«Вырашайце справы па-Божаму...»

Пахвалёны Езус Хрыстус!

Добры дзень, паважаная рэдакцыя часопіса «Ave Maria». Да вас звяртаецца парафіянка касцёла святога Казіміра, які будуецца ў Маладзечне. Я заўсёды чытаю ваш часопіс і хацела б падзяліцца з чытачамі некаторымі ўспамінамі, якія звязаны са святой памяці кардыналам Казімірам Свёнткам. Мой дзядзька Вацлаў Драздовіч нарадзіўся ў 1911 годзе, а ў 2003 годзе адышоў да Бога. Ён жыў у вёсцы Журэвічы Маладзечанскага раёна, у час вайны працаваў на чыгунцы. На вайну дзядзьку не бралі — у яго была «бронь». Аднойчы ноччу, ужо пасля вайны, у гады сталінскай рэпрэсіі, дзядзьку арыштавалі. Затым была высылка ў Караганду, лесапавал, лагеры... А выдаў яго ні за што Аноп з вёскі Белыя. Дзядзька быў у высылцы 10 гадоў. Дома пасля яго арышту засталіся двое дзяцей і хворая жонка, якая хутка памерла. Дзяцей узяла цётка Ліда з вёскі Шыпулічы, гадавала іх у зямлянцы, бо немцы, адступаючы, спалілі вёску. Гадаваліся ў холадзе і голадзе. А дзядзька ў гэты час адбываў пакаранне разам з ксяндзом Казімірам Свёнткам, распавядаў, як яны галадалі, мерзлі. Часам, прачынаючыся ўначы, бачылі вакол сябе мёртвыя целы сваіх сукамернікаў. Раніцою іх выносілі на насілках, складалі, як дровы... Казімір Свёнтэк ноччу цэлебраваў святую Імшу, ціхенька ўдзяляў святую Камунію надзейным хрысціянам — па малюсенькім кавалачку, і каб ніхто не бачыў, бо за гэта пагражаў расстрэл. Памятаю, як мая мама пасылала дзядзьку сухары, хоць у нас саміх не было чаго есці. У лагеры дзядзька апынуўся ў кухні і дзякуючы гэтаму дапамагаў выжыць іншым. У гэтым ён таксама бачыў Божую волю.

Вярнуўшыся з высылкі на радзіму, дзядзька купіў сабе пахілую хатку ў вёсцы Журэвічы, адрамантаваў яе, забраў да сябе дзяцей, працаваў цесляром. Памятаю, калі мне было гадоў 10–12, я паехала да яго ў госці. Ён заслаў стол белым абрусам, паставіў гарачую бульбу ў чыгунку і кіслую капусту. Як жа нам было смачна! Дзядзька ўключыў радыё і слухаў святую Імшу, якую ў Мінску цэлебраваў ксёндз Казімір Свёнтэк. Слухаў вельмі ўважліва, выціраючы слёзы, і казаў: «А я з Казімірам Свёнткам у турме быў». Дзядзька пражыў 92 гады. Якая моцная была яго вера! Калі ён быў цяжка хворы, мне давялося прывесці ксяндза Рыгора Гуральскага з Маладзечна, які паспавядаў дзядзьку і ўдзяліў сакрамэнт намашчэння. Пасля гэтага дзядзька пражыў яшчэ паўгода і заўсёды нам гаварыў: «Дзеці, ніколі не спяшайцеся ў жыцці, вырашайце ўсе справы па-Божаму». Сам ён быў ціхі, спакойны, ураўнаважаны і часам прыпяваў сам сабе. Дзядзька прабачыў таму, хто нанёс яму такую рану ў жыцці, спрычыніўшыся да яго арышту і высылкі. Пры сустрэчы ён спакойна гутарыў з ім, а нас вучыў, паўтараючы: «Бог яму суддзя».


Яніна Альшэўская, г. Маладзечна.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла