Разважанні над Галілейскім морам і рыбакамі…

Пасля таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы, што настаў час і наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў Евангелле.

Праходзячы ж каля Галілейскага мора, убачыў Сымона і Андрэя, брата Сымона, якія закідалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі. І сказаў ім Езус: Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас рыбакамі людзей. І, адразу пакінуўшы сеткі, яны пайшлі за Ім.

Адышоўшы крыху далей, Ён убачыў Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата ягонага, якія таксама сядзелі ў чаўне і ладзілі сеткі. І адразу паклікаў іх. І, пакінуўшы бацьку свайго Зэбэдэя ў чаўне з работнікамі, яны пайшлі за Ім.


Узбярэжжы Галілейскага мора…

Узбярэжжамі Галілейскага мора Бог называе берагі ўсіх мораў і рэкаў, і малых і вялікіх, і як клікаў рыбакоў каля тых водаў, так кліча кожнага чалавека. У кожнага сваё Галілейскае мора: бацька і маці, праца, кар’ера, адукацыя...

Кожны з нас мае сваю сетку, якую закідае і закідае ў хвалістае, зменнае мора жыцця і ўсё стараецца з гэтага мора нешта выцягнуць: нейкія жыццёвыя поспехі, новыя знаёмствы, грошы, уладу, вядомасць, прыгажосць. Мы бесперапынна закідаем сеткі ў жыццё, а ці здольныя так, як апосталы, пакінуць іх, каб пайсці за Хрыстом да канца. Пакінуць усё, каб пайсці ў невядомае, але Божае.

У магчымасці прыняць такое рашэнне ў сваім жыцці схаваная таямніца нашай веры. Схаваная таямніца жыцця і смерці. Кожны, хто здольны пайсці ў любы момант  за праўдай Хрыста, хто не баіцца пайсці за гэтай праўдай, той спазнае сапраўднае шчасце, той гатовы на любыя выпрабаванні, той сапраўдны чалавек, які ўмее любіць, дапамагаць, давяраць.

Хто ўмее служыць Праўдзе, хто імкнецца да гэтага служэння — той  ужо ідзе за Хрыстом.

Рыбакі.

Словы рыбакоў…

Наколькі сумленнымі рыбакамі мы будзем, настолькі больш будзем падрыхтаваныя да таго, каб ісці за Хрыстом.

Чым мацнейшыя вузлы нашых сетак, тым мацнейшае нашае слова перад людзьмі і Богам.

Чым раней устаем, каб выходзіць у мора, тым хутчэй мы пачуем голас Бога і чалавека.

Чым далей заплывём, каб на глыбіні шукаць вялікага ўлову, тым глыбей мы пазнаем Бога, каб атрымаць  вялікую моц Яго мудрасці.

Чым больш смела будзем трымацца падчас буры і хваляў вялікіх, тым смялей бараніць будзем веру і праўду.

Чым даўжэй будзем глядзець у зорнае неба над намі ці ў зоры, што ў марскім небе адбіваюцца, тым больш будзем гатовыя да сузірання Бога і Яго велічы…

І калі будзем мець сэрцы чыстыя, а рукі заўсёды гатовыя да працы, да выйсця ў мора, то будзе прасцей нам пайсці за Хрыстом, бо ўжо загартаваныя, бо з рыбакоў звычайных станем рыбакамі Божымі, бо кожны нараджаецца, каб быць  добрым рыбаком на Зямлі, каб плысці ў тым чоўне, якім кіруе Бог і які павінен будзе прыпыніцца на беразе Божага Валадарства.

Хопіць і дзвюх рыбінаў…

Плён працы рук рыбакоў насыціць тысячы галодных, нават калі на тыя тысячы будзе толькі дзве рыбіны. Насыціць, бо да іх дададзена моц Божай любові. Божай любоўю і Божай праўдай будзе насычаны народ, а без спазнання Бога будзе вечна шукаць, гукаць, наракаць і плакаць. Будзьце рыбакамі, каб злавіць для свайго народа хоць некалькі рыбінаў, каб паднесці іх да Бога і папрасіць, каб памножыў, каб накарміў наш народ, каб напоўніў любоўю, святасцю  і верай сэрца народа.

Моц рыбакоў і простасць...

Пайшлі за Хрыстом, бо былі простыя сэрцам самі і ўбачылі гэтую простасць  у Хрысце. Іх гэтай простасці хіба вучыла хваля, якая з дня ў дзень робіць адну простую справу — амывае бераг. Дзякуючы гэтай справе, дзякуючы цярпенню хвалі, шліфуецца прыгожы бурштын, які потым прыносіць вялікую радасць людзям.

Будзем вучыцца, як рыбакі ў мора, цярплівасці і ахайнасці ў выкананні простых справаў, якія з цягам часу прыносяць чалавецтву  вялікае шчасце.

Аксана Ючкавіч.
Малюнкі аўтара.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла