«Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас»

Шостая Велікодная нядзеля — 13 мая 2012 г.
Чытанні: Дз 10, 25–26. 34–35. 44–48; Пс 98 (97), 1. 2–3аb. 3cd–4; 1 Ян 4, 7–10
Евангелле паводле Яна 15, 9–17

Як жа часта, на жаль, людзі паводзяць сябе гэтак, нібы менавіта яны не толькі выбралі Бога, але і з’яўляюцца распарадчыкамі Яго спадчыны на свой густ і разуменне: пачынаючы ад фарысеяў і кніжнікаў, якія не прынялі Хрыста і Яго вучэння (бо тыя не адпавядалі іх уяўленням), да розных рэлігійных «рэфарматараў», якія лічаць, што ім належыць выключнае права інтэрпрэтаваць Божую навуку і навязваць свае бачанне іншым. Усе гэта прыводзіць да вельмі сур’ёзных канфліктаў на глебе веры і сумлення — а яны найбольш балючыя і складаныя, бо кранаюць самыя глыбіні душы, якія здольныя толькі адвярнуць іншых ад хрысціянства, бо сведчаць пра недахоп істотнай яго рысы — любові.

Любоў жа Божая, як і сам Бог, — нязменная: непадуладная часу, веянням моды. Калі кагосьці па-сапраўднаму любіш — не будзеш яго дастасоўваць да сябе, але будзеш імкнуцца перш за усе сам глыбей пазнаць Хрыстовую навуку, сваё жыцце дастасоўваць да яе і дапамагаць рабіць гэта сваім бліжнім. Гэта і будзе тым трывалым плёнам, якога чакае ад нас Езус.


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла