Роднасць Маці Божай з Найсвяцейшаю Тройцаю. Разважанні слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага

Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі, углядаючыся ў асобу Маці Божай, разважаў таксама і над ласкамі, якімі адарыў Яе Пан Бог. Ён піша ў тым ліку пра такія дары, як «аб’яўленні (падчас анёльскага Звеставання), дар прароцтва (гімн Magnificat), асаблівай апекі (у сумненнях св. Юзафа, падчас пераследу з боку Ірада), выслуханай малітвы (напрыклад, у Кане Галілейскай), шматгадовага прабывання побач з Панам Езусам, важнага ўдзелу ў Яго цярпеннях, дар прыпадабнення да Яго ўкрытага жыцця, ласка Унебаўзяцця, роля Апякункі і Настаўніцы Хрыстовага Касцёла на зямлі, а таксама Панны і Каралевы Сусвету»1 (RM 317).


Уводзячы чытача ў свет ласкаў, у якім існавала і існуе Маці Божая, слуга Божы кажа: «Любоў Божая жадала, каб Марыя, акрамя з’яднання ў ласцы (на зямлі) і ў хвале (у небе), мела яшчэ адзін вузельчык, які б злучаў Яе з Богам і вылучаў сярод іншых, а менавіта affinitatem quasi naturalem — быццам натуральная роднасць» (RM 318; гл. RM 308 і наст.) .

Як слуга Божы аргументуе свой тэзіс пра роднасць Маці Божай з Найсвяцейшаю Тройцаю? 

Марыя і Найсвяцейшая Тройца

«Дзякуючы свайму мацярынству Марыя дасягнула найвышэйшай ступені (апагею) сваёй велічы. Яна ўзнеслася па-над усімі стварэннямі — super omnem creaturam puram — і стала на мяжы вечнасці. Яна, святая, беззаганная, наймілейшая, стала бліжэй за ўсіх да Бога, ствараючы роднасць з Найсвяцейшаю Тройцаю, бо Сын Марыі ёсць Богам адзіным» (RM 319).

«Праз чалавечую існасць, якую Сын Божы прыняў ад сваёй Маці як другую прыроду сваёй Боскай Асобы, Марыя ўвайшла ў адносіны роднасці з Боскаю прыродаю <…>. Па-за спалучэннем прыроды стварэння з Боскасцю, якое праявілася ў Асобе Езуса Хрыста, не можа быць большага збліжэння чалавечага і Боскага за тое, якое здзейснілася ў мацярынстве Марыі. І гэта вялікая таямніца»2 (R 206).

Як заўважае слуга Божы, характар гэтай роднасці становіцца яшчэ больш выразным, калі мы разважаем над адносінамі, якія звязвалі Марыю з кожнай з Асобаў Найсвяцейшай Тройцы. 

Марыя і Бог Айцец

«Марыя ёсць Маці таго ж Сына, які ёсць Сынам Спрадвечнага Айца, (адзінасутным Айцу), а знешняе праяўленне гэтых дзвюх формаў сыноўства падобнае, бо дзявоцтва Той, якая нарадзіла, не было парушана. Зачаўшы Сына не звычайным для істотаў цялесных чынам, а дзякуючы веры, Марыя паддала свой розум Айцу, які сам нарадзіў Спрадвечнага Сына пазнаннем і розумам. Solus enim sine peccato est natus, quem sine virili complexu non concupiscentia carnis, sed obedientia geniut mentis3» (RM 319).

Марыя і Сын Божы

«Для Бога Сына Марыя ёсць Маці, якая дала Яму сваё цела, каб яно сталася Яго целам. Дзіцем Хрыстус заставаўся пад Яе апекаю, пазней падчас усёй зямной пілігрымкі ставіўся да Яе як да Маці, не перастаючы быць Яе Сынам ні ў гадзіну крыжовай смерці, ні падчас ўваскрасення, ні сёння, ні ў вечнасці. Езус учыніў Яе ўнутрана і ў жыццёвых шляхах падобнаю да сябе і адарыў ласкаю быць Саўдзельніцаю ўсіх сваіх збаўчых справаў. Праз Марыю Бог Айцец здабыў уладу над Сынам, які быў Яму роўным4; ды, як кажа адзін тэолаг: Той, хто дзякуючы вечнаму існаванню апераджае (пераўзыходзіць) Найсвяцейшую Панну Марыю ў паходжанні свайго Сына5, не апераджае Яе ў павазе адносна Сына6. А Бог Сын дзякуючы Марыі атрымаў існаванне ў новай натуры, у якой у Хрысце больш дасканала, чым усе разам узятыя стварэнні, праяўляецца Божая дасканаласць і яднаюцца Боскасць са стварэннем» (RM 319 і наст.).

Марыя і Дух Святы

«Праз Марыю сваю ўсёмагутнасць і любоў праявіла і трэцяя Асоба Найсвяцейшай Тройцы, паставіўшы чалавека настолькі блізка да Бога, што з’яднала іх у адну Асобу і ўчыніла жанчыну Божаю Маці» (RM 320).

Рэфлексія

«Боскае мацярынства Марыі і Яе адносіны з трыма Асобамі Найсвяцейшай Тройцы па годнасці ўзносяць Яе па-над усімі іншымі стварэннямі — creature purae — і пераўзыходзяць звычайны парадак ласкі і хвалы» (RM 320).

Сапраўды, Марыя годная ўсялякай пашаны, бо Бог Айцец вырашыў даць Ёй у сыны свайго Адзінароднага Сына, якога, нарадзіўшы, палюбіў ад усяго сэрца як роўнага сабе. Бог Айцец учыніў гэта такім чынам, каб той жа самы Езус быў сапраўдным Сынам як для Бога, так і для Дзевы. Сын жа сам выбраў Яе сабе за Маці, а Дух Святы ўчыніў так, што ў Дзеве быў зачаты і Ёю народжаны Той, ад якога і паходзіць Дух Божы. 


Падрыхтаваў кс. Станіслаў Паўліна fDP
Пераклад з польскай мовы
Дар’і Ахламёнак


Малітва аб беатыфікацыі слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага

О Божа, тройчы Святы і поўны дабрыні, які ў небе вечна валадарыш, а на зямлі абуджаеш прагненне святасці ў сэрцах чалавечых і даеш моц для яе здзяйснення, дазволь, каб быў залічаны да ліку благаслаўлёных Твой верны cлуга біскуп Зыгмунт. Няхай праз яго беатыфікацыю Касцёл атрымае новага заступніка, а наша Айчына — свайго апекуна перад Тронам Тваёй велічы. Няхай праз акт беатыфікацыі Апостальская Сталіца пакажа духавенству і вернікам прыгожы ўзор для наследавання. Няхай прыклад яго жыцця, поўнага духу веры, надзеі ў цярпеннях і любові ва ўсім, што ён думаў, казаў і чыніў, абуджае нас да жыцця па яго прыкладзе. Усёмагутны Божа, учыні, каб праз цудоўны знак аздараўлення ці навяртання, атрыманы праз заступніцтва слугі Божага, аб’явілася Твая воля. 

Маці Найсвяцейшая, якую так горача любіў і якой аддаваў пашану біскуп Зыгмунт, дапамажы, каб Твой слуга, урачыста беатыфікаваны, цешыўся хвалою святых у небе, а на зямлі паказваў дарогу да Айца, Сына і Духа Святога. Амэн.

Малітва аб Божай ласцы праз заступніцтва слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага

Божа! Ты ўзнагародзіў слугу свайго, біскупа Зыгмунта, не­звычайнымі цнотамі, учыні, каб для пацвярджэння яго святасці і хутчэйшай беатыфікацыі я атрымаў праз яго заступніцтва ласку … (назваць інтэнцыю), аб чым пакорна прашу. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...

_________

1 Łoziński, Z., Rozważania Majowe dla duchowieństwa. — Poznań, 1927. Далей спасылкі на гэтую крыніцу падаюцца ў дужках скарачэннем «RM». 
2 Łoziński, Z., Święty Różaniec. — Pińsk, 1931. Далей спасылкі на гэтую крыніцу падаюцца ў дужках скарачэннем «R». 
3 Бо толькі Ён адзін нарадзіўся без граху, без удзелу мужчыны, Яна [Марыя] не ад жадання цела, але праз паслухмянасць розуму нарадзіла Яго (S. Aug. Aserm 13 de Temp.).
4 Бог Айцец у Святой Тройцы — роўны Сыну і не пануе над Ім, аднак Хрыстус праз уцелаўленне і нараджэнне з Марыі стаў чалавекам, «падуладным» Айцу. — Заўв. перакл.
5 Сын існаваў у Тройцы раней, чым Яго зачала і нарадзіла Марыя, — Ён з Айца народжаны перад усімі вякамі. — Заўв. перакл.
6 Ва ўлонні Марыі і дзякуючы Ёй распачынаецца пашана ў часе да Сына, які ўжо існаваў адвечна. — Заўв. перакл.

 
старые отсос по звонку. Гифки. кабинет врача Большой ресурс с бесплатным порно видео
© 2020 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла