усё гэта такое неістотнае. <…> Пасля смерці бабулі ў мяне былі вельмі моцныя згрызоты сумлення. Па гэтай прычыне і па некаторых іншых я пачала кожны дзень хадзіць у касцёл на святую Імшу. І працягваю рабіць гэта далей…»

Прабачэнне

Такім чынам этап адкрыцця сэнсу спазнанай страты вядзе нас перш за ўсё да ўнутранай згоды, да досведу прабачэння — самому сабе і памерламу чалавеку. <…> Важна не толькі прабачыць сабе, але і перапрасіць памерлага за тое, што мы рэдка гаварылі яму «люблю», што часта аказваліся не на вышыні, што прыкладалі недастаткова намаганняў, каб прадухіліць хваробу ці смерць… <…> Вельмі важна пазбыцца рэшткаў унутранага гневу з прычыны цяжкасцяў, перад якімі паставіў нас любімы чалавек з-за свайго адыходу. Калі мы прабачым яму свой унутраны боль, адзіноту, якую ён пакінуў пасля сябе, усе клопаты, якія мы павінны былі ўзяць на сябе пасля яго смерці, і іншыя падобныя рэчы, тады знікне душэўная горыч і ўкрытая глыбока ў сэрцы крыўда на памерлага.

Успадкаванне

У той момант, калі, здаецца, рана ўжо крыху загаілася, многія людзі заўважаюць, што перыяд жалобы завяршаецца. Аднак для таго, каб сапраўды распачаць «новае жыццё», трэба зрабіць яшчэ адзін крок: неабходна нанова прыняць чалавека, які ад нас адышоў, з усёю яго «спадчынаю». Этап успадкавання — гэта перажыванне радасці ад новай, ужо іншай, прысутнасці ў нашым жыцці чалавека, якога мы адорвалі любоўю. Ён, уступіўшы пасля смерці ў вечнае жыццё, праз веру і любоў заўсёды знаходзіцца побач з намі і яшчэ больш прагне нашага шчасця. Таму можна — і нават трэба — пытацца ў Бога на малітве пра тое, чаго гэты чалавек цяпер ад нас чакае, што яго суцешыла б… Але перш за ўсё трэба даручаць яго ў гэтай малітве Богу, каб ён мог цешыцца з радасці прабывання ў небе.

Годнае завяршэнне жалобы

<…> Важна, каб быў які-не­будзь знешні знак завяршэння нашага развітання. Калісьці гэта была змена колеру адзення, якое чалавек насіў падчас жалобы. <…> Тут цяжка прапаноўваць нейкія канкрэтныя знакі выяўлення гэтага моманту, бо кожны павінен знайсці свой спосаб выхаду з жалобы — такі, які падкажа яму ўласнае сэрца.

Колькі часу патрэбна для таго, каб перажыць расстанне з блізкім чалавем, які адышоў ад нас? Агульнапрынята, што яно працягваецца прынамсі дзевяць месяцаў — столькі, колькі доўжыцца перыяд ад зачацця да нараджэння. Глыбокая жалоба пасля страты любімага чалавека звычайна працягваецца каля двух гадоў. Аднак важная не працягласць часу жалобы, а тое, як мы здолеем перажыць гэты час. <…> Калі мы не будзем старацца любым коштам забыць пра яго, калі не «замарозім» сваіх пачуццяў і не зробім сваё сэрца каменным, тады мы адкрыем у сабе больш глыбокую здольнасць любіць і больш поўнае вымярэнне сэнсу чалавечага жыцця, тады мы ў поўнай меры адчуем духоўнае багацце, звязанае з таямніцаю ўваскрасення…


Пераклала з польскай мовы
Ганна Шаўчэнка

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла