Кожны моліцца інакш

Пра тое, ці трэба параўноўваць сваю малітву з малітвай іншых, разважае вядомы італьянскі духоўны аўтар Карло Карэтто

Здараецца, што ў касцёле альбо на малітоўнай сустрэчы мы пачынаем прыслухоўвацца да кагосьці, хто моліцца побач з намі. Нас часта захапляе малітва іншага чалавека, тое, як ён гаворыць, як перажывае сваю сустрэчу з Богам. І часам у такія хвіліны нас агортвае не толькі зайздрасць, але і нейкія комплексы, бо мы ж не ўмеем так маліцца. Але ці добра гэта ўвогуле — параўноўваць сваю малітву з малітвай іншага чалавека? Безумоўна, іншыя людзі могуць мабілізаваць нас на малітву, могуць даць новы імпульс нашым асабістым сустрэчам з Богам. І ўсё ж нашы малітвы заўсёды будуць толькі нашыя, бо малітва гэтак жа, як і чалавек, непаўторная. І хоць бы табе моцна хацелася скапіраваць нечы спосаб кантакту з Богам, табе ў лепшым выпадку ўдасца быць звычайнай копіяй, а не арыгіналам. Бог жа хоча сустрэцца на малітве  менавіта з табой, а не з адбіткам іншага чалавека ў табе. Гэтак, як няма дзвюх аднолькавых кветак, дзвюх аднолькавых зорак, няма і двух ідэнтычных людзей. Таму і малітвы нашыя, якія з’яўляюцца нашай повяззю з Богам, кожны раз і ў кожным выпадку іншыя. Не існуе дзвюх аднолькавых малітваў.


Не бойся маліцца інакш

Нават калі ты прамаўляеш тыя ж самыя словы, якія прамаўляюць і сотні іншых людзей, то ўсё роўна заўсёды гаворыш іх інакш. Тыя ж самыя сказы і нават тыя ж інтанацыі — гэта толькі знешняе падабенства, бо ў душы кожны з нас іншы. Таму не бойся і адчуваць сябе інакш, чым раней, інакш, чым іншыя. Непаўторнасць тваёй малітвы — гэта знак, што ты молішся ў Святым Духу, бо Святы Дух заўсёды надае нашай малітве розныя формы, Ён яе ажыўляе. Ён ніколі не паўтараецца і заўсёды дыхае свежасцю. Маліся сваімі словамі, нават калі запас гэтых словаў значна бяднейшы за той, які маюць на малітве твае суседзі. Прасі ў Пана тых рэчаў, што найвыразней ляжаць у тваім сэрцы, бо праз цябе Бог хоча аздараўляць цалкам іншыя абшары хваробаў, чым тыя, за якія моліцца іншы чалавек. Твая малітва не можа быць гэткаю самаю, як малітва іншага чалавека, бо Пан Бог ведае цябе па імені і ўспрымае тваю індывідуальнасць. Таму не хавайся на малітве за чужымі плячыма, за чужымі словамі і чужымі жэстамі. Стань перад Панам гэтак, як умееш, і такім, які ты ёсць.


Арыгінальнасць малітвы паходзіць з неба, а не з зямлі

Нашы малітвы розняцца паміж сабою найперш не словамі, а сэрцамі, на іх уплывае не столькі зямля, колькі неба. На малітве нельга забыцца, што размова ідзе з Богам. Богу вельмі важна, каб мы размаўлялі з Ім выключным спосабам і вельмі асабіста. Твая шчырасць на малітве — гэта і ёсць тваё асабістае прагненне Бога. Твая размова з Богам не падобная да іншых не толькі дзякуючы тваім намаганням, але дзякуючы таму, што Бог мае для кожнага з нас свой план. Таму выключнасць тваёй малітвы пачынаецца ў пустэльні, калі ты застаешся сам-насам з Богам, без сведкаў. У гэтым выпадку ніякі іншы чалавек не парушыць тваёй інтымнасці і ты не забудзешся пра Бога, пачаўшы прыпадабняцца да кагосьці перад іншым чалавекам, пераймаючы чыесьці паводзіны.


Падрыхтавала Ірына Жарнасек.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла