Пісанкі — і не толькі… ці Як упрыгожыць велікодныя яйкі

Напярэдадні Вялікадня вернікі ва ўсім свеце ўпрыгожваюць і размалёўваюць велікодныя яйкі.

Праваслаўныя і каталіцкія святары заклікаюць вернікаў адказна і ўважліва паставіцца да ўпрыгожвання велікодных яек, бо апошнім часам назіраецца не зусім добры звычай: усё часцей гаспадыні купляюць і ўпрыгожваюць яйкі налепкамі з рознымі выявамі, але часта на гэтых налепках змешчаны выявы Хрыста і святых. Безумоўна, гэта сімвалічна і прыгожа. Ды, на жаль, потым, калі яйкі аблушчваюць, выявы нішчацца, выкідваюцца. Атрымліваецца нейкі масавы здзек над хрысціянскай сімволікай, бо да святых выяваў заўсёды трэба ставіцца з глыбокай пашанай, а пашкоджаныя — спальваць. Таму заклікаем вас не падтрымліваць гэты нядобры звычай.

Лепш за ўсё, калі вы разам з дзецьмі ці ўнукамі самі размалюеце або ўпрыгожыце  велікодныя яйкі. Прапануем некалькі парадаў, як зрабіць, каб велікодныя яйкі ўпрыгожылі ваш святочны стол, а таксама паслужылі добрым падарункам для родных і знаёмых, радасцю для дзетак. Традыцыйна нашыя продкі фарбавалі яйкі, гатуючы іх у шалупінні цыбулі. Пафарбаваныя ў адзін колер яйкі называліся фарбаванкамі; крапанкамі — калі на агульным каляровым фоне пазначаліся палоскі ці кропачкі іншага колеру. Яйкі, размаляваныя рознымі ўзорамі, назвалі пісанкамі. Але ёсць яшчэ цікавыя спосабы ўпрыгожвання яек, якія можна доўга захоўваць.

Як выдзімаць яйкі
Кончыкам нажа ці вастрыём шыла (ці тоўстай іголкай), акуратна праткнуць шкарлупіну сырога, чыста вымытага яйка з абодвух канцоў. Пакручваючы нож ці іголку, пашырыць дзірачку з аднаго канца, затым іглой ці шылам перамяшаць яйка ўнутры, каб яно лягчэй выцекла. Потым, трымаючы яйка ўніз большай дзірачкай, выдзьмуць бялок з жаўтком, выкарыстоўваючы шпрыц, спрынцоўку ці саломінку. Шкарлупіну прамыць, паставіць на латок для прасушкі (вялікай адтулінай уніз). Перад тым, як пачаць упрыгожваць яйкі, трэба заклеіць дзірачкі, зробленыя для прадзімання — выразаць маленькія кружочкі самаклейкай (ці звычайнай белай) паперы і заклеіць. Можна таксама іх заклеіць адразу дэкаратыўнымі элементамі. Падрыхтаваныя такім чынам яйкі можна афарбоўваць і размалёўваць любымі фарбамі — натуральнымі, харчовымі, акрылавымі ці акварэльнымі — пэндзлікам, губкай або фламастарамі. На белыя або афарбаваныя яйкі наклейваюць (клеем ПВА) шкарлупінкі кантраснага колеру, налепкі, стразы, кавалачкі бліскучай фольгі ці тканіны. З упрыгожаных яек можна зрабіць «велікоднае дрэўца», прымацаваўшы іх прыгожымі стужачкамі на галінках вярбы ці іншых галінках.

Мазаічныя яйкі
Пафарбаваць яйкі (можна ўзяць яйкі, якія лопнулі падчас выдзімання) у любы колер. Калі фарба высахне, паламаць шкарлупінкі на кавалачкі і прыклеіць іх на выдзьмутыя яйкі.

Пушыстыя яйкі
Абклеіць (лепш выкарыстоўваць тэрмаклей) выдзьмутыя яйкі пафарбаваным рознакаляровым пер’ем, прыклейваючы іх па адным.

Ажурныя яйкі
Абкруціць сырое яйка палоскай карункаў або закруціць яго ў карункавую тканіну і перавязаць ніткай ці зашыць стык карункаў. Пафарбаваць яйка  натуральнымі ці харчовымі фарбамі, даць ім высахнуць, потым зняць карункі і акуратна выдзьмуць яйка. Дзірачкі заклеіць стразамі, бісерам ці дэкаратыўнай кветачкай. Можна проста абклеіць фарбаванае яйка карункамі.

Бісерныя яйкі
На выдзьмутым яйку намаляваць простым алоўкам лініі і ўзоры. Затым, змазваючы гэтыя лініі клеем, пінцэтам прыкладваць каляровы бісер. Бісер можна папярэдне нанізаць на нітку ці прышыць да тасьмы. Замест бісера можна выкарыстоўваць стразы і зярняткі (напр., зярняткі гарчыцы, каляндры, кунжуту, маку).

Вясёлыя яйкі
Выдзьмутыя яйкі можна расфарбаваць пры дапамозе пэндзліка ці губкі ў выглядзе пчолкі, божай кароўкі і г. д.

«Зайка». Выразаць з паперы ці тканіны палоску, зрабіць на ёй шмат надрэзаў, не праразаючы да канца. Скласці палоску і ўставіць у дзірачку на вострым канцы выдзьмутага яйка — атрымаецца грыўка. Выразаць з кардону прадаўгаватыя, закругленыя палоскі-вушкі (можна дадаткова наклеіць іх на тканіну). Кожнае вушка скласці ўдоўж папалам каля асновы, склеіць палавінкі паміж сабой (толькі каля асновы!) і, дадаткова змазаўшы клеем, уставіць у адтуліну яйка. Фламастарамі, алоўкамі ці фарбамі намаляваць пыску «зайкі».

«Пчолка». Пафарбаваць выдзьмутае яйка ў жоўты колер, даць высахнуць. Фламастарам, фарбамі ці грыфелем намаляваць вочкі, усмешку і вусікі. Прыклеіць хабаток з цёмнага бісеру, стразы ці вузельчыка, зробленага з карункаў. З карункаў чорнага або карычневага колеру выразаць 2 палоскі такім памерам, каб хапіла абкруціць імі яйка, і абклеіць іх на адлегласці адна ад другой. З карункаў белага колеру выразаць паўкруглыя ці круглыя крыльцы, прыклеіць іх зверху «пчолкі», склаўшы і склеіўшы іх каля асновы, якая датыкаецца да спіны «пчолкі».

«Божая кароўка». Намаляваць простым алоўкам на выдзьмутым яйку лініі галоўкі, вачэй, усмешку, разрэз крыльцаў, плямачкі і вусікі. Расфарбаваць яйка паводле ліній чырвоным (бардовым), карычневым (чорным) і белым колерамі. Калі фарбы вельмі цёмныя, то спачатку выдзьмутае яйка пафарбаваць чырвоным колерам і толькі потым наносіць лініі алоўкам.

Вясёлых святаў!


Марына Новікава.
Фота аўтара.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла