Даручэнне сябе Беззаганнай

Змест кнігі

Прычыны, якія пабуджаюць нас даручаць сябе Беззаганнай

Імкненні чалавечага сэрца

Імкненне да бязмежнага шчасця

Чалавек імкнецца быць вялікім, мудрым, багатым, знакамітым, шчаслівым, любячым і любімым. Але ніякае зямное шчасце не дае яму поўнага задавальнення. Ён прагне ўсё больш і больш.

Калі ж чалавек урэшце задаволіцца? Нават калі ён знойдзе найвялікшае шчасце, але заўважыць у ім якую-небудзь мяжу, то ў сваіх думках імкнецца апынуцца па-за ёю і кажа: «Вось бы і гэтая мяжа знікла дзесьці ў бясконцасці...»

Да якога ж тады шчасця імкнецца чалавек? Да шчасця без межаў, без ніякіх межаў у яго інтэнсіўнасці, велічы, у часе або чым-небудзь яшчэ. Такое шчасце ёсць толькі ў Богу, які з’яўляецца невычэрпнаю крыніцаю ўсялякага шчасця, што ў рознай ступені выпраменьваецца з Яго стварэнняў.

Таму душа прагне знайсці самога Бога. Але як Яго знайсці? Як з’яднацца з гэтым шчасцем? Стаць з Ім адным, стаць самім Ім, Богам.

І сыходзіць Бог на зямлю, становіцца чалавекам. Сам Бог-Чалавек, Езус Хрыстус, азарае нас прыкладам свайго жыцця і павучае сваім Словам.

Душы, поўныя любові да Бога, энергічна кінуліся пераймаць у сабе гэты першаўзор, прыпадабняцца да Яго, яднацца з Ім, перамяняцца ў Яго.

Каб любоўю прывабіць душу да сябе і перамяніць у сябе, Хрыстус Пан праявіў сваю бязмежную любоў, паказаў сваё палаючае любоўю да душаў Сэрца, якое загадала Яму пайсці на крыж, застацца з намі ў Эўхарыстыі і ўваходзіць у нашыя душы, а таксама пакінуць нам за маці сваю Маці1.

Імкненне да любові

О бязмежны і вечны Божа, Ты палюбіў мяне з даўніх вякоў і раней за вякі, з тых часоў, як Ты ёсць Богам. Значыць, Ты любіў і любіш мяне заўсёды?.. Хоць я быў небыццём, Ты ўжо любіў мяне, і менавіта таму, што любіў, о Божа мілы, Ты перавёў мяне з небыцця ў быццё...

Для мяне Ты стварыў нябёсы, усыпаныя зоркамі, для мяне — зямлю, мора, рэкі і так шмат прыгожых рэчаў на зямлі...

І гэта не ўсё: каб лепш паказаць мне, як шчыра Ты мяне любіш, Ты сышоў з найчысцейшай красы нябёсаў на брудную і заплаканую зямлю, правёў жыццё ва ўбостве, працы і цярпенні — і ўрэшце, зняважаны, высмеяны, пажадаў быць балюча прыбітым да ганебнага крыжа паміж двума разбойнікамі... Такім страшным і ахвярным спосабам Ты адкупіў мяне, о Божа любові...

І на гэтым Ты яшчэ не спыніўся, але, бачачы, што з таго часу, як на свет праліваліся гэтыя доказы Тваёй любові, і да майго з’яўлення на гэтай зямлі пройдзе дзевятнаццаць стагоддзяў, Ты ўсё адно знайшоў спосаб праявіць мне сваю любоў. Тваё Сэрца не згаджалася з тым, каб я жывіўся толькі ўспамінамі  Тваёй вялікай любові. Ты застаўся на гэтай нізкай зямлі ў сапраўдным Найсвяцейшым Сакрамэнце алтара і прыходзіш да мяне, яднаешся са мною так цесна ў выглядзе спажытку... Цяпер ужо Твая Кроў плыве ў маёй крыві, душа Твая, о Божа, пранікае ў маю душу, узмацняе яе і жывіць...

Што ж яшчэ Ты мог даць, Божа, аддаючы мне сябе самога ва ўласнасць?..

Тваё Сэрца, палаючае любоў да мяне, падказала Табе яшчэ адзін дар — так, яшчэ адзін дар...

Ты наказаў нам быць як дзеці, калі мы хочам увайсці ў Нябеснае Валадарства. Ты ведаеш, што дзіцяці патрэбна маці, бо сам устанавіў такі закон любові. Таму Твая дабрыня і міласэрнасць стварылі для нас Маці — увасабленне Тваёй дабрыні і Тваёй бязмежнай любові — і на Галгоце аддалі нам Яе, а Ёй — нас... Ты пастанавіў, о любячы наш Пане, каб Яна была ўсемагутнаю Дарыцелькаю і Пасрэдніцаю ўсіх Тваіх ласкаў: Ты Ёй ні ў чым не адмовіш, як і Яна ні ў чым нікому не можа адмовіць (VI, 1062).
Яна наймацней набліжаная да Бога, а мы наймацней набліжаныя да Яе, і значыць, праз Яе — да самога Бога.

Бог даў нам гэтую белую Лесвіцу і хоча, каб мы па ёй дайшлі ажно да Яго, а дакладней — каб Яна, прытуліўшы нас да сваіх матчыных грудзей, прынесла нас ажно да Бога. Але гэта толькі розныя вобразы, прыпадабненні, аналогіі. Рэчаіснасць непараўнальна прыгажэйшая, больш узвышаная, боская... (II, 411)

Імкненне да ідэалу

Мы наследуем добрых, цнатлівых, святых людзей, але ніводзін з іх не з’яўляецца дасканалым; толькі Яна, беззаганная з першай хвіліны свайго існавання, не мела ніводнага, нават найменшага ўпадку. Таму наследаваць Яе, наблізіцца да Яе, стаць Ёю — вось вяршыня дасканаласці чалавека (VII, 1191).

Беззаганная — вось наш ідэал. Самім наблізіцца да Яе, прыпадобніцца да Яе, дазволіць, каб Яна     завалодала нашым сэрцам і ўсёю нашаю істотаю, каб Яна жыла і дзейнічала ў нас і праз нас, каб Яна любіла Бога нашым сэрцам, каб мы бязмежна належалі Ёй, — вось наш ідэал.

Выпраменьваць на іншых святло, здабываць для Яе душы, каб перад Ёю адкрыліся таксама сэрцы бліжніх, каб Яна заваладарыла ў сэрцах усіх, хто жыве дзе-небудзь у свеце, не зважаючы на розніцу расаў, нацыянальнасцяў, моваў, а таксама ў сэрцах усіх, хто калі-небудзь будзе жыць на зямлі ажно да сканчэння свету, — вось наш ідэал.

І каб Яе жыццё паглыблялася ў нас з кожным днём, з кожнаю гадзінаю, з кожнаю хвілінаю ўсё больш і без ніякіх межаў, — вось наш ідэал.

І каб менавіта Яе жыццё падобным чынам развівалася ў кожнай душы, якая ёсць і калі-небудзь будзе, — вось наш дарагі ідэал (VII, 1109).


Пераклад з польскай мовы 
Ганны Серэхан.
Паводле выдання:
Św. Maksymilian Maria Kolbe.
Oddanie się Niepokalanej. — Niepokalanów, 2002.


  1. Pisma ojca Maksymiliana Kolbego, franciszkanina, t. I–VII. — Niepokalanów, 1970. T. VII, 1209. Далей спасылкі на гэтае выданне даюцца ў тэксце з пазначэннем тома і фрагмента тэксту ў дужках.
 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла