Будзь чалавекам малітвы

Стаць чалавекам малітвы — да гэтага нас заклікае сёння святы Бонавэнтура

Калі ты хочаш навучыцца цярпліва перажываць усялякі клопат і цяжкасці зямнога жыцця,
будзь чалавекам малітвы;
калі прагнеш мець сілу для перамогі над непрыяцелем душы і агрэсіўнасцю духа,
будзь чалавекам малітвы;
калі хочаш утаймаваць уласную волю з яе схільнасцямі і пажадлівасцю,
будзь чалавекам малітвы;
калі хочаш распазнаваць хітрасць шатана і знішчыць ягоныя пасткі,
будзь чалавекам малітвы;
калі хочаш быць вясёлым і з добрым настроем весці праведнае жыццё,
будзь чалавекам малітвы;
калі хочаш адагнаць ад сябе гэтых надакучлівых мухаў, якімі з’яўляюцца пустыя думкі,
будзь чалавекам малітвы;
калі хочаш карміць сваю душу мёдам асалоды, мець добрыя думкі, добрыя жаданні,
будзь чалавекам малітвы;
калі хочаш  павялічыць і ўмацаваць сваю адвагу ў Божых справах,
будзь чалавекам малітвы;
словам, калі ты хочаш пазбавіцца ад нядобрых схільнасцяў і набыць цноты,
будзь чалавекам малітвы.
Бо праз яе мы атрымліваем ласку Духа Святога, якая асвячае нас ва ўсім;
Скажу больш: калі ты прагнеш узвысіцца да высокай кантэмпляцыі і радавацца раскошай размоваў з Нябесным Абраннікам,
будзь чалавекам малітвы.

Гэта яна — дарога, па якой душа даходзіць да кантэмпляцыі і да смаку нябесных рэчаў. Дык разумееш цяпер, якая сіла, якое дзеянне малітвы? Для пацвярджэння таго, што цяпер сказана, мы маглі б, апроч Святога Пісання, прывесці шмат прыкладаў са штодзённага досведу, якія пераконваюць у тым, што зусім простыя людзі з дапамогай малітвы атрымлівалі не толькі гэтыя вышэйназваныя, але нават і большыя ласкі.


Падрыхтавала Ірына Жарнасек.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла