Сэнс святасці

Сёмая Велікодная нядзеля — 20 мая 2012 г.
Чытанні: Дз 1, 15–17. 20а. 20c–26; Пс 103 (102), 1–2. 11–12. 19–20аb; 1 Ян 4, 11–16
Евангелле паводле Яна 17, 11b–19

Сёння Езус моліцца да Айца аб святасці для нас: «Асвяці іх у праўдзе». Ён просіць Айца, каб Той захаваў адлегласць паміж намі і светам, каб мы не згубіліся, не расталі ў свеце. Аднак, калі мы пачынаем думаць пра святасць, няхай нам не дазволяць памыліцца абразкі святых: зробленыя ў цукерачных колерах, з глазураванымі тварамі, з вачыма, узнесенымі ўгару і злёгку схіленымі галовамі. Сапраўды, такі святы з абразка не з гэтага свету. Ён нейкі несапраўдны, недаступны, нават хочацца сказаць, што гэта іншы гатунак чалавека.

Не такіх святых хоча бачыць Езус. Святы аддзелены ад свету іншым чынам. Святы — гэта той, хто мае сваю самасвядомасць. Ён — не сцяжок, які змяняе кірунак у залежнасці ад ветру. Святы не залежыць ад поглядаў іншых людзей, бо ведае сваю вартасць.

Дзе знаходзіцца нашая вартасць? Дзе знаходзіцца нашая самасвядомасць? На гэта ёсць два адказы.

Першы адказ: Езус аддаў нас свайму Айцу, Яго Нябесны Айцец узяў нас пад сваю апеку. Але гэтага мала — Ён з’яўляецца нашым Айцом. Наш Айцец — сам Бог. Самасвядомасць чалавека заўжды абапіраецца на сям’ю. Мы — не сіроты, бо маем найлепшую з магчымых сям’ю, у якой Езус, наш брат, аддаў за нас жыццё.

Другі адказ: самасвядомасць будуецца таксама на веданні гісторыі. Гэта добра відаць на прыкладзе розных народаў. Народ, які забываецца пра сваю гісторыю, сваю мову, перастае існаваць. Гісторыя нашай сям’і і нашая мова — гэта мова Езуса і Яго сям’і: прарокаў і апосталаў, то бок, Святое Пісанне. Без Бібліі мы можам забыцца пра сваё хрысціянства, не кажучы ўжо пра самасвядомасць хрысціяніна — пра святасць.


Айцец Тамаш Міка ОР

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла