Жаль за грахі — свабода ў любові

З розных бакоў мы чуем галасы, якія пераконваюць нас ці то ў нашай дасканаласці, ці то ў нікчэмнасці, што ў сваю чаргу можа мець значны ўплыў на наш духоўны стан. Але чалавек быў бы неразважлівым, калі б празмерна прыслухоўваўся да меркавання іншых, а сам не імкнуўся пазнаваць сябе ў Божым святле. Паколькі я пішу найперш для веруючых людзей, хоць хацеў бы дапамагчы таксама тым, хто ў пошуку праўды або сумняваецца ў любові Бога, то лічу, што чытачы дбаюць менавіта пра камунію з Богам, а праз гэта набліжаюцца да Ягонай любові і адкрываюць праўду пра сябе перад Яго абліччам. 


Божы дар і чалавечы адказ

Сакрамэнт споведзі, ды і сам жаль за грахі, мы часам лічым урачыстым перапрашэннем Бога, якое мае сваю форму, адпаведныя словы, знешнія знакі і, канешне, прызнанне ў сваіх грахах. Споведзь — сапраўды ўрачысты акт, асабліва формула прабачэння грахоў, называная абсалюцыяй, аднак трэба памятаць, што абрад — гэта толькі бачны элемент духоўнай сустрэчы чалавека з Богам, якая здзяйсняецца ўнутры чалавека, падмацаванага ласкаю. Мэтаю жалю ёсць жаданне стаць у праўдзе перад міласэрным Хрыстом, каб быць вартым прыняць Яго дар аздараўлення і прабачэння. 

Паколькі чалавек памыляецца ў сваім пазнанні, асабліва калі абапіраецца толькі на пачуцці, то яму неабходна маліцца аб дапамозе Бога як для добрага рахунку сумлення, так і для жалю. Бог дае ласку раскаяння, аднак чалавеку трэба супрацоўнічаць з ёю сваім розумам, воляю і пачуццямі. Недастаткова адной малітвы ў перакананні, што Бог можа ўсё і сам скрушыць маё сэрца! Мала таксама спадзявацца толькі на ўласныя магчымасці! Кожны наш чын павінен распачынацца з малітвы. Чым больш яна будзе пакорнай, даверлівай, трывалай, тым большы прынясе плён. Да сказанага вышэй трэба яшчэ дадаць, што шчыры жаль за грахі нараджаецца пры адкрыцці свайго месца і стану ў гісторыі збаўлення, якую Бог ажыццяўляе ў кожным з нас. Таму такую важную ролю адыгрывае менавіта пастаяннае развіццё духоўнага жыцця. Варта памятаць, што да споведзі мы рыхтуемся не напярэдадні ці ў чарзе перад канфесіяналам, але кожны дзень, трываючы ў камуніі з Богам.  

Дасканалы жаль 

У залежнасці ад матывацыі, жаль можа быць дасканалым (contritio) або недасканалым (attritio). Калі жаль вынікае з любові да Бога, якога веруючая асоба любіць па-над усім, то ён называецца «дасканалым», або «жалем з любові» (пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1452). Менавіта такі жаль схіляе глыбока веруючага чалавека да споведзі. Калі ў цэнтры майго жыцця ёсць Бог, то я разумею, што кожны грэх пярэчыць маёй любові да Яго, раніць, а часам нявечыць яе, таму імкнуся да паяднання дзеля самога Бога. Недасканалая аналогія: калі хтосьці любіць нейкага чалавека (напр., у сужэнстве, сям’і ці ў сяброўстве), то яскрава бачыць усялякія «грахі» са свайго боку і пакутуе па прычыне ўчыненага не дзеля самога сябе, але з любові да іншай асобы. Пазнанне свайго стану вядзе ў дадзеным выпадку да ўнутранага болю і нежадання паўторна правініцца. Тут мы маем справу з сакрамэнтальным жалем, які катэхізіс апісвае як боль душы і агіду да граху з пастанаўленнем не грашыць у будучыні. 

Дзеля дасканалага жалю трэба мець любоў да Бога, якая як тэалагальная цнота ўдзяляецца чалавеку падчас хросту. Кожны ахрышчаны атрымаў, калі так можна сказаць, «інструмент», дзякуючы якому можа любіць Бога ўсім сэрцам, усёй душою, усім розумам і ўсёй моцаю, а бліжняга — як самога сябе (пар. Мк 28, 30–31). Мы пакліканы развіваць гэты Божы дар, а найвярнейшая дарога да павелічэння любові — дзяліцца ёю, практыкаваць яе. Папа Бэнэдыкт напісаў, што любоў узрастае праз любоў (пар. энцыкліка Deus caritas est, 18). У Святым Пісанні чытаем: «У любові няма страху, але дасканалая любоў праганяе страх, бо страх ёсць з-за боязі перад пакараннем; хто баіцца, той недасканалы ў любові» (1 Ян 4, 18).

Дасканалы жаль можна воб­разна растлумачыць як тугу па Богу. Можам уявіць сабе сына, які правініўся перад сваім бацькам і схаваўся ад яго. Раздумваючы пра свой учынак, ён усвядоміў, што яго чакае тата, які заўсёды любіць і клапоціцца пра яго. Сын у гэты момант адчувае ўжо не страх перад магчымым справядлівым пакараннем, а тугу па бацьку і боль з-за таго, што яго абразіў. Гэтак жа, калі вернік прыходзіць да споведзі, ён павінен імкнуцца да жалю з любові. Кажучы коратка, чалавек, які мае дасканалы жаль, думае не пра сябе, а пра Бога і прагне як найхутчэй вярнуцца да Яго.

Катэхізіс навучае, што праз дасканалы жаль вернік атрымлівае прабачэнне штодзённых грахоў, а таксама смяротных грахоў, калі яго жаль спалучаны з моцнаю пастановаю прыступіць да сакрамэнтальнай споведзі пры бліжэйшай магчымасці (пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1452). Такім чынам, варта вучыцца жалю з любові, бо дзякуючы яму мы не толькі атрымліваем павелічэнне ласкі, умацаванне ў любові, але таксама можам паяднацца з Богам у небяспецы смерці, калі споведзь не была б магчымаю (напр., падчас падарожжа, катаклізмаў, ваенных дзе­янняў ці па прычыне адсутнасці святара, які мог бы прыняць нашу споведзь). Трэба заўсёды памятаць, што калі Бог у падобнай сітуацыі выратуе нашае жыццё, то, нават і ўзбудзіўшы дасканалы жаль, мы павінны як мага хутчэй прыступіць да споведзі. 

Жаль, менш дасканалы

Кожны вернік, які сур’ёзна будуе свае адносіны з Богам, імкнецца вучыцца ўзбуджаць у сабе дасканалы жаль і моліцца аб ім. Не заўсёды, аднак, матывацыяй жалю і прагнення паяднацца з Богам ёсць любоў. Як у штодзённым жыцці, так і ў адносінах з Богам, людзі часта кіруюцца асабістай карысцю, любоўю да сябе або страхам, якія мабілізуюць да адпаведных паводзінаў, пераменаў ці дзеянняў. Катэхізіс вучыць, што жаль, які называецца «недасканалым», таксама ёсць Божым дарам і ўзнікае з разважання над агідаю граху або са страху перад вечным асуджэннем ці іншымі пакараннямі, якія пагражаюць чалавеку (пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1453).

 

Тэрмін «недасканалы» можа спалохаць чалавека або збян­тэ­жыць. Аднак нельга думаць, што жаль са страху не мае вартасці ці з’яўляецца нядобрым. Згодна з вучэннем Касцёла, дастаткова мець такі жаль, каб атрымаць прабачэнне грахоў у сакрамэнце споведзі. Можам сказаць, што чалавек абуджае ў сабе жаль дзеля ўласнага дабра, баючыся, напрыклад, трапіць у пекла, што ў сваю чаргу трэба лічыць слушным. Такі страх вядзе да паяднання з Богам і атрымання прабачэння дзеля вечнага жыцця. Памятаем словы Хрыста: «Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць; а больш бойцеся таго, хто можа душу і цела загубіць у геене» (Мц 10, 28). Праз недасканалы жаль чалавек дбае больш пра сябе, чым пра славу Бога, аднак ён адкрываецца на дзеянне Ягонай ласкі і прагне любіць па-сапраўднаму, таму і недасканалы жаль з’яўляецца важным крокам да духоўнага развіцця.

Раю чытачам паразважаць пра жаль на прыкладзе прыпавесці пра міласэрнага айца (гл. Лк 15, 11–32). Пан Езус паказвае там развіццё жалю ў чалавеку, які зграшыў. Спачатку блудны сын думае толькі пра натуральныя патрэбы і пра тое, што2 страціў праз свае грахі, адчуваючы свой сум. Пазней ён разумее, што абразіў не толькі бацьку, але і Бога, і гэта выклікае ў ім духоўны боль, таму ён вырашае ісці дамоў, каб выказаць сваё раскаянне і жаль, а таксама прыняць справядлівае пакаранне. Такі жаль вядзе да перамены і адкрывае грэшніка на дзеянне Божай ласкі ў сакрамэнце споведзі.

Дух Святы! Напаўняй жа нашыя сэрцы, розум і волю Тваім святлом, распалі ў нас агонь Божай любові, каб мы пазнавалі свае грахі і ўмелі буджаць у сабе жаль за іх дзеля любові да Бога.


Айцец Аркадзь Куляха OCD —
 духоўны айцец Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі
імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. Пасля заканчэння сярэдняй школы ўступіў
у ордэн кармэлітаў босых. Семінарыю пры ордэне скончыў у Кракаве,
дзе ў 1993 г.атрымаў святарскае пасвячэнне. Працаваў у Гудагаі і Нарачы.
Абараніў ліцэнцыят па маральнай тэалогіі ў Люблінскім каталіцкім універсітэце.


Іншыя артыкулы гэтага аўтара:

 
старые отсос по звонку. Гифки. кабинет врача Большой ресурс с бесплатным порно видео
© 2020 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла