З «Дзённіка»

Агульны змест

29.04.1935
421 Напярэдадні выстаўлення гэтага абраза я была з нашаю маці настаяцельніцаю ў нашага спаведніка1. Калі зайшла размова на тэму гэтага абраза, спаведнік папрасіў, каб хто-небудзь з сясцёр дапамог звіць вянкі. Маці настаяцельніца адказала, што дапаможа сястра Фаўстына; я гэтаму бязмежна ўзрадавалася. Калі мы вярнуліся дадому, я тут жа занялася падрыхтоўкаю зеляніны і з дапамогаю аднае з выхаванак прывезла зеляніну; яшчэ дапамагала адна жанчына, якая працуе ў касцёле. У сем гадзін вечара ўсё ўжо было гатова, абраз ужо быў павешаны.

Аднак некаторыя жанчыны заўважылі, што я там круцілася, бо, напэўна, я больш перашкаджала2, чым дапамагала, і на другі дзень пыталі ў сясцёр, што гэта за прыгожы абраз і якое значэнне ён мае. «Напэўна, вы ведаеце, бо ўчора адна з сясцёр яго ўпрыгожвала». Сёстры былі моцна здзіўленыя, бо нічога пра гэта не ведалі, кожная хацела яго ўбачыць, і падазрэнне адразу ж упала на мяне. Яны казалі: «Сястра Фаўстына, напэўна, добра пра ўсё ведае». Калі ў мяне пачалі пытаць, я маўчала, бо не магла сказаць праўды. Маё маўчанне было прычынаю яшчэ большай іх цікаўнасці; я падвоіла сваю чуйнасць, каб не зманіць і не сказаць праўды, бо не мела дазволу. Тады мне пачалі выказваць незадаволенасць і адкрыта мне выгаворвалі, як такое можа быць, каб чужыя людзі ведалі пра гэта, а мы — нічога. Пачалі выказвацца розныя меркаванні наконт мяне. Я шмат выцерпела на працягу трох дзён, але дзіўная моц уваходзіла ў маю душу. Я рада, што магу цярпець для Бога і душаў, якія ўдастоіліся Яго міласэрнасці ў гэтыя дні. Бачачы так шмат душаў, якія ў гэтыя дні ўдастоіліся Божай міласэрнасці, я лічу нічым працу і цярпенне, хоць бы і найбольшыя, і хоць бы яны цягнуліся да канца свету, бо ў іх ёсць канец, а душы, якія праз гэта навярнуліся, уратаваныя ад бясконцых мучэнняў. Для мяне было вялікай радасцю бачыць іншых людзей, якія вярталіся да крыніцы шчасця, у лона Божай міласэрнасці.

422 Бачачы адданасць і працу кс. д-ра Сапоцькі ў гэтай справе, я захаплялася яго цярплівасцю і пакораю; усё гэта дорага каштавала — не толькі працы і розных прыкрасцяў, але і шмат грошай, аднак на ўсё кс. д-р Сапоцька даваў сродкі. Я бачу, што Божы Провід падрыхтаваў яго да здзяйснення гэтай справы міласэрнасці раней, чым я прасіла аб гэтым Бога. О, якія дзіўныя Твае шляхі, Божа, і шчаслівыя тыя душы, якія ідуць за голасам Божай ласкі .

423 За ўсё ўсхваляй, душа мая, Пана і праслаўляй Яго міласэрнасць, бо Яго дабрыні няма канца. Усё праміне, а Яго міласэрнасці няма ні мяжы, ні канца, і хоць у злосці ёсць мяжа, у міласэрнасці няма мяжы. О мой Божа, нават у карах, якія Ты спасылаеш на зямлю, я бачу бездань Тваёй міласэрнасці, бо, караючы нас тут, на зямлі, Ты вызваляеш нас ад кары вечнай. Радуйся, кожнае стварэнне, бо ты бліжэй да Бога ў Яго бясконцай міласэрнасці, чым немаўля — да сэрца маці. О Божа, Ты — сама літасць для найбольшых грэшнікаў, якія шчыра каюцца; [а] чым большы грэшнік, тым большае ў яго права на Божую міласэрнаcць.

424 У нейкі момант, 12.05.1935 года.
Вечарам, як толькі я легла спаць, адразу ж заснула, але як я хутка заснула, так яшчэ хутчэй мяне разбудзілі. Да мяне прыйшло малое Дзіця і разбудзіла мяне. Дзіцяці гэтаму быў прыкладна гадок, і я здзівілася, што яно так прыгожа гаворыць, бо дзеці ў такім узросце не размаўляюць увогуле або гавораць вельмі невыразна. Яно было невыказна прыгожае, падобнае да Дзіцяці Езуса. І Яно прамовіла да мяне такія словы: «Глядзі на неба». І калі я зірнула на неба, то ўбачыла святлістыя зоркі і месяц. Тады Дзіця запытала ў мяне: «Ці бачыш ты гэты месяц і гэтыя зоркі?» Я адказала, што бачу, а Яно мне адказала: «Гэтыя зоркі — душы верных хрысціянаў, а месяц — манаскія душы. Бачыш, якая вялікая розніца паміж святлом месяца і святлом зорак — такая ж вялікая розніца на небе паміж манаскаю душою і душою вернага хрысціяніна». І яшчэ Дзіця сказала мне, што сапраўдная веліч — у любові да Бога і ў пакоры.

425 Тут я ўбачыла адну душу, якая ў страшных муках разлучалася з целам. О Езу, калі я гэта пішу, то ўся дрыжу ад выгляду тых жахаў, якія сведчаць супраць яе... Я бачыла, як з нейкай бруднай бездані выходзілі душы маленькіх дзяцей і старэйшых, гадоў дзевяці; гэтыя душы былі брыдкія і агідныя, падобныя да найстрашнейшых пачвараў, да загнілых трупаў, але гэтыя трупы былі жывыя і голасна сведчылі супраць тае душы, якую я бачыла ў кананні. А душа, якую я бачыла ў кананні, была поўная пашаноты і ўсеагульнага прызнання, канцом якіх ёсць пустата і грэх. Напрыканцы выйшла дзяўчына, якая трымала нібы ў фартуху слёзы, і яна пераканальна сведчыла супраць душы.

426 О страшная гадзіна, калі трэба бачыць усе свае ўчынкі ва ўсёй іх адлегласці і [мізэрнасці]; не знікае ніводзін з іх, яны будуць верна суправаджаць нас на суд Божы. У мяне няма ні словаў, ні параўнанняў, каб выказаць такія страшныя рэчы, і хоць мне здаецца, што гэта душа не асуджана на вечныя мукі, аднак яе мукі нічым не адрозніваюцца ад пякельных мукаў — адна толькі розніца, [што] яны некалі закончацца.

427 Праз хвіліну я зноў убачыла тое самае Дзіця, якое мяне разбудзіла. Яно было цудоўнай прыгажосці і паўтарыла мне гэтыя словы: «Сапраўдная веліч душы — у любові да Бога і ў пакоры». Я спытала ў гэтага Дзіцяці: «Адкуль ты ведаеш, што сапраўдная веліч душы — у любові да Бога і ў пакоры, гэта ж могуць ведаць толькі тэолагі, а ты ж нават катэхізісу не навучалася, дык як жа ты пра гэта ведаеш?» А Яно мне на гэта адказала: «Ведаю, і ўсё ведаю». І ў тую ж хвіліну знікла.

428 Аднак я так і не заснула, мой розум быў змучаны тым, над чым я пачала разважаць, — над тым, што бачыла. О душы людскія, як позна вы спазнаяце праўду. О бездань Божай міласэрнасці, як найхутчэй разліся на цэлы свет, гэтак, як Ты сам сказаў.

Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько.

1 Кс. Міхал Сапоцька.
2 У рукапісе: «засланяла».

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла