Пяцьдзясят памочнікаў у нягодах. Святы Юрый

Будзь непахісным — ты маеш сілу абараніць сябе

Святы Юрый з’яўляецца апекуном следапытаў і скаўтаў. Яны ўшаноўваюць яго, бо ён дае ім сваім жыццём прыклад таго, як верна і з чыстым сэрцам выконваць даручаную ім службу. Гэтага святога вельмі высока цэняць у Англіі (там ён ушаноўваецца як св. Джордж. — І. Б.), ва ўсходнім хрысціянстве таксама вядома шмат іконаў з выяваю св. Юрыя (св. Георгія Пераможцы. — І. Б.). Святы Юрый быў рымскім афіцэрам у час уладарання імператара Дыяклетыяна. Ён меў высокае воінскае званне і вызначаўся адвагаю. Калі Дыяклетыян аддаў загад пераследаваць хрысціянаў, Юрый запярэчыў імператару і кінуў яму ў твар рэзкі папрок. Імператар загадаў закаваць Юрыя ў ланцугі і падвергнуць катаванню. Але чым больш жорсткімі былі катаванні, тым больш спакойным і непахісным станавіўся Юрый. Ягоныя раны загойваліся цудоўным чынам, таму што сам Бог уначы дапамагаў яму. Імператар вымушаны быў прызнаць, што так ён не зможа ўзяць верх над сваім афіцэрам. Тады Дыяклетыян загадаў ссячы яму галаву. Праваслаўныя называюць гэтага святога велікамучанікам, таму што ён перанёс тысячу смерцяў адну за адной. Успамін св. Юрыя адзначаецца 23 красавіка.


У адной з вядомых легендаў пра гэтага святога апавядаецца, як ён перамог цмока. Паблізу ад горада Сілена была дрыгва — багністае топкае месца. Там жыў страшны цмок. Жыхары горада вельмі баяліся цмока і, каб змякчыць яго гнеў, прыносілі яму кожны дзень дзвюх авечак. Калі авечак засталося мала, яны ахвяравалі штодзённа ўсяго толькі адну авечку і аддавалі ў дадатак адно малое дзіця. Аднойчы жэрабя выпала на дачку караля. Кароль не хацеў расставацца са сваёй дачкой, але ўсё ж такі аддаў яе. У гэты момант з’явіўся св. Юрый. Дзяўчынка расказала яму пра ахвяры, якія трэба было штодзённа прыносіць цмоку. Пачуўшы пра гэта, Юрый запалаў гневам, напаў на цмока і пасля доўгай барацьбы забіў яго. Дачка караля радавалася свайму збаўленню, а кароль разам з усімі сваімі падданымі прыняў хрысціянскую веру.

Святы Юрый — адважны воін, які ратуе жыццё. Ён умее добра распараджацца сваёю сілаю і перамагае цмока. У вобразе цмока ўвасоблена ўсё злое і небяспечнае, што ўзнімаецца з багны нашай падсвядомасці, гатовае паглынуць нашу сілу. Сапраўды, гэты «цмок» хацеў бы зжэрці таксама тое дзіця, якое жыве ў нашай душы, наш першапачатковы чысты і нескажоны вобраз. Святы Юрый — гэта ўвасабленне той праўды, што мы не выдадзены бездапаможнымі ніякаму цмоку. Многія, напрыклад, лічаць, што яны бяссільныя перад дэпрэсіўнымі пачуццямі, якія раптам узнікаюць у іх. Аднаго маладога чалавека пакінула яго дзяўчына пасля некалькіх гадоў моцнага сяброўства, і ён не мог з гэтым справіцца. Юнак адчуваў сябе глыбока пакрыўджаным з-за таго, што яна знайшла сабе іншага сябра. Ён жа рабіў для яе ўсё! Дэпрэсіўныя думкі і пачуцці перапоўнілі яго душу. Ён больш не мог ясна разважаць і ўсё часцей думаў пра самазабойства. У адну з начэй, калі ім зноў авалодалі гэтыя дэпрэсіўныя пачуцці, насуперак ім ён закрычаў, увесь прасякнуты злосцю: «У імя святога Юрыя: прэч!». Гэта яго вызваліла. Ён звярнуўся да сілы св. Юрыя, што была ў ім, і супрацьстаяў цмоку. Так юнаку ўдалося знайсці ў сабе новыя сілы і ён змог жыць свабодна.

Святы Юрый з’яўляецца апекуном усіх, хто адчувае сябе безабаронным і аддадзеным цмоку. Больш глыбокі сэнс гэтай легенды такі: мы не бездапаможныя і не бяссільныя. Мы маем у сабе сілу, з дапамогай якой можам абараніць сябе. Цмок стаіць напагатове і на ценявым боку чалавека. Многае з таго, што знаходзіцца на нашых ценявых баках, павінна быць інтэграванае* <…>, але мы маем таксама тэндэнцыі, якім нельга даваць волю. Мы павінны непахісна змагацца супраць іх і выдаляць іх з сябе. Менавіта пачуццё жаласці да сябе часта становіцца тым вірам, які зацягвае нас у багну. І тут не можа быць мэтаю інтэграцыя гэтых пачуццяў. Яны недасягальныя для розуму. Іх трэба выгнаць і за-біць, і рабіць гэта мужна, як св. Юрый.

Усе мы маем свае ценявыя бакі. Якія «цмокі» выступаюць у паход супраць цябе? Якая негатыўная сіла гатова паглынуць цябе, завалодаць табою? Ці існуюць нейкія дэпрэсіўныя пачуцці або нейкія людзі, ад якіх ты не можаш абараніцца, таму што яны распазналі твае слабасці, тое, у чым ты бездапаможны? У самім табе ёсць сіла, з дапамогаю якой ты можаш абараніць сябе. Абараніць сябе — гэта не значыць весці барацьбу за ўладу з тым, што табе пагражае. Гаворка ідзе пра тое, каб быць непахісным, каб захаваць сябе, каб пастаяць за сябе. І табе патрэбна агрэсіўнасць для таго, каб абараніць сябе ад нападаў іншых людзей, каб яны табе не зашкодзілі. Калі ты звернешся да той духоўнай сілы, што ёсць у табе, людзі не будуць мець над табою ніякай улады. З гэтаю сілаю ты зможаш выгнаць з сябе ўсе тыя думкі і пачуцці, якія хацелі б зацягнуць цябе на самае дно.

Пераклад з нямецкай мовы Ірыны Бурак.
Паводле: Anselm Grün. Fünfzig Helfer in der Not.
Die Heiligen fürs Leben entdecken. — Freiburg, 2002.

* Інтэграцыя асобы — аднаўленне цэласнасці і адзінства чалавечай асобы. — Заўв. пер.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла