Нашаму хору — дваццаць гадоў!

 

У сакавіку гэтага года споўнілася дваццаць гадоў нашаму парафіяльнаму жаночаму хору, якім ахвярна кіруе Эма Іосіфаўна Давыдава. Усе гэтыя дваццаць гадоў хор упрыгожваў найважнейшыя падзеі ў жыцці магілёўскай парафіі Унебаўшэсця Найсвяцейшай Панны Марыі. 

У рэпертуары нашага хору вялікая колькасць замежнай і беларускай музыкі, каталіцкіх культавых музычных твораў. Хор неаднаразова станавіўся лаўрэатам фестывалю «Магутны Бо­жа», быў узнагароджаны спецыяльным прызам Беларускай каталіцкай грамады. Харысты выязджалі з канцэртамі ў розныя замежныя гарады: Чэнстахову, Торунь, Бродніцу, Быдгашч (Польшча), Патсдам (Германія), дзе заўсёды цёпла сустракаліся слухачамі, атрымлівалі прызы і дыпломы.

Але для нас, парафіянаў, самае важнае і дарагое — гэта ўдзел хору ў літургіі. Калі слабыя галасы вернікаў зліваюцца з прыгожым і моцным гучаннем хору, мы адчуваем, што мы — разам, мы — Касцёл. Хочацца падзякаваць нашаму арганісту Захараву Яўгену Уладзіміравічу, які дваццаць гадоў памайстэрску суправаджае спеў сваёй ігрою на аргане. Многія ўдзельніцы спяваюць у хоры на працягу ўсіх дваццаці гадоў: гэта Святлана Калеснікава, Алена Шылай, Таццяна Крыжэўская, Людміла Анціпава. Яны сапраўдныя аматары і прапагандысты духоўнага спеву. 

Хор ствараўся пры апецы і падтрымцы ксяндза біскупа Уладзіслава Бліна, а пасля яго пераезду на служэнне ў Віцебск хорам апякуецца ксёндз дэкан Раман Факсінскі.

Дзякуем вам, дарагія нашы музыканты! Божай ласкі ўсім вам і апекі Маці Божай!

В. Н. Літвінава,

парафія Унебаўшэсця Найсвяцейшай Панны Марыі,

Магілёў.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла