Выхаванне моладзі для справядлівасці і міру

З Паслання Святога Айца Бэнэдыкта XVI
на XLV Сусветны дзень міру 1 студзеня 2012 года

На пачатку новага года Святы Айцец звярнуўся да вернікаў і ўсіх людзей добрай волі з Пасланнем з нагоды Сусветнага дня міру. Сёлетняе пасланне — плён глыбокага разважання над тым, што можа ў сучаснай сітуацыі глабальнага крызісу, які ахапіў увесь свет і непакоіць амаль кожнага чалавека, а асабліва моладзь, даць сілы, каб не паддацца дэпрэсіі перад абліччам нягодаў і «глядзець у будучыню з абгрунтаванай надзеяй». Гэтая надзея звязана з выхаваннем моладзі ў духу справядлівасці і міру, выхаваннем, заснаваным на праўдзе і сапраўднай свабодзе — на тым, чаго найбольш прагне чалавек і што немагчыма без «радыкальнага звароту да Бога, які з’яўляецца крытэрыем справядлівасці і адначасова вечнаю любоўю».

Адказнасць за выхаванне маладых людзей ляжыць у першую чаргу на сям’і, у якой дзеці вучацца чалавечым і хрысціянскім каштоўнасцям, што забяспечваюць канструктыўнае і мірнае сужыццё, а таксама салідарнасць паміж рознымі пакаленнямі, пашану прынцыпаў, прабачэнне іншым і адкрытасць у адносінах да іх. Пантыфік указвае таксама на важную ролю тых, хто займаецца справай выхавання ў адпаведных установах, палітыкаў і сродкаў масавай інфармацыі, якія могуць уносіць значны ўклад у фармаванне моладзі.

Бэнэдыкт XVI выдзяляе ў падыходзе да адпаведнага выхавання моладзі асноўныя моманты, якія далі назву раздзелам Паслання: выхоўваць для праўды і свабоды, выхоўваць для справядлівасці, выхоўваць для міру, узнімаць вочы да Бога.

Прапануем чытачам фрагмент з Паслання Святога Айца. На сайце catholic.by можна таксама азнаёміцца з каментарам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да Паслання папы Бэнэдыкта XVI на XLV Сусветны дзень міру 1 студзеня 2012 года1.


Узнімаць вочы да Бога

6. Перад абліччам цяжкага выкліку, якім з’яўляецца патрабаванне крочыць шляхамі справядлівасці і міру, мы можам адчуваць спакусу да таго, каб спытацца, як аўтар псальмаў: «Узнімаю вочы свае да вышыняў: адкуль прыйдзе мая дапамога?» (Пс 121 [120], 1).

Усім, і асабліва маладым людзям, хачу цвёрда сказаць: «Не ідэалогіі збаўляюць свет, а толькі звярот да жывога Бога, нашага Стварыцеля, гаранта нашай свабоды, гаранта таго, што сапраўды добрае і сапраўднае, <...> радыкальны зварот да Бога, які з’яўляецца крытэрыем справядлівасці і адначасова вечнаю любоўю. А што магло б нас збавіць, калі не любоў?»2. Любоў радуецца разам з праўдаю, яна ёсць тою сілаю, што робіць здольным выступаць у абарону праўды, справядлівасці і міру, бо яна ўсё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць (пар. 1 Кар 13, 1–13).

Дарагая моладзь, вы з’яўляецеся каштоўным дарам для грамадства. Не дапусціце, каб вас агарнула маркота перад абліччам цяжкасцяў, і не паддавайцеся фальшывым лозунгам, якія часта здаюцца самым лёгкім шляхам у пераадоленні праблемаў. Не бойцеся прыкладаць намаганні і прыносіць ахвяры, выбіраць шляхі, якія патрабуюць вернасці і вытрымкі, пакоры і адданасці. Упэўнена жывіце сваёй маладосцю і глыбокім прагненнем шчасця, праўды, прыгажосці і сапраўднай любові, якія вы адчуваеце ў сабе! Жывіце інтэнсіўна на гэтым этапе жыцця, такім багатым і поўным энтузіязму. <...> Ясна ўсведамляйце свае магчымасці і ніколі не замыкайцеся ў сабе, а старайцеся працаваць дзеля больш светлай будучыні для ўсіх. Вы ніколі не застаецеся адны. Касцёл давярае вам, суправаджае вас, умацоўвае і прагне даць самае каштоўнае, што мае: магчымасць узнесці вочы да Бога, спаткаць Езуса Хрыста — Таго, Хто сам ёсць справядлівасцю і мірам.

Звяртаюся да ўсіх вас, жанчыны і мужчыны, якім не абыякавая справа міру! Мір не з’яўляецца дабром, якое ўжо дасягнута, але мэтай, да якой усе мы павінны імкнуцца. <...> З гэтымі думкамі скіроўваю да вас гэтыя разважанні і заклік: давайце з’яднаем нашы духоўныя, маральныя і матэрыяльныя сілы,
каб «выхоўваць моладзь для справядлівасці і міру».


Пераклад Ірыны Бурак.


1 Каментар арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да Паслання папы Бэнэдыкта XVI на XLV Сусветны дзень міру 1 студзеня 2012 г.: http://www. catholic.by/2/home/news/belarus/bishop-conference/111129-kamentaryj-papa.html.
2 Бэнэдыкт XVI. Прамова падчас моладзевага чування (Кёльн, 20 жніўня 2005 г.): AAS 97 (2005), 885–886.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла