Агляд пошты

Пахвалёны Езус Хрыстус!

Вітаем вас, паважаныя чытачы.

Гэты агляд мы пачынаем традыцыйна – з ліста-віншавання, на гэты раз — велікоднага: парафіяне касцёла святых Сымона і Алены ў Мін­ску віншуюць свайго проба­шча ксяндза магістра Уладзіслава Завальнюка. Яны пі­шуць: «Спачатку хочам выказаць вам падзяку за цікавы часопіс. Ён нясе духоўную інфармацыю, робячы нас больш добрымі і міласэрнымі. А звяртаемся мы да вас, каб павіншаваць пробашча нашага касцёла Уладзіслава Завальнюка з Вялікаднем. Ксёндз Уладзіслаў з’яўляецца пробашчам нашага касцёла, галоўным рэдактарам газеты „Голас душы“, і хоць у яго шмат працы, заўсёды з усмешкай сустрэне кожнага, хто да яго звяртаецца, і дасць добрую параду. Пан Бог надзяліў яго рэдкай абаяльнасцю, розумам, цудоўным голасам, шчырым і добрым сэрцам. Толькі выбраных Пан Бог надзяляе гэтак шчодра, мо таму, ён так шчыра служыць Богу і людзям ужо 37 гадоў. Мы усе любім свайго проба­шча і ганарымся ім. Жадаем, каб і надалей Пан Бог адорваў яго ўсімі дабротамі гэтага свету, каб ён яшчэ доўга служыў Богу і людзям. Віншуем таксама ўсіх ксяндзоў, якія працуюць разам з пробашчам, і тых, хто ім дапамагае. Са святам вас, паважаныя!»  Застаецца дадаць, што ліст даслала парафіянка Марыя Мацюшонак і, пэўна, ёй належаць гэтыя радкі:

…Вось такім касцёлам

І пробашчам, вядома,

Усе мы ганарымся

І жадаем усе разам,

Каб заўсёды быў ён з намі

І за нас маліўся…

Уважліва прачытайце, калі ласка, наступны ліст, які прыйшоў да нас з месца па­збаўлення волі. «Мой сваяк,  Кішкіс Станіслаў Пятровіч, прыблізна 1900 года нара­джэння, быў ксяндзом і служыў на тэрыторыі Літвы. У шасцідзесятыя гады мінулага стагоддзя ён быў рэпрэсаваны савецкай уладай за тое, што ездзіў у Амерыку з групай католікаў. Пасля вяртання на Радзіму ён быў высланы на 8 гадоў у лагер. Пасля вызвалення ў 70-х гадах  ізноў служыў у касцёлах на тэрыторыі Літвы. Пісаў нам лісты, у якіх паведамляў, што ён вымушаны часта мяняць месца жыхарства. Але з 1983 года ні мне, ні маёй маці нічога не вядома пра яго, перапіска спынілася. Ведаю, што ваш часопіс чытаюць у многіх краінах, у Літве таксама, і я спа­дзяюся, што нехта дапаможа адшукаць хоць нейкія звесткі пра майго прадзеда — дзе ён пахаваны, таму што яго, пэўна, ужо няма на гэтым свеце. Хочацца ведаць, дзе ён служыў, можа, там знойдуцца людзі, якія нешта раскажуць мне пра яго жыццё, для мяне гэта цяпер вельмі важна! Мне 32 гады і не так даўно я сам пакаяўся і прыняў Езуса Хрыста ў сваім сэрцы. Я знахо­джуся ў месцы пазбаўлення волі, у гэтым годзе заканчваецца тэрмін майго зняволення. Вельмі хочацца астатняе жыццё аддаць Пану Езусу». Да нас іншым разам прыхо­дзяць лісты, у якіх вернікі расказваюць гісторыі сваіх святыняў, прыгадваюць ксян­дзоў, што служылі ў іх нават вельмі даўно. Людзі цікавяцца гісторыяй сваіх мясцінаў, сваіх святыняў. Ім не ўсё роўна, хто і як жыў на гэтай зямлі раней, і не ўсё роўна, якой застанецца яна тым, хто будзе жыць пасля. Магчыма, гэты допіс трапіць на вочы такім неабыякавым людзям і яны дапамогуць Паўлу даведацца пра лёс яго сваяка, ксяндза Станіслава Кішкіса.

Вернікі з парафіі св. Казіміра, што ў Лагойску, віншуюць свайго пробашча Паўла Слуку з 30-годдзем. Яны пі­шуць: «Дзякуй Вам, ксёндз Павел, за тое, што Вы згур­тоў­ваеце нас у малітве і ў працы на карысць Касцёла, дапамагаеце выхоўваць нашых дзяцей у веры. Жадаем Вам Божага благаслаўлення на Вашым святарскім шляху, апекі Маці Божай, шчодрых дароў Святога Духа! Мы ўсе любім Вас!»

Станіслаў Антонавіч Шыманоўскі са Слуцка ў сваім лісце закранае многія тэмы 

і ўжо напрыканцы піша: «Мож­на яшчэ раз сказаць пра тое, што памятаю я і што не навіна для вас, пра кардынала Казіміра Свёнтка. Вельмі добра ўспамінаў пра яго Ула­дзімір Караткевіч. А яшчэ бы­ла нефармальная сустрэча па дарозе ў Кіеў у чэрвені 2001 года. Быў самы пачатак „чужой“ тэрыторыі і даволі працяглы прыпынак. Там кардынала маглі запомніць многія…» Аднак замест шматкроп’я нам хацелася б больш па­драбязнага аповеду і ад нашага шаноўнага аўтара, і ад тых „многіх“, якіх ён прыгадвае. Яшчэ раз напамінаем, што мы збіраем матэрыялы для  кнігі ўспамінаў пра святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка. 

Дзякуем усім, хто нам напісаў, і тым, чые лісты з нейкіх аб’ектыўных прычын мы не прыгадваем у гэтым аглядзе, таксама. Аўтары гэтых лістоў атрымаюць адказ па пошце.

На развітанне жадаем усім шчаслівага і вясёлага Вяліка­дня, шчодрай ласкі ад Ува­скрослага Хрыста, дапамогі і благаслаўлення ва ўсіх добрых справах і пачынаннях.

Да новых сустрэч. Заставайцеся з Богам.

 Вера Галубовіч

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла