Божыя ўрокі

Шостая звычайная нядзеля — 12 лютага 2012 г.
Чытанні: Лев 13, 1–2. 44–46; Пс 32 (31), 1–2. 5. 11; 1 Кар 10, 31–11, 1
Евангелле паводле Марка 1, 40–45

Святы Ян Хрызастом у сваім казанні, прысвечаным сённяшняму ўрыўку з Евангелля, дзе мы чытаем пра аздараўленне пракажонага, узгадвае пра апісанне іншага выпадку, калі Езус аздараўляе дзесяць іншых пракажоных (пар. Лк 17, 14–18). Той хворы, пра якога Евангелле кажа нам сёння, атрымлівае ад Пана перасцярогу нікому не казаць пра сваё аздараўленне, у той час як адзін з дзесяці пракажоных, што вярнуўся, каб падзякаваць за сваё аздараўленне, атрымлівае загад паказацца святарам і скласці ахвяру ў святыні ў знак падзякі і сведчання. Святы Ян Хрызастом тлумачыць, што загады Езуса маюць за мэту нечаму навучыць кожнага з нас. У выпадку з пракажоным, пра якога апавядае сённяшні ўрывак з Евангелля, — гэта ўрок пакоры, а ў выпадку з іншым пракажоным, адным з дзесяці, — урок удзячнасці, бо недахоп удзячнасці ў нашым жыцці і недахоп пакоры можна лічыць свайго роду сучасным «трэндам» духоўнага жыцця, ад якога Пан Езус таксама хоча нас вызваліць. Трэба дадаць, што абедзве гэтыя хваробы звязаныя паміж сабою.

1) Перш за ўсё мы просім Езуса, які хоча аздаравіць нас, пракажоных, аб ласцы пазнання саміх сябе ў святле Яго любові да нас.

2) Просім, каб мы здолелі прызнацца перад Богам у тым, што нам не хапае ўдзячнасці і пакоры.

3) Просім таксама, каб Езус аздаравіў нас ад гэтых дзвюх заганаў.

Аднак недастаткова проста прасіць аб аздараўленні і чакаць склаўшы рукі. Трэба супрацоўнічаць з Божай ласкай, рабіць духоўную працу над сабою.

4) Самы кароткі шлях ад пыхі да пакоры і ад няўдзячнасці да ўдзячнасці вядзе праз практыку падзякі. Найлепш рабіць гэта спантанна і шмат разоў на працягу дня і падчас кожнай малітвы, асабліва напрыканцы дня. Найлепшая гарантыя ўдзячнасці Богу і людзям — гэта памяць пра дабрадзействы і пастаянная падзяка за іх. Безупынна будзем дзякаваць Богу за гэты свет, за людзей, якія жылі калісьці і жывуць цяпер, і тых, што яшчэ не нарадзіліся. Будзем дзякаваць за малыя і вялікія дабрадзействы не толькі ў дачыненні да нас, але і ў дачыненні да іншых людзей. Любы малы дар становіцца вялікім, бо яго дарыць Бог. Ніхто так, як Бог, не імкнецца, каб мы былі годныя, высакародныя і ўдзячныя за ўсё. Ён часта сведчыць гэта нам сваёю дабрынёю, хоць мы супраціўляемся і бываем няўдзячныя.


Айцец Раман Шульц ОР

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла