Не аркушык календара...

З 16 снежня па 8 студзеня ў Віцебскай дыяцэзіі праходзілі традыцыйныя Дні хрысціянскай культуры. У адрозненне ад мінулых гадоў, большасць сёлетніх масавых агульнадыяцэзіяльных мерапрыемстваў, што ладзяцца звычайна напярэдадні, падчас і ў першы тыдзень пасля  свята Божага Нараджэння (куратар а. сальватарыянін Тадэвуш Дабравольскі), праходзілі пры катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага. Сярод іх — выстава дзіцячай творчасці, аплаткавыя спатканні моладзі, вернікаў старэйшага ўзросту з удзелам прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі горада. У абласным мастацкім музеі адбылася прэзентацыя выставы «Скарбніца Калядаў», у абласной клінічнай бальніцы, дзе працуе ўрачом адна з арганізатарак Дзён Людміла Ярмолава, адбыўся святочны канцэрт для дзяцей з удзелам дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас». У Мёрах прайшоў ХІ музычны фестываль «Зорка Бэтлеема». Як заўсёды, цікавымі пастаноўкамі парадавалі гледачоў тэатральныя парафіяльныя моладзевыя калектывы рэгіёна падчас дыяцэзіяльнага конкурсу батлеек. Кульмінацыяй свята спаткання з Езусам стала Вігілія Божага Нараджэння пад кіраўніцтвам біскупа Уладзіслава Бліна ў катэдральным касцёле. Божае Нараджэнне, як адзначалася падчас перадкаляднай сустрэчы біскупа і супрацоўнікаў дыяцэзіяльнай курыі з журналістамі, — не аркушык календара, які можна лёгка перагарнуць, а  найперш — чын, падчас якога Хрыстус нараджаецца ў сэрцы кожнага верніка, кожнага чалавека. Праз зычлівую ўсмешку ці пагляд, спагадлівае слова, жаданне зразумець і дапамагчы адвечныя хрысціянскія каштоўнасці  не толькі нараджаюць веру, але і жывяць, і мацуюць яе.


Францішак Дубраўскі

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла