З «Дзённіка»

Агульны змест

24.12.1934. Дзень Вігіліі. Раніцою падчас святой Імшы я адчувала блізкасць Бога, мая душа падсвядома патанула ў Богу. Тады я пачула гэтыя словы: Ты — мілае для мяне жытло, у табе адпачывае Мой дух. Пасля гэтых словаў я адчула позірк Пана ў глыбіню майго сэрца і, бачачы сваю мізэрнасць, я ўпакаралася душою і здзіўлялася вялікай Божай міласэрнасці і таму, што гэты Найвышэйшы Пан набліжаецца да такой мізэрнасці.

У часе святой Камуніі радасць заліла маю душу, я адчувала, што цесна звязана з Боствам; Яго ўсемагутнасць паглынула ўсю маю істоту, увесь дзень я асаблівым чынам адчувала блізкасць Бога, і хоць на працягу дня мае абавязкі не дазволілі мне ані на хвіліну зайсці ў капліцу, аднак не было ні хвіліны, у якой бы я не была паяднаная з Богам; я адчувала Яго ў сабе больш моцна, чым калі-небудзь. Я нястомна вітала Маці Божую, паглыбляючыся ў Яе дух, прасіла Яе, каб Яна навучыла мяне сапраўднай любові да Бога. Тады я пачула такія словы: « Я падзялюся з табою таямніцаю свайго шчасця ноччу, у часе святой Імшы».

Вячэра была перад шостаю гадзінаю; нягледзячы на знешні шум, які бывае ў часе дзялення аплаткам, пры ўзаемных пажаданнях я ні на хвіліну не страціла адчування Божай прысутнасці. Пасля вячэры мы паспяшалі з працаю, і ў дзевяць гадзін я магла прыйсці ў капліцу на адарацыю. Я атрымала дазвол не ісці спаць, а чакаць Пастэркі. Я бязмежна ўзрадавалася; з дзевяці да дванаццаці гадзін у мяне быў вольны час. З дзевяці да дзесяці гадзін я трывала на адарацыі ў інтэнцыі бацькоў і ўсёй сям’і; з дзесяці да адзінаццаці гадзін трывала на адарацыі ў інтэнцыі свайго духоўнага кіраўніка — найперш я дзякавала Богу за тое, што Ён пажадаў даць мне такую вялікую бачную дапамогу на зямлі, якую мне абяцаў; з другога боку, я прасіла Бога аб святле, каб ён мог зразумець маю душу і вёў мяне згодна з Божаю воляю. З адзінаццаці да дванаццаці гадзін я малілася за святы Касцёл і духавенства, за грэшнікаў, за місіі, за нашы дамы; адпусты я ахвяравала за душы ў чыстцы (346).

Дванаццаць гадзін,25.12.1934.

Пастэрка. Калі распачалася святая Імша, мною адразу ж пачала авалодваць унутраная засяроджанасць, радасць заліла маю душу. У часе ахвяравання я ўбачыла на алтары Езуса непараўнальнай прыгажосці. Гэтае Дзіця ўвесь час на ўсіх глядзела, працягваючы свае ручкі. Падчас паднясення Дзіця ўзіралася не на капліцу, а ў неба; пасля паднясення Яно зноў глядзела на  нас, але зусім коратка, бо, як заўсёды, было паламанае святаром і спажытае. Але Яго накідка была ўжо белая. На наступны дзень я бачыла тое самае і на трэці дзень — таксама. Цяжка выказаць тую радасць, якая была ў маёй душы. Гэта відзежа паўтарылася ў трох святых Імшах, гэтаксама, як і ў першых (347).

1934 год.

Першы чацвер пасля Божага Нараджэння. Я зусім забыла, што сёння чацвер, таму не адправіла адарацыі. У дзевяць гадзін я пайшла разам з [сёстрамі] у спальню. Чамусьці я не магла заснуць. Мне здавалася, што я яшчэ штосьці не выканала. Я перабірала ў думках свае абавязкі і не магла сабе нічога такога прыгадаць, гэта працягвалася да дзесяці гадзін. А дзесятай гадзіне я ўбачыла Аблічча змучанага Езуса. Тады Езус сказаў мне такія словы: Я чакаў цябе, каб падзяліцца цярпеннем, бо хто ж лепш зразумее Маё цярпенне, як не Мая абранніца? Я папрасіла ў Езуса прабачэння за сваю халоднасць; прысаромленая, не смеючы зірнуць на Пана Езуса, але скрушаным сэрцам я прасіла, каб Езус пажадаў даць мне адну калючку са сваёй кароны. Езус мне адказаў, што дасць гэтую ласку, але заўтра, і відзежа тут жа знікла (348).

Раніцаю ў часе разважання я адчула ў галаве, з левага боку, балючую калючку; цярпенне працягвалася цэлы дзень, я пастаянна разважала пра тое, як Езус мог вытрываць боль гэтулькіх калючак з цярновага вянка. Я яднала свае цярпенні з цярпеннямі Езуса і ахвяроўвала іх за грэшнікаў. У чатыры гадзіны, прыйшоўшы на адарацыю, я ўбачыла адну з нашых выхаванак, якая страшна абражала Бога нячыстымі грахоўнымі думкамі. Я таксама бачыла адну асобу, якая была прычынаю гэтага граху. Страх прайшоў праз маю душу, і я прасіла Бога праз муку Езуса, каб Ён пажадаў яе вырваць [з] гэтай страшнай мізэрнасці. Езус адказаў мне, што дасць ёй ласку, але не дзеля яе, а дзеля маёй просьбы. Цяпер я зразумела, як моцна мы павінны маліцца за грэшнікаў, і асабліва за нашых выхаванак (349).

У нас сапраўды апостальскае жыццё; я не магу сабе ўявіць законніцы, якая жыве ў нашых дамах, гэта значыць у нашай кангрэгацыі, і не мае апостальскага духу; дбайнасць пра збаўленне душаў павінна гарэць у нашых сэрцах (350).

О мой Божа, як соладка цярпець для Цябе, цярпець у самых патаемных глыбінях сэрца, у найвялікшым укрыцці, палаць, як нікім не заўважаная ахвяра, чыстая, як крышталь, — без аніякіх суцяшэнняў і спачування. Мой дух гарыць дзейснаю любоўю, я не губляю часу ні на якія мары, я кожную хвіліну ўспрымаю асабліва, бо яна мне падуладная; мінулае належыць не мне, будучыня — не мне, цяперашні час я імкнуся выкарыстаць усёю душою (351).

Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла