Святой памяці кс. Мечыслава Багаткевіча

Я хачу расказаць пра благаслаўлёнага мучаніка ксяндза Мечыслава Багаткевіча, які працаваў у нашай пеліканскай парафіі. 4 сакавіка споўнілася 70 гадоў з дня яго мучаніцкай смерці. Калі кс. Мечыслаў служыў у пеліканскім касцёле (цяпер гэта в. Мілюнцы), я была маленькая, але хачу расказаць вам тое, што памятаю з аповедаў сваёй маці і родных.

Пачну з таго, што зусім нядаўна, 26 верасня 2009 года, вернікі з Гомельшчыны ездзілі ў лунінецкі касцёл, дзе раней працаваў кс. Мечыслаў Багаткевіч. Там яны атрымалі памяткі пра жыццёвы шлях гэтага святара мучаніка, а цяпер благаслаўлёнага. І вось чытаем, што паводле гэтай памяткі пісаў у сваім Брэвіярыі кс. Мечыслаў у апошнюю ноч (а дакладней, у апошнія гадзіны) перад смерцю: «Маім парафіянам з пеліканскай і дрысенскай парафій перадаю сардэчнае прывітанне і прашу аб малітве». Як гэта прыгожа і да слёз кранальна, што святар у апошнія хвіліны свайго зямнога жыцця не забываецца пра сваіх парафіянаў і родных; ён да канца застаецца верным свайму святарскаму пакліканню. Недалёка ад пеліканскага касцёла знаходзяцца каталіцкія могілкі, на іх спачываюць многія парафіяне з вёскі Рудзі, якія пакінулі гэты свет. Там пахаваны і мой тата, а мама знайшла супакой на нашых супольных могілках у Ельску.

Благаслаўлёны ксёндз Мечыслаў Багаткевіч працаваў у пеліканскім касцёле з верасня 1939 г. да кастрычніка 1941 г., пакуль яго не перавялі ў Дрысу. Пеліканскія парафіяне вельмі любілі свайго святара, яго запал і жыццёвая энергія гуртавалі вакол касцёла моладзь. Мама мне многа расказвала пра свайго душпастыра. Ён часта прыязджаў у нашую вёску да сваіх парафіянаў, удзяляў сакрамэнты, ездзіў па калядзе, летам збіраў усіх вернікаў на могілках для малітвы за памерлых. Мама распавядала, што гэта адбывалася пасля святой Імшы ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы. Мне запомнілася, што ўсе былі вельмі захоплены яго прыгожымі казаннямі. І калі вернікі
вярталіся дадому пасля святой Імшы, дома іх ужо чакалі тыя, хто не змог у гэты дзень быць у касцёле, каб распытаць, аб чым гаварыў кс. Мечыслаў з амбоны. Кожнае слова гэтага святара ўспрымалася людзьмі з вялікаю ўвагаю і пасля перадавалася іншым. Пеліканскія вернікі не забываліся пра свайго ксяндза Мечыслава і тады, калі яго перавялі ў іншую парафію. З вялікім жалем прынялі яны вестку пра яго смерць, усе плакалі і маліліся. Cёння кс. Мечыслава разам з намі няма, але ён жыве ў небе і дапамагае сваім вернікам, якія раз’ехаліся па розных кутках краіны, у іх шчырай малітве да Пана Бога, каб ад Браслаўшчыны і да Ельска, асабліва там, дзе няма касцёлаў, людзі хутчэй навярнуліся да веры і пазналі Бога. А Бог шчодры на ласкі!

Цяпер, дарагая рэдакцыя, я хачу падзяліцца з вамі сваёй прыемнаю навіною. 18 лютага да нас завітаў з душпастырскім візітам ксёндз біскуп Казімір Велікаселец разам з кс. Вінцэнтам Сеўруком з Нароўлі. Прыезд біскупа выклікаў у вернікаў вялікую радасць. Усім хацелася сустрэцца з гэтым адданым сведкам жывой каталіцкай веры. Гэта было першае наведванне нашай парафіі такою высокаю духоўнаю асобаю. Некаторыя вернікі вярнуліся з высылкі. Пакараныя калісьці за веру ў Бога, яны плакалі ў гэты дзень слязьмі радасці. Нават надвор’е спрыяла таму, каб сустрэча была больш святочнаю — стаяў ціхі, цёплы і па-вясноваму сонечны дзень. На гэтую ўрачыстасць сабралася вельмі шмат вернікаў: апрача пажылых парафіянаў былі і людзі маладога пакалення, а таксама дзеткі. Усіх іх прывяла сюды вера. Людзей было гэтак шмат, што кватэра нашай Станіславы Бярнадскай ледзьве змясціла ўсіх.

У поўнай цішыні і пабожнасці прайшла святая Імша. Прыгожае казанне біскупа Казіміра Велікасельца закранула душы ўсіх прысутных, даючы глыток чыстага духоўнага паветра. Разам са святарамі да нас прыехаў арганіст Сяргей  са сваім музычным інструментам. Ён ужо доўгі час наведвае многія касцёлы Мазырскага дэканата. І ў гэты дзень на працягу ўсёй святой Імшы гучала яго прыгожае гранне. Душы вернікаў гучалі ва ўнісон з акордамі музыкі, а гучны барытон арганіста зліваўся з нашымі галасамі, славячы Усявышняга.

Прыемна было бачыць нашага ксяндза Вінцэнта, у якога так шчасліва свяціліся вочы ў гэты дзень. З вялікай радасцю і святочным настроем вярталіся людзі дадому з гэтага «хатняга касцёла» пані Станіславы. І з цвёрдай верай у тое, што тут, у Ельску, будзе жывы Касцёл.

У час Вялікага посту памолімся і ўспомнім крыжовы шлях нашага ксяндза мучаніка — благаслаўлёнага Мечыслава Багаткевіча, які з любові да Бога і людзей праліў сваю кроў. Няхай ён сёння дапамагае тым, хто шукае дарогі да Бога!


Ванда Дзенісенка, г. Ельск.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла