Месяц май, прысвечаны Багародзіцы

 

1. З надыходам месяца мая, які дзякуючы пабожнасці вер­нікаў ужо даўно прысвечаны Багародзіцы Марыі, дух наш перапаўняецца радасцю, мы заўважаем узрушальныя праявы веры і любові, якія ў хуткім часе ўся зямля  засведчыць для ўшанавання Каралевы неба. У гэтым месяцы хрысціяне і ў святынях, і ў да­мах узносяць пашану і любоў да Багародзіцы, перанятыя з традыцыі. І звычайна ўзамен у гэты час усё часцей і больш шчо­дра сыходзяць з трона нашай Маці  дары Божага замілавання.

2. Гэтая пабожная практыка <...> ушанавання Марыі прыносіць хрысціянскаму на­роду шчодрыя дары. Марыя з’яўляецца дарогаю, якая вядзе да Хрыста, а ўсе сустрэчы з Марыяй, безумоўна, вядуць да сус­трэчы з Хрыстом. Што шукаем мы, калі пастаянна звяртаемся да Марыі? Толькі Хрыста, які спачывае на Яе руках, г. зн. шукаем Яго ў Ёй, праз Яе і з Ёю. Да Хрыста, свайго Збаўцы, павінны звяртацца людзі падчас замяшання і небяспекі гэтага свету, тым больш, што патрэба іх ду­шаў скіроўвае іх да Езуса як да гавані і крыніцы звышнатуральнага жыцця.

3. Менавіта месяц май заахвочвае нас да таго, каб як мага часцей і з яшчэ большым даверам прасіць Марыю, найласкавейшае Сэрца якой у гэты час найбольш прыхільнае да нашых просьбаў. Таму нашыя папярэд­нікі ў гэты месяц, прысвечаны Багародзіцы, заахвочвалі хрыс­ціян­скую супольнасць узносіць публічныя малітвы да Марыі, калі гэтага вымагалі патрэбы Касцёла або небяспека, якая пагражала свету. <...>

11. Няхай жа ў Марыйным месяцы з большаю адданасцю і даверам узносяцца просьбы да Багародзіцы, каб выпра­сіць у Яе ласкі і дары. Калі сур’ёзныя правіны людзей абражаюць справядлівасць Бога і заслугоўваюць заслужанага пакарання, то тым больш не­льга забывацца пра тое, што Ён з’яўляецца «Айцом Міласэрнасці і Богам усялякага суцяшэння» (2 Кар 1, 3). Бог прызначыў Найсвяцейшую Панну Марыю шчодраю распарадчыцаю сваіх дароў.

12. Марыя спазнала пры­красць гэтага смяротнага жыц­ця, мазалі ад штодзённай працы, цяжкія клопаты, якія нясе з сабою ўбогасць, а перадусім Яна перанесла цярпен­ні на Кальварыі. Няхай Марыя ласкава выслухае галасы пабожных лю­дзей, якія адусюль узносяцца да Яе з зямлі, просячы Яе аб супакоі. Няхай Яна асвячае розум кіраўнікоў. Няхай урэшце вы­прасіць у Бога, каб Ён, Які распараджаецца вятрамі і бурамі, супакоіў завіруху неспакойных думак і «даў супакой у нашыя дні». Няхай Бог удзяліць са­праўдны супакой, які абапіраецца на справядлівасць і любоў як на моцны і трывалы фундамент. Перш за ўсё справядлівасць з’яўляецца асноваю супакою, калі трэба пры­знаць правы слабых і моцных. У сваю чаргу супакой паходзіць з любові, якая ахоўвае ад памылковых праяваў эга­ізму. Любоў учыніць так, што абарона правоў аднаго чалавека не стане забыццём і парушэннем права, якое мае іншы чалавек.  <...>   

14. Асаблівую надзею мы ўскладаем на малітвы дзяцей і церпячых, бо іх галасы дахо­дзяць да неба і лагодзяць Божую справядлівасць. Мы ма­ем неабходную здольнасць, каб не занядбоўваць практыку Ружанца, але настойліва заахвочваем да яго. Гэты спосаб малітвы з’яўляецца вель­мі прыемным для Багародзіцы і да яго вельмі часта заахвочвае Папа. Ружанец дае вернікам найлепшую нагоду пераканацца ў эфектыўнасці і праўдзівасці запаведзі Боскага Настаўніка: «Прасіце, і будзе да­дзена вам; шукайце, і зной­дзе­це; стукайце, і адчыняць вам» (Мц 7, 7).

Урыўкі з энцыклікі 

Святога Айца Паўла VI 

«Mense maio».

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла