Гавары і пішы так, каб табе верылі

«Людзі не маглі б жыць разам, калі б не верылі ў тое, што яны гавораць адзін аднаму праўду», — заўважыў св. Тамаш Аквінскі ў «Суме тэалогіі». Касцёл прыводзіць гэтае пацверджанае жыццёвым вопытам правіла ў катэхізісе, каб мы разумелі, якое дабро абараняе і ахоўвае восьмая запаведзь Дэкалогу.


Калі гаварыць коратка, то яна забараняе скажаць праўду ў адносінах з іншымі людзьмі (гл. ККК, 2464). Гэта даволі агульнае азначэнне, якое ахоплівае значна больш, чым забарону клятвапарушэння, хлусні ці абгавораў. Тут маецца на мэце перш за ўсё добрае імя іншага чалавека і, як сказаў бы св. Тамаш Аквінскі, «узаемная вера», дзякуючы якой людзі могуць жыць у згодзе. Невыпадкова Ян Павел ІІ падчас візіту ў Ольштын у 1991 г. сказаў, што «гэтаю запаведдзю Бог Запавету асаблівым чынам паказвае, што чалавек створаны паводле Яго вобразу і падабенства».

Касцёл зыходзіць з таго меркавання, што мы не жывём ізалявана. Усе мы ўтвараем адзіны арганізм, крывёю якога з’яўляецца давер. <…> Многія рашэнні мы прымаем, кіруючыся толькі частковымі звесткамі. Мы не маем абсалютнага пазнання, якое гарантавала б нам беспамылковасць і абараняла б ад усялякіх памылак. Гэты прабел запаўняе давер — нябачная тканка жыцця.

Хлусня змея

Некаторыя сцвярджаюць, што з такою ўстаноўкаю мы проста нараджаемся. Іншыя — што гэта пытанне дамоўленасці, разліку ці раней набытых ведаў, а не прыроджаная рыса чалавека. Відавочна, часткова давер грунтуецца на ранейшым досведзе. Мы шмат разоў праходзілі праз скрыжаванні, і светлафоры заўсёды працуюць, хоць часам здараюцца аварыі. Стравы ў рэстаране звычайна былі свежыя і не шкодзілі нам, але атручванні здараюцца. Мы ніколі не можам з неабвержнаю ўпэўненасцю думаць, што на гэты раз дакладна нічога дрэннага не здарыцца.

У выніку гэтай непадкантрольнасці будучыні нават наш натуральны давер звязаны з выбарам, ён з’яўляецца скачком у невядо­масць. Гэта рашэнне волі, якое абапіраецца на прадчуванні дабра ў чалавеку і свеце. Дзякуючы яму мы верым, што кухар, які стаіць каля каструляў, і электрык, які праграмуе сігналізацыю, хочуць як найлепш выканаць тое, што ім належыць выконваць. Мы ўскладаем надзею не толькі на іх адукацыю і прафесійную пад­рыхтоўку. Мы верым, што яны маюць добрую волю і не хочуць нікога спецыяльна пакрыўдзіць.

Напэўна, нікога не трэба пераконваць у тым, што давер збліжае людзей. У яго атмасферы нам добра жыць і супрацоўнічаць. У той жа час працяглы страх і падман ператварае нас у адзінокія выспы, акружаныя непрыступнымі водамі. К. С. Льюіс у кнізе «Канчатковы падзел» малюе яркі вобраз пекла, у якім асуджаныя жывуць у аддаленні адзін ад аднаго. І ўсё гэта для таго, каб пазбегнуць сустрэчы з іншым чалавекам.

Спроба ўстанавіць кантакт хутка перараджаецца
ў сварку, папрокі і абмовы.
Дзеля святога супакою кожны жадае
застацца на сваёй «абкапанай» пазіцыі,
бо ў пекле ўжо няма даверу паміж людзьмі.

Інтуіцыя пісьменніка не вы­смак­таная з пальца. Езус назваў сатану «бацькам хлусні» і «чалавеказабойцам ад пачатку», які «не выстаяў у праўдзе» (Ян 8, 44). Гэта выразна відаць у аповедзе пра падзенне першых людзей, калі д’ябал спачатку выдумаў падман, каб потым яго джалам укалоць Адама і Еву. Іх першапачатковы давер грунтаваўся на слове і праўдзівасці Бога і на бачных пладах Божага клопату — папярэдне падрыхтаваным садзе, дары жыцця і блізкасці. Хлусня змея паказвае шчырасць Стварыцеля і Яго добрае імя ў крывым люстэрку. <…> Адсюль вынікае падступнае пытанне: «Ці сапраўды сказаў Бог: “Не ешце з ніякага дрэва ў раі”?» (Быц 3, 2). Заўважым, што змей як стваральнік самай трагічнай у гісторыі свету плёткі дадае квантыфікатар «з ніякага», чаго не было ў Божым наказе. Нельга было есці толькі з аднаго дрэва. <…> Змей не гаворыць наўпрост, што Бог раўнівы і сквапны, а сцвярджае гэта апасродкавана. Ніякім чынам нельга было праверыць, ці праўдзівыя наступныя словы спакушэння: «Не, не памрэце!», гэтак жа як раней не было эмпірычнага доказу таго, што парушэнне Божай забароны пагражае смерцю. <…> Відавочна, што давер лёгка падарваць, выкарыстоўваючы адпаведныя словы. Ён ператвараецца ў страх. <…> Не заўсёды ў гэтым павінны быць замешаныя яўны паклёп ці абгавор. Дастаткова нявіннага паўтарэння плётак, непацверджанай інфармацыі, распаўсюджаных меркаванняў ці абагульненняў. Такія дзеянні могуць хутка стварыць бар’еры паміж людзьмі і зрабіць немагчымаю сустрэчу паміж імі.

«Ці можа быць штосьці добрае...?»

Ахвяраю гэтага механізму стаў нават адзін з Апосталаў, Натанаэль. Святы Ян адзначае, што калі той пачуў ад Філіпа пра Месію з Назарэта, са здзіўленнем усклікнуў, кіруючыся менавіта прадузятасцю: «Ці можа быць штосьці добрае з Назарэта?» (Ян 1, 46) <…> Той, хто абгаворвае і паклёпнічае, ужо не бачыць чалавека ў чалавеку. Для яго сцёрся вобраз Бога ў бліжнім. Таму ён ацэньвае кожнага чалавека паводле іншых крытэрыяў: гэты — з той кампаніі, а гэты — з іншай; гэты чытае тую газету, а гэты — іншую; калі не такую, як я, то ўжо не буду з ім размаўляць, бо я ведаю, што ён думае. <…>

Такім чынам, восьмая запаведзь — гэта падмурак, які ахоўвае давер. Яна прадугледжвае ў тым ліку практыкаванне дзвюх падобных цнотаў: добрасумленнасці і шчырасці. Першая датычыць не толькі фінансаў і матэрыяльных дабротаў. Папа Францішак, каментуючы здраду Юды, заўважыў, што «калі мы абгаворваем аднаго чалавека перад іншым», то прадаем яго, і «гэты чалавек становіцца таварам». Такім чынам мы несвядома прыніжаем у сваім уяўленні вартасць іншага чалавека.

<…> Добрасумленнасць у першую чаргу стрымлівае нашае прагненне валодаць, якое часта цяжка закілзаць, таму што яно моцна звязана з інстынктам выжывання. У гэтую сферу вельмі часта пракрадваюцца страх і няпэўнасць. <…> Добрасумленнасць, як і мужнасць у нягодах, дапамагае перамагчы страх перад тым, што пагражае нашай стабільнасці. <…>

Другою важнаю сфераю, звязанаю з добрасумленнасцю, з’яўляецца стаўленне чалавека да праўды, адмаўленне ад фальшу, скажэння ці выдумвання фактаў, што дазволілі б нешта атрымаць ці затушаваць. <…>

Проста пакора

Сястрою добрасумленнасці з’яўляецца шчырасць. На фундаментальным узроўні яна азначае адпаведнасць паміж тым, што мы ведаем пра сябе і бліжніх, і тым, што гаворым. Тады паміж нашым унутраным і знешнім светам няма рознагалосся. Чалавек, які ведае сябе, будзе больш стрыманы ў ацэньванні іншых, бо ведае, што ён не моцна адрозніваецца ад бліжніх. <…> Шчырасці спадарожнічае простасць, якую часам называюць прастадушнасцю або просталінейнасцю. Толькі разам яны ўтвараюць зладжаны тандэм. <…>

Цнота шчырасці — гэта таксама ўменне называць рэчы сваімі імёнамі, не размыльваючы, без круцельства, пятляння, пустой балбатні, напускнога пафасу, якія часта з’яўляюцца своеасабліваю дымнаю заслонаю, што маскіруе ўнутраную пустку ці хаос. У публічнай сферы шчыры чалавек не звяртаецца да таннай дэмагогіі, папулізму ці рыторыкі, якая не прагне нічога, апрача здабыцця падтрымкі дзеля рэалізацыі сваіх скрытых мэтаў.

Гэта зусім не значыць, што заўсёды трэба гаварыць тое, што мы на самай справе адчуваем і думаем. Св. Тамаш Аквінскі піша, што «калі хтосьці гаворыць праўду пра сябе, то захоўвае залатую сярэдзіну паміж сказаным зашмат і сказаным замала». На думку св. Тамаша, няшчырасць з’яўляецца ў двух выпадках: калі хтосьці гаворыць праўду ў неадпаведны момант або хавае яе тады, калі трэба выявіць яе.

Так, я не скажу сваім сябрам, якія запрасілі мяне ў госці,
што яны купілі непрыгожы дыван,
нават калі ён сапраўды не ўражвае хараством.
Але і не буду таксама сярод іншых знаёмых
расказваць пра тое, які пасрэдны густ маюць мае сябры.

Шчыры чалавек павінен узва­жыць, ці трэба ў пэўнай сітуацыі гаварыць праўду пра сябе і іншых, а таксама зверне ўвагу на спосаб, якім ён збіраецца гэта зрабіць. Шчырасць — не эксгібіцыянізм, яна ўлічвае матывы і інтэнцыі таго, хто дзеліцца нейкаю інфармацыяй ці досведам, а таксама звяртае ўвагу на акалічнасці і духоўную сітуацыю суразмоўцы. <…>

Правінаю супраць праўды з’яўляюцца таксама грубасць і некультурнасць у паводзінах, якія дадаткова напоўненыя пачуццём уласнай беспамылковасці. Хам дзейнічае з разлікам. Таму ён сыпле праўду ў вочы, як соль, не зважаючы на акалічнасці і магчымую рэакцыю слухачоў, бо яму больш важна выказаць сваю фрустрацыю і расчараванне, чым адкрыць камусьці праўду.

Урэшце, шчырасць таксама мае адвагу прызнацца ў сваёй слабасці. Калі хтосьці паставіць перада мною цяжкае пытанне, на якое я не ведаю адказу, я не буду віцца ўюном, а проста скажу: «Не ведаю». Некаторыя людзі не могуць прызнацца, што чагосьці не ведаюць; яны баяцца, што гэта занадта прынізіць іх і праб’е шарык завышанага меркавання пра сябе. Усё часцей лічыцца, што няведанне закранае чыйсьці гонар, таму шчырасць крочыць поруч з пакораю, якая захоўвае межы і не ўспрымае гэта як нешта ганебнае. Такім чынам, мы вяртаемся да самага пачатку. Хлусня змея перасунула межы. А потым ужо ўсё пасыпалася...


Дар’юш Пяркоўскі SJ
Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка
Паводле: «W drodze», № 8, 2018 г.

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла