З «Дзённіка»

Агульны змест

408 Вялікі пост. Калі я паглыбляюся ў муку Панскую ў часе адарацыі, я часта бачу Пана Езуса ў такі момант: пасля бічавання каты ўзялі Пана і знялі з Яго шату, якая ўжо прыліпла да ранаў; пры зняцці зноў адкрыліся Яго раны. Тады яны накінулі на Пана чырвоны плашч, брудны і абшарпаны — на свежыя раны. Гэты плашч толькі ў некаторых месцах ледзьве даставаў да каленяў. І загадалі Пану сесці на кусок бэлькі; тады сплялі карону з церняў і адзелі на святую галаву, і далі Яму ў рукі трысціну. І насміхаліся з Яго, аддаючы Яму паклоны, як каралю, плявалі Яму ў твар, а іншыя бралі трысціну і білі Яго па галаве, іншыя кулакамі прычынялі Яму боль, а іншыя закрылі Яму твар і білі Яго кулакамі. Ціха цярпеў гэта Езус. Хто зразумее Яго — Ягонае цярпенне? Позірк Езуса быў скіраваны на зямлю; я адчула, што тады адбывалася ў наймілейшым Сэрцы Езуса. Няхай кожная душа разважае над тым, што Езус цярпеў у той момант, калі наперабой зневажалі Пана. Я разважала, адкуль такая злосць у чалавеку, і ўсё ж гэта ўчыняе грэх — тут сустрэліся Любоў і грэх.

409 Калі я з адною з сясцёр была ў святыні на святой Імшы, я адчула веліч Божую, я адчувала, што гэтая святыня прасякнута Богам. Яго веліч ахоплівала мяне, і хоць яна палохала, аднак напаўняла спакоем і радасцю; я зразумела, што Яго волі нішто не можа супрацівіцца. О, калі б усе душы [ведалі], хто прабывае ў нашых святынях, то не было б гэтулькі знявагаў і непавагі ў гэтых святых месцах.

410 О вечная і неспасцігальная Любоў, я прашу Цябе аб адной ласцы: асвяці мой розум святлом звысоку, дай мне зразумець і ацаніць усё адпаведна яго вартасці. Найбольшая радасць для маёй душы — спазнаваць праўду.

411 21.03.1935. Часта ў часе святой Імшы я бачу ў душы Пана, адчуваю Яго прысутнасць, якая пранізвае мяне наскрозь. Я адчуваю Яго Боскі позірк, шмат размаўляю з Ім без адзінага слова, ведаю, чаго прагне Яго Боскае Сэрца, і заўсёды выконваю тое, што Яму больш падабаецца. Я люблю да шаленства і адчуваю, што Бог мяне любіць. У тыя хвіліны, калі ў глыбіні душы я сустракаюся з Богам, адчуваю сябе такою шчасліваю, што не магу гэтага выказаць. Гэта кароткія імгненні, бо душа не вынесла б іх даўжэй — павінна было б наступіць аддзяленне ад цела. Хоць гэтыя імгненні вельмі кароткія, аднак іх моц, якая даецца душы, застаецца вельмі надоўга. Без найменшага намагання я адчуваю глыбокую засяроджанасць, якая мяне тады ахапіла; яна не змяншаецца, хоць я размаўляю з людзьмі, і не перашкаджае мне выконваць абавязкі. Я адчуваю Яго пастаянную прысутнасць без аніякага намагання душы, адчуваю, што паяднаная з Богам так цесна, як кропля вады паяднаная з бяздонным акіянам.
У гэты чацвер у канцы малітвы я адчула ласку, якая трывала надзвычай доўга: на працягу ўсёй святой Імшы, ажно я думала, што памру з радасці. У гэтыя хвіліны я лепш пазнаю Бога і Яго вартасці і таксама лепш пазнаю сябе і сваю мізэрнасць, і мяне здзіўляе вялікае прыніжэнне Бога да такой мізэрнай душы, як мая. Пасля святой Імшы я адчувала сябе цалкам заглыбленай у Бога і ўсведамляла кожны Яго позірк у глыбіню майго сэрца.

412 Каля апоўдня я ўвайшла на хвіліну ў капліцу і зноў жа моц ласкі пранізала маё сэрца. Калі я прабывала ў засяроджанасці, сатана ўзяў адзін гаршчок з кветкамі і са злосцю з усяе сілы кінуў яго на зямлю. Я бачыла ўжо яго зацятасць і рэўнасць. У капліцы нікога не было, таму я ўстала ад малітвы, пазбірала пабіты гаршчок, перасадзіла кветку і хацела хутка паставіць яе на месца, перш чым хто-небудзь прыйдзе ў капліцу. Аднак гэта мне не ўдалося, бо тут жа ўвайшлі маці настаяцельніца, сястра сакрыстыянка і некалькі сясцёр. Маці настаяцельніца здзівілася, што я нешта кранала на алтарыку і ўпаў гаршчок; сястра сакрыстыянка выказала сваю незадаволенасць; я старалася нічога не тлумачыць і не апраўдвацца. Аднак пад вечар я адчула сябе вельмі стомленай і не магла быць на святой гадзіне. Я папрасіла маці настаяцельніцу [дазволіць мне] раней легчы спаць. Як толькі я лягла, тут жа заснула. Аднак каля адзінаццатай гадзіны сатана скалануў мой ложак; я адразу ж абудзілася і спакойна пачала маліцца да свайго Анёла Ахоўніка. Тады я ўбачыла душы, якія пакутавалі ў чыстцы: яны былі, як цені, а сярод іх я бачыла шмат д’яблаў; адзін з іх імкнуўся мне дапячы — у выглядзе ката кідаўся на мой ложак і на ногі і быў такі цяжкі, як быццам [важыў] пару пудоў. Я ўвесь час малілася на ружанцы; пад раніцу гэтыя постаці зніклі і я змагла заснуць. Раніцаю, прыйшоўшы ў капліцу, я пачула ў душы голас: Ты паяднаная са Мною і нічога не бойся, але ведай, дзіця Маё, што сатана цябе ненавідзіць; хоць ён ненавідзіць кожную душу, але асабліваю нянавісцю ён палае да цябе, бо ты вырвала шмат душаў з-пад яго панавання.

413 Вялікі чацвер, 18.04.
Раніцаю я пачула такія словы: З сённяшняга дня ажно да рэзурэкцыі ты не будзеш адчуваць Маёй прысутнасці, а твая душа будзе напоўнена вялікаю тугою.
І адразу ж вялікая туга заліла маю душу, я адчувала разлуку з улюбёным Езусам, а калі наблізілася хвіліна прыняцця святой Камуніі, я ўбачыла ў келіху, у кожнай Гостыі аблічча церпячага Пана Езуса.
З тае хвіліны я адчула ў сваім сэрцы яшчэ большую [тугу].

414 Вялікая пятніца. У тры гадзіны дня, калі я ўвайшла ў капліцу, пачула гэтыя словы: Я прагну, каб гэты абраз быў публічна ўшанаваны. Тады я ўбачыла Пана Езуса, канаючага на крыжы ў цяжкіх мучэннях, і выйшлі з Сэрца Езуса тыя самыя два прамяні, якія ёсць на гэтым абразе.

415 Субота. У часе Нешпараў я ўбачыла Пана Езуса, які ззяў як сонца, у светлай шаце, і Ён сказаў мне: Няхай радуецца сэрца тваё.  І мяне напоўніла вялікая радасць, і наскрозь пранізала Божая прысутнасць, якая ёсць для душы невымоўным скарбам.

Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла