Слова на Святую Пасху

Штогод мы з нецярпеннем чакаем велікодных святаў, рыхтуючыся да іх, як можам, на працягу Вялікага посту, каб годна і радасна стаць перад Панам у дзень самай вялікай урачыстасці хрысціянскага свету, у Вялікдзень. Але ці задумваемся мы пра сваю сапраўдную годнасць, якой адарыў нас Пан Бог, ці ўсведамляем сапраўдную прычыну пасхальнай радасці — ні з чым не параўнальны цуд нашага збаўлення, — ці праслаўляем справы Божай любові?

Прапануем нашым чытачам разважанні айца і доктара Касцёла св. Грыгорыя Назіянзскага (329–389), якога называюць Багасловам, бо ён надзвычай глыбока і дакладна спасцігаў глыбіні Боскасці.

<...> Пасха! Пасха Пана! І яшчэ скажу ў гонар Тройцы: Пасха! Яна ў нас — свята са святаў і ўрачыстасць з урачыстасцяў; яна настолькі пераўзыходзіць усе ўрачыстасці, не толькі людскія і зямныя, але нават Хрыстовыя і дзеля Хрыста здзяйсняемыя, наколькі сонца пераўзыходзіць зоркі. <...>

Таму іншыя няхай прынясуць якія ні ёсць разнастайныя плады, і кожны няхай прапануе часу свой дар — дар святочны, вялікі або малы, але духоўны і мілы Богу, наколькі ў кожнага стае сілаў. Таму што дар, суразмерны годнасці, наўрад ці прынясуць і анёлы — істоты першыя, духоўныя і чыстыя, гледачы і сведкі нябеснай хвалы, — хоць яны і здольныя да найдасканалейшага ўсхвалення. А я прынясу ў дар слова, як самае лепшае і найкаштоўнейшае з усяго, што маю, асабліва, калі ўсхваляю Слова за дабрадзействы да разумнай натуры. <…>

Для каго і дзеля чаго пралілася гэтая кроў, што выцекла за нас, — кроў велічная і праслаўлёная Бога і Арцыпастыра, і Ахвяры? Мы былі пад уладаю нячыстага, праданыя ў няволю граху, былі тымі, хто пажадлівасцю купіў сабе сапсаванасць. А калі цана збаўлення даецца ні каму іншаму, як таму, хто трымае пад уладаю, то пытаюся: каму і з якой прычыны прынесена такая цана? Калі нячыстаму, то як жа гэта абразліва! Разбойнік атрымлівае цану збаўлення; атрымлівае не толькі ад Бога, але самога Бога; за свой падман мучыцель бярэ такую бязмерную плату, што за яе справядліва было б злітавацца і над вамі! А калі Айцу, то, па-першае, якім чынам? Не ў Яго мы былі ў палоне. А па-другое, па якой прычыне кроў Адзінароднага прыемная Айцу — таму, хто не прыняў і Ісака, якога прыносіў у ахвяру бацька, і замяніў ахвяраванне, даўшы замест абяцанай ахвяры барана? Ці ж не відаць з гэтага, што прымае Айцец — не таму, што запатрабаваў або меў патрэбу, але паводле эканоміі [збаўлення] і таму, што чалавеку трэба было асвяціцца чалавечнасцю Бога, каб Ён сам збавіў нас, пераадолеўшы мучыцеля сілаю, і ўзвёў нас да сябе праз Сына, які з’яўляецца пасрэднікам і ўсё чыніць у гонар Айца, застаючыся ва ўсім падданым Яму? <…>

Што скажуць нам на гэта паклёпнікі, злыя «знаўцы» Боскасці, ганьбавальнікі годнага хвалы, ахутаныя цемраю пры самым Святле, невукі пры самой Мудрасці, тыя, за якіх Хрыстус дарма памёр, няўдзячныя стварэнні, спараджэнне нячыстага? Гэта ставіш ты ў віну Богу — Яго дабрадзейнасць? [Няўжо] таму Ён малы, што дзеля цябе прынізіў сябе? Што да заблуканага прыйшоў Добры Пастыр, які «аддае жыццё сваё за авечак»? (Ян 10, 11) Прыйшоў на тыя горы і ўзвышшы, дзе ты прыносіў ахвяры, і знайшоў заблуканага, і знойдзенага [прыняў і] ўсклаў на тыя самыя плечы, на якіх нёс крыж, і прынятага зноў прывёў да нябеснага жыцця? І прыведзенага залічыў да тых, хто варты прабываць з Ім? Што «запаліў свечку» — цела сваё, і «вымеў дом», ачышчаючы свет ад граху, і «знайшоў драхму» — каралеўскі вобраз, завалены жарсцямі; а знайшоўшы драхму, склікае ўсіх, хто прабывае ў Яго любові, робіць удзельнікамі радасці тых, каго ўчыніў сведкамі таямніцы сваёй эканоміі [збаўлення]? (Лк 15, 8–9) Што самае прамяністае Святло ідзе за  светачам, які папярэднічаў Яму, Слова — за голасам, Жаніх — за тым, хто вядзе нявесту, падрыхтоўваючы Пану народ выбраны (Ціт 2, 14), і ачышчае вадою для Духа? Гэта ты ставіш у віну Богу? [Няўжо] з-за таго ты ганьбіш Яго, што падпярэзваецца ручніком і мые ногі вучням (Ян 13, 4–5), і паказвае самы дасканалы шлях да ўзвышэння — пакору? Што прыніжае сябе дзеля душы, схіленай да зямлі, каб узвысіць разам з сабою згінаемае да долу грахом? Ці паставіш у віну тое, што Ён есць з мытарамі ў мытараў, што вучнямі мае мытараў, а ўрэшце і сам набудзе нешта? А што Ён набудзе? — Збаўленне грэшнікаў. Можа і ўрача хто абвінаваціць за тое, што нахіляецца да ранаў і церпіць смурод, толькі б вярнуць здароўе хворым? Абвінаваціць і таго, хто з жалю нахіліўся да ямы, каб, насуперак закону (Зых 23, 5; Лк 14, 5), выратаваць жывёлу, якая ў яе ўвалілася?

Праўда, што Ён быў пасланы, але як чалавек (таму што ў Ім дзве натуры; так, Ён стамляўся, і быў галодны, і прагнуў, і змагаўся з сабою, і плакаў — паводле закону цялеснай прыроды); а калі пасланы і як Бог, то што з таго? <...> Але ты выстаўляеш напаказ тое, што прыніжае, і абыходзіш маўчаннем тое, што ўзвышае. Разважаеш, што Ён пакутаваў, але не дадаеш, што пакутаваў добраахвотна. Колькі і сёння пакутуе Слова! Адны ўшаноўваюць Яго як Бога —  і аб’ядноўваюць; іншыя зневажаюць Яго як цела — і аддзяляюць. На каго ж больш прагневаецца Ён ці, лепей сказаць, каму адпусціць грэх? Тым, хто аб’ядноўвае, ці тым, хто зласліва рассякае? <…>

Мы атрымалі быццё, каб жыць у шчасці, і жылі ў шчасці пасля таго, як атрымалі быццё. Нам быў давераны рай, каб атрымаць асалоду; нам дадзена была запаведзь, каб, захаваўшы яе, заслужыць славу, — дадзеныя не таму, што Бог не ведаў будучыні, але таму, што Ён устанавіў закон свабоды. Мы спакушаныя, таму што ўзбудзілі зайздрасць; упалі, таму што парушылі закон; пасціліся, таму што не захавалі посту, пераможаныя дрэвам пазнання, бо старажытнаю і сучаснаю нам была гэтая запаведзь — яна нібыта пястунка для душы і ўтаймаванне ў атрыманні асалоды; і мы справядліва ёй падпарадкаваныя, каб яе захаваннем вярнуць сабе тое, што страцілі незахаваннем. Нам патрэбны быў Бог, які ўцелавіўся і быў забіты, каб нам ажыць. З Ім мы памерлі, каб ачысціцца; з Ім уваскрэслі, таму што з Ім памерлі; з Ім уславіліся, таму што з Ім уваскрэслі. Шмат было ў той час цудаў: распінаемы Бог, сонца, якое зацьмілася і зноў запалала (бо трэба было, каб і стварэнні спачувалі Стварыцелю), разарваная завеса, кроў і вада, якія выцеклі з боку (адна, таму што Ён быў чалавек, другая, таму што Ён быў вышэйшы за чалавека), зямля, якая затрэслася, скалы, якія раскалоліся дзеля Каменя; памерлыя, якія ўваскрэслі, каб запэўніць, што будзе  апошняе і агульнае ўваскрашэнне; цуды пры пахаванні, якія ці ж апяе хто-небудзь годна? Але ніводнае з іх не параўнальнае з цудам майго збаўлення. Нешматлікія кроплі крыві аднаўляюць цэлы свет і для ўсіх людзей становяцца тым самым, чым бывае закваска для малака, збіраючы і злучаючы нас у адно.

Але — вялікая і святая Пасха, і ачышчэнне ўсяго свету! — буду размаўляць з табою, як з нечым адушаўлёным. Слова Божае, і святло, і жыццё, і мудрасць, і сіла! — усе твае назвы мяне радуюць. Параджэнне, зыходжанне і адбіццё вялікага Розуму! Слова, уявіць і сузіраць якое можна толькі розумам, і Чалавек, які трымае ўсё словам сілы сваёй (Габр 1, 3)! Прымі цяпер гэтае слова, не першае, але, можа, апошняе маё плодапрынашэнне; слова падзякі і малітвы, каб мне не цярпець іншага смутку, акрамя неабходнага і святога, у якім і прайшло маё жыццё. Спыні або пакутлівую ўладу нада мною цела (бо бачыш, Пане, якая яна вялікая і цяжкая), або Твой прысуд, калі ён ад Цябе паходзіць. Калі ж скончу [гэтае жыццё], чаго жадаю, і буду прыняты ў нябесным доме, то, можа, і там ускладу прыемнае Табе на святы алтар Твой, Ойча, і Слова, і Дух Святы. Бо Табе належаць уся пашана і хвала праз усе вякі вечныя. Амэн.


Падрыхтавала Ірына Бурак.
Паводле: Святитель Григорий Богослов. Избранные творения. — Москва, 2008.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла