Прастора для іншага

Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы — 3 чэрвеня 2012 г.

Чытанні: Дрг 4, 32–34. 39–40; Пс  33 (32), 4–5. 6 і 9. 18–19. 20 і 22; Рым 8, 14–17

Евангелле паводле Мацвея  28, 16–20

Прастора для іншага

Сёння ў Касцёле мы святкуем урачыстасць Святой Тройцы, праўды пра аднаго Бога, які з’яўляецца еднасцю Айца, Сына і Духа Святога, што ёсць цэнтрам нашай веры. А з іншага боку, гэтая праўда пераўзыходзіць нашае па­знанне і разуменне, таму растлумачыць яе — заўжды злом галавы. Таму я затрымаюся толь­кі на адным аспекце праўды пра Святую Тройцу. 

Бог з’яўляецца супольнасцю сам па сабе, гэта значыць, што ў самім Богу ёсць прастора для іншага. Гэтая «іншасць» з’яўляецца нечым добрым, а не злым. Толькі існаванне іншага стварае магчымасць любові, якая не ёсць эга­ізмам. Гэтая праўда накладаецца на наш рэальны свет. З яе вынікае, што ў нашых супольнасцях «іншасць» з’яўляецца не заганаю, а багаццем. У супольнасці, незалежна ад таго, кажам мы гэта пра сям’ю, сяброў, арганізацыю, Касцёл ці дзяржаву, не трэба імкнуцца да еднасці праз уніфікацыю. Муж не павінны быць такі самы, як жонка, каб у сям’і панавала любоў. Наадварот, тое, што мужчына і жанчына адрозніваюцца і дапаўняюць адно аднаго, з’яўляецца падставаю любові. Тое, што адно не такое самае, як іншае, што не мае аднолькавых з ім рысаў, не значыць, што яно горшае і не мае такой самай годнасці. Мы роўныя ў чалавечай годнасці, а розніца не з’яўляецца заганаю, яна дае шанц рабіць адно аднаму падарункі. Гэта датычыць любой супольнасці. Не зможа існаваць горад, усе жыхары якога — электрыкі. Патрэбныя пекары, прыбіральшчы­кі, людзі іншых прафесій… Такія прыклады можна прыводзіць бясконца. 

Парадаксальна: з праўды пра Святую Тройцу вынікае, што я магу любіць і быць улюбёным, і заставацца сабою. Я не мушу нікога з сябе ўдаваць або прыпадабняцца да кагосьці. Я не павінен нікога прыпадабняць да сябе. Я не павінен быць як Бог, каб заслужыць Божую любоў. Я магу быць сапраўдным чалавекам — у самім Богу ёсць прастора, дзе Ён можа ўчы­ніць мяне сваім дзіцем. 

Айцец Крыштаф Коц’ян ОР

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла