«Нарадзіліся ў сэрцы»...

Восьмая Божая запаведзь заклікае хрысціянаў: «Не сведчы фальшыва супраць бліжняга твайго». А гэта — і не падманвай, не асуджай, не данось. Многія, нават практыкуючыя вернікі, не заўсёды ўсведамляюць усю цяжкасць гэтага граху, адносячы яго да лёгкіх правінаў.


А вось што піша пра гэты грэх у сваёй кнізе «Бог даў мне другі шанец» містычка Глорыя Пола, якая перажыла ў 1995 годзе клінічную смерць: «Усялякі падман — гэта падман. Д’ябал — айцец хлусні і падманшчык з самага пачатку. Як няма маленькай хлусні, няма хлусні па неабходнасці альбо з ветлівасці, з міласэрнасці альбо з жалю, няма і мноства яе відаў, якія выдумаў крывадушны чалавек, натхнёны злым духам. <…> Я жахліва здзекавалася з людзей, калі на ўвесь свет распаўсюджвала плёткі, калі над кімсьці насміхалася альбо легкадумна давала некаму абразлівую мянушку і ўсім пра яе расказвала. Вы нават уявіць сабе не можаце, як цяжка такія дзеянні раняць тых, пра каго мы зласліва гаворым. Мне было паказана, што чалавека можна забіць не толькі выстралам з пісталета, але і злым словам».

Сёння ў кантэксце восьмай Божай запаведзі хочацца расказаць пра сям’ю Арцішэўскіх, якія 12 гадоў таму ўзялі з Дзіцячага дома семярых малых дзяцей і ўсынавілі іх. 8 гадоў таму мы ўжо пісалі пра іх. Гэта быў унікальны выпадак у нашай краіне, бо дзяцей у асноўным бяруць у апеку, афармляюць «прыёмную сям’ю», а вось усынаўляюць адзінкі. Калі Сяргей і Таццяна Арцішэўскія падалі дакументы на ўсынаўленне іх першынца Андрэя, у Цэнтры па ўсынаўленні іх доўга ўгаворвалі ўзяць апеку над ім альбо аформіць як «прыёмную сям’ю», дзе бацькі лічацца выхавацелямі і атрымліваюць зарплату, а за дзецьмі застаюцца ўсе ільготы сіротаў. Аднак сужэнцы цвёрда вырашылі ўсынаўляць хлопчыка, каб гэта было іх дзіця з прозві­шчам Арцішэўскі, з імем па бацьку — Сяргеевіч. Пазней гэтыя людзі ўсынавілі яшчэ шасцёра дзяцей! Пяцёра дзяцей — Андрэй, Георгій, Фёдар, Аня, Надзя — былі амаль аднаго ўзросту — ад 1 годзіка да 3-х.

Шматдзетная сям’я Арці­шэў­скіх заўсёды адчувае на сабе пільную ўвагу. Часта чуюць пытанне: «І не цяжка вам?»

— Цяжка нам не з дзецьмі, — гаворыць Сяргей, — цяжка з тымі, хто часам нас акружае. Многія лічаць, што дзяцей мы ўзялі з нейкімі карыслівымі мэтамі. Нам нават давялося ў свой час дачу прадаць, бо суседзі не давалі жыцця, арганізаваўшы цэлае «даследаванне»: адкуль у нас машына, адкуль у нас кватэра і навошта нам столькі дзяцей. Пляткарылі, дзе толькі магчыма. На жаль, у касцёле таксама сустракаюцца людзі, якія сваёю жорсткаю падазронасцю і абмовамі прыносяць нам шмат болю...

Сям’я Арцішэўскіх жыла спачатку ў Мінску, потым пераехала ў вёску Дзікшняны, што недалёка ад Радашковічаў, і вось ужо некалькі гадоў жыве ў Красным пад Маладзечна. Маюць вялікую гаспадарку: 7 в’етнамскіх свіней, казу, 50 курэй і індыкоў. Каля хаты — 50 сотак зямлі, дзе вырошчваецца гародніна і садавіна. Адразу ж за агародам цячэ цудоўная рэчка. А самае галоўнае — недалёка касцёл. Для сям’і гэта вельмі важна, бо жыцця свайго яны ўжо не ўяўляюць без Бога. Але так было не заўсёды.

У абоіх сужэнцаў за плячыма вельмі няпростае жыццё. У маладосці Сяргей іграў на гітары і спяваў у рэстаранах. Непрыкметна пачаў злоўжываць алкаголем. На той час ён быў жанаты, але сям’я распалася. Ад першага шлюбу мае сёння ўжо дарослага сына і ўнука. Таццяна гадавалася ў сям’і, дзе бацькі таксама злоўжывалі алкаголем, таму яна рана з’ехала ад іх. Перажыла шмат нягодаў і выпрабаванняў, але міласэрны Бог прыйшоў у свой час на дапамогу і Сяргею, і Таццяне.

Яны пазнаёміліся ў мінскім Чырвоным касцёле, калі пачалі наведваць суполку «Каштоўная пярліна». Праз нейкі час павянчаліся, а гэта ўжо 16 гадоў таму. Ёй на той момант было 28 гадоў, а яму 44. Вельмі хацелі і чакалі дзяцей, але іх не было, таму вырашылі ўсынавіць. Вельмі сур’ёзна аднесліся да гэтай справы — наведвалі розныя спецыяльныя курсы, прасілі благаслаўлення святара і нават біскупа Антонія Дзям’янкі. Дарэчы, Сяргей і Таццяна скончылі тэалагічны каледж, ён — у Варшаве, яна – у Мінску. Усіх дзяцей ахрысцілі, шасцёра давялі да споведзі і святой Камуніі, толькі самая малодшая Марыйка яшчэ рыхтуецца да гэтых святых сакрамэнтаў. Усе хлопцы — міністранты, двое старэйшых былі некалькі разоў на рэкалекцыях па распазнанні паклікання. Вось ужо 3 гады яны ездзяць на веласіпедах з пілігрымкай у Будслаў. Тата Сяргей суправаджае іх на сваім мікрааўтобусе, падвозячы рэчы ўсіх пілігрымаў, а таксама гатуючы ім ежу. Андрэй і Георгій хадзілі нават у пілігрымку з Баранавічаў у Лагішын. Мама Таня гаворыць, што цяга да пілігрымак ва ўсіх дзяцей з маленства, бо кожны год сям’я абавязкова едзе на Будслаўскі фэст.

Таццяна расказала, што ўсе дзеці, акрамя Георгія і Машы, вучацца ў музычнай школе: Андрэй — на аддзяленні гітары, Фёдар і Антон — баяна, Надзя — флейты, Аня — фартэпіяна, да таго ж Аня мае вельмі прыгожы голас. Сямейны гурт Арцішэўскіх запісаў нават свой ролік «Цячэ вада ў ярок».Усе дзеці любяць спорт, у вольны час бягуць на стадыён, удзельнічаюць у розных спаборніцтвах. Фёдар сур’ёзна займаецца боксам, мае шмат медалёў, іншых узнагародаў.

З вялікай радасцю мама Таня адзначыла, што дзеці практычна не хварэюць,
хаця, калі іх бралі з Дзіцячага дома, усе мелі сур’ёзныя праблемы са здароўем,
а некаторыя нават групы па інваліднасці. Цяпер нічога гэтага няма!

«Вядома, што сучасныя дзеці шмат часу праводзяць каля тэлевізара і камп’ютара, а як у вас з гэтым»? — пытаюся я ў бацькоў. Сяргей адказаў: «Ізаляванне ад граху не вызваляе ад граху, таму мы таксама карыстаемся сучаснымі гаджатамі, але вельмі дазіравана. Дзякуй Богу, дзеці гэта разумеюць і лішнюю гадзіну лепш пагуляюць на вуліцы альбо дапамогуць па гаспадарцы, чым будуць сядзець у камп’ютары ці ў тэлефоне».

На пытанне пра тое, ці ведаюць дзеці, што яны ўсыноўленыя, адказ Сяргея крануў мяне да слёз: «Так, яны ведаюць. Калі дзіцяці спаўнялася 5 гадоў, мы з Таццянай у далікатнай размове тлумачылі, што дзіцятка нара­джаецца двойчы — у жывоціку і ў сэрцы. Бывае і так, што малеча нараджаецца ў жываце, а ў сэрцы — не, і наадварот — нараджаецца адразу ў сэрцы. Кожны з вас нарадзіўся ў нас адразу ў сэрцы!» Тое, што гэтыя дзеці нарадзіліся і жывуць у сэрцы гэтых бацькоў, відаць адразу. Калі я па неасцярожнасці сказала:«Як жа вам пашчасціла з Андрэем (ён сапраўды вундэркінд), бацькі ў адзін голас ускрыкнулі: «А з кім нам не пашчасціла? Нам з усімі пашчасціла!» Яны доўга расказвалі пра кожнае дзіця, пра іх здольнасці, схільнасці, пра іх шчодрасць і ахвярнасць. Таня прыгадала, што свае кішэнныя грошы, якія бацькі кожнаму даюць, яны могуць аддаць ёй на кветкі, ведаючы, як мама іх любіць і засадзіла імі ўвесь падворак. Сяргей часта паўтараў, што ў іх жыцці шмат містыкі, а таксама вельмі адчувальная прысутнасць Пана Бога ў сям’і. А яшчэ ён вельмі моцна адчувае апеку сваёй даўно памерлай бабулі Стасі, якая ў 1941 годзе выратавала маладую габрэйскую сям’ю, даўшы сваё прозвішча — Арцішэўскія. Гэта былі сужэнцы Давід і Рыма і іх маленькія дзеці Якаў і Саша. І таму, калі суддзя на працэсе па ўсынаўленні дзяцей задала пытанне Сяргею і Таццяне: «А вы не баіцеся?», Сяргей адказаў: «Мая бабуля Станіслава падчас вайны не пабаялася ўзяць габрэяў, калі гэта быў голад і небяспека загі­нуць ад рук фашыстаў, дык чаго ж нам баяцца?»

Часта сужэнцы чуюць і такое пытанне: «А не баіцеся вы генаў, што маюць гэтыя дзеці?» Таня адказвае вельмі радыкальна: «А нараджаць вы не баіцеся? У вас што – ідэальныя гены ва ўсім вашым родзе, і вы гэта дакладна ведаеце? Калі баяцца генаў, то не трэба нараджаць і ўвогуле жыць!»

Не трэба быць вялікім псіхолагам, каб зразумець, што ніякай карысці Сяргей і Таццяна не шукаюць ад усынаўлення дзяцей. Гэтымі людзьмі кіруе сапраўдная шчырая любоў да дзяцей, а таксама жывая вера і бязмежны давер да Пана Бога. Галоўнае, — лічаць бацькі — даць дзецям Бога, а Бог дасць ім у жыцці ўсё, што патрэбна.


Галіна Калевіч

 

 

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла