Даручэнне сябе Беззаганнай

Змест кнігі

Прычыны, якія пабуджаюць нас даручаць сябе Беззаганнай

Годнасць Беззаганнай

У адносінах да нас

Чалавечых словаў недастаткова для таго, каб гаварыць пра Яе, таму што Яна беззаганная, невымоўна прыгожая, а нашыя словы не пазбаўлены недасканаласці, дый рэчы створанага свету, якія яны абазначаюць, таксама не без заганаў.

Чалавечая мова можа толькі дапамагчы душы зблізіцца з Ёю, а Яна сама будзе аб’яўляцца душы з кожным разам усё больш выразна. У малітве, у частым і шчырым кантакце з Ёю душа будзе ўсё лепш разумець Яе, будзе захапляцца Яе боскаю беззаганнасцю, разгарацца любоўю да Яе — ажно да поўнага самаадрачэння.

Мы называем Яе Маці, але зямная маці не пазбаўлена заганаў і слабасцяў, таму сярод чалавечых законаў ёсць такія, у якіх гаворыцца аб правах дзіцяці адносна бацькоў; тым часам гэтая Маці — Маці без грахоў, беззаганная, і ўсялякае пярэчанне з боку дзіцяці можа ўчыніць Ёй сапраўды невымоўную прыкрасць і крыўду, бо ў такім выпадку будзе мець дапушчэнне, што ў Ёй магчымы хаця б цень граху. Наадварот, адданае Ёй дзіця жадае, каб Яна карысталася ім і выкарыстала ў поўні, яно жадае аддаць усе свае сілы дзеля Яе (VII, 1183).

Калі хтосьці ўпадзе ў грэх, глыбока завязне ў сваіх згубных звычках, стане пагарджаць Божымі ласкамі, то ён ужо не будзе глядзець на добры прыклад іншых, не будзе звяртаць увагі на збаўчае натхненне Духа Святога і стане нявартым далейшых ласкаў. Дык што ж, упадаць у роспач? Не, ні ў якім выпадку! Таму што гэты чалавек мае Маці, дадзеную яму Богам. Яна чулым сэрцам назірае за кожным яго ўчынкам, кожным словам, кожнаю думкаю. Яна не зважае на тое, ці варты ён, каб Бог злітаваўся над ім. Яна з’яўляецца толькі Маці Міласэрнасці, таму спяшаецца туды, дзе больш за ўсё ўбоства ў душах, нават калі Яе не клічуць. Сапраўды, чым больш душа знявечыла сябе грахом, тым больш у ёй выяўляецца Божая міласэрнасць, увасабленнем якой з’яўляецца менавіта Беззаганная (VI, 1007).

Мы называем Яе Пані, але гэтае паняцце не перадае разумення таго, што Яна любіць нас мацярынскім сэрцам.

Называем Яе Каралеваю, але і тут трэба дадаць, што Яна з’яўляецца Каралеваю сэрцаў, Каралеваю любові. Яе закон — любоў, Яе магутнасць — мацярынская любоў (VII, 1183).

Несумненнаю і неаспрэчнаю ісцінаю ў Каталіцкім Касцёле з’яўляецца тое, што Маці Божая — Пасрэдніца ўсялякіх ласкаў, хоць гэта яшчэ не абвешчана як догмат. Гэтая ісціна была вядомая ўжо ў першыя стагоддзі хрысціянства, але не выклікала такой зацікаўленасці, як у нашыя часы (Konf. OMK, 24).

Беззаганная — гэта Усемагутнасць, якая ўзносіць за нас просьбы... Кожнае навяртанне і асвячэнне з’яўляецца справаю ласкі, а Яна — Пасрэдніца ўсялякіх ласкаў. Таму Яна адна здольная выпрасіць і даць нам усё, усялякія ласкі.

Падчас аб’яўлення цудадзейнага медаліка св. Кацярына Лябурэ бачыла промні, якія сыходзілі з каштоўных пярсцёнкаў на пальцах Беззаганнай. Яны азначаюць ласкі, якімі Беззаганная адорвае ўсіх, хто гэтага жадае (VII, 1197).

Калі б усе душы, якія скончылі зямное пілігрымаванне або ў наш час жывуць на зямлі, мелі магчымасць выказацца, то можна было б скласці незлічоныя важкія тамы са сведчаннямі пра справы Беззаганнай, ласкавай Маці душаў, адкупленых Найсвяцейшаю Крывёю Яе Боскага Сына. Дый у гэтых тамах мелася б толькі тое, што душы гэтыя заўважылі як асаблівую ласку Беззаганнай, у той час як кожная ласка сыходзіць на душу з рук Пасрэдніцы ўсялякіх ласкаў і няма такой хвіліны, у якую б на кожную душу не сплывалі ўсё новыя і новыя ласкі: ласкі прасвятлення розуму, узмацнення волі, заахвочвання да дабра; ласкі звычайныя і надзвычайныя, ласкі, якія непасрэдна звязаны з зямным жыццём і асвячэннем душы.

Толькі на Божым судзе і ў небе мы даведаемся аб тым, як гэтая наша ласкавая нябесная Маці з самага пачатку клапацілася пра кожнага з нас, як Яна дбае пра кожную душу — сваё дзіця, каб сфармаваць яе па прыкладзе Езуса, Яе першароднага Дзіцяці, Правобраза святасці, Бога-Чалавека (VII, 1178).

Аднак гэтыя і падобныя да іх тлумачэнні, нават калі прыводзіць іх бясконца, не выкажуць і часткова таго, што адчувае душа, якая палае любоўю да Яе.

Душа спазнае на сабе, што Беззаганная становіцца для яе з кожным разам усё бліжэйшаю ва ўсіх адносінах, і ўсведамляе, што гэта толькі пачатак у пазнанні Яе і любові да Яе.

Наблізіўшыся да Сэрца Беззаганнай, зачэрпнеш з яго больш ведаў пра Яе і мацней разгарышся любоўю да Яе, чым пазнаючы Беззаганную з дапамогаю ўсіх словаў чалавечай мовы, разам узятых (VII, 1183).


Пераклад з польскай мовы Ганны Серэхан.
Паводле: M.M. Kolbe «Oddanie się Niepokalanej». — Niepokalanów, 2002.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла