Не сведчы фальшыва супраць сябе

Думаю, кожны з нас знаёмы з пачуццём віны, з асуджэннем самога сябе. І гэта не тое дзівоснае пачуцце, якое вядзе да пакаяння, вызвалення і супакою. Можна сведчыць фальшыва супраць бліжняга. А што, калі можна сведчыць фальшыва супраць сябе, уваходзячы ў самападман і называючы ўсё гэта пакаяннем?


Аднойчы на сустрэчы для моладзі сястра-катэхетка сказала нам намаляваць «свайго дракона» — тое, што з’яўляецца часткаю нас, нашаю прыроднаю якасцю, але адначасова з’яўляецца для нас спакусаю, прычынаю ўпадку. На той момант я калі і задумвалася пра гэта, то прынамсі ніколі не візуалізавала. А для таго, каб намаляваць, трэба было сур’ёзна задумацца, трэба было гэтага «дракона» назваць, трэба было стаць у праўдзе перад сабою...

Падумаўшы, я намалявала тры кветкі, якія вырастаюць з аднаго сцябла, побач з кветкаю — крывое люстэрка. І менавіта ў гэтым люстэрку я намалявала пачвару з трыма галовамі — гэта было падманнае адлюстраванне кветкі ў крывым люстэрку. Гэта быў мой «дракон». Кожная з кветак абазначала нейкую якасць ува мне, добрую ў Божай задумцы, якасць, з дапамогаю якой можна здзяйсняць вельмі добрыя справы. А страшнае адлюстраванне кветкі — гэта тая ж прыродная ўласцівасць, толькі скіраваная на злыя справы. Напрыклад, адна з кветак азначала маю здоль­насць да публічных выступленняў. Гэтая якасць добрая, калі прымя­няць яе для праслаўлення Бога, для карысці людзям. Адначасова яна можа быць злою, калі слу­жыць самалюбаванню і г. д.

Для чаго я гэта ўсё расказваю: пра кветкі, драконаў і люстэркі? Справа ў тым, што пасля таго выпадку я стала задумвацца пра тое, што кожнаму з нас Бог даў нейкія ўласцівасці, якія самі па сабе добрыя. І толькі пад уплывам наступстваў першароднага граху мы гэта добрае часам ператвараем у злое. Калі мы імкнёмся жыць праведна, то пачынаем змагацца не толькі з грахом, але і з тым, што прыводзіць да гэтага граху. Пад гэтае змаганне нярэдка трапляе нашая адметнасць, тая рыса характару, якую мы памылкова пачынаем падаўляць у сабе, адмаўляцца ад яе. Гэтак мы думаем, што, перамогшы «прычыну граху», мы станем праведнымі, а на справе губляем сваю адметнасць, асу­джаем сябе, і ўрэшце змаганне становіцца дарэмным, бо злы дух наносіць яшчэ больш шкоды нашаму сэрцу. Мы забіваем не толькі «дракона», але і «кветку». Вось так, мне здаецца, нас часта падманвае ўмелы ілжэц — сатана.

Галоўнаю мэтаю павінна быць змаганне са скажонымі,
атручанымі, заганнымі рысамі характару —
трэба ачышчаць іх ад злых намераў,
а не зразаць іх пад корань.

Святы Дух можа здзейсніць вялікія ўнутраныя перамены ў нас. Варта даследаваць сваё сэрца: карыстаючыся сваімі моцнымі добрымі якасцямі, трэба выяўляць небяспеку, якая можа ператвараць гэтую якасць у прычыну граху. Калі мы выяўляем свае сапраўдныя намеры, свае інтэнцыі, калі мы просім Пана Бога паказваць нам праўду пра нас, то адбываецца неверагоднае — нават калі першапачатковыя намеры былі злымі, Бог можа змяніць іх на добрыя жаданні, Бог можа дапамагчы кожнаму стаць чалавекам добрай волі.

Тая ж сястра, якая давала заданне намаляваць свайго «дракона», падказала мне адно практыкаванне, якое кожны з нас можа зрабіць у вольны час. Трэба скласці своеасаблівы спіс. Я прывяду адзін прыклад. Пішам:

  1. Добра, што ў мяне ёсць сексуальнасць — гэта мая ідэнтычнасць, дар для мяне, мой скарб.
  2. Мая памылка — вінаваціць сексуальнасць у тым, што ў мяне часам ёсць нячыстыя думкі.
  3. Выйсце — не асуджаць сябе за праяўленні сексуальнасці, якія ўзнікаюць наперакор маёй волі, разумець, што гэта нармальна, але старацца самой не правакаваць такія думкі, не працягваць іх, пераключацца.

Пад нумарам 2, 3, 4... мы далей працягваем спіс. Гэтак можна адкрыць шмат новага ў сабе, а таксама пазбавіцца асуджэння, самападману. Варта глядзець на сябе добрымі вачыма і не сведчыць фальшыва супраць сябе!


Вольга Качалка

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла