Адпачні

Адзінаццатая звычайная нядзеля — 17 чэрвеня 2012 г.

Чытанні: Эзх 17, 22–24; Пс 92 (91), 2–3. 13–14. 15–16; 2 Кар 5, 6–10

Евангелле паводле Марка 4, 26–34

Адпачні

Пшанічнае зерне, каб вырасці, патрабуе пэўнай колькасці вады, цяпла, святла і часу. Гэтыя чатыры ўмовы неабходныя для таго, каб яно пусціла парастак.  

Зерне ў Евангеллі заўжды сімвалізуе Слова. Гэта не проста слова. Гэта слова Езуса, бо Евангелле ўрэшце і ёсць Езус. 

Вось нашая задача: калі мы хочам цешыцца плёнам нашай веры, варта пасябраваць са  Словам. Як гэта зрабіць? Першы крок — набыць Біблію. Другі крок — зняць яе з паліцы, выцерці ад пылу і чытаць. Хтосьці можа запярэчыць: але я не разумею Бібліі. Яна зацяжкая, можа, нават занудная. І тут патрэбныя вада, цяпло, святло і час.

Вада — гэта малітва да Духа Святога перад чытаннем. Штосьці кшталту: Духу Святы, прашу Цябе, прыйдзі і расплюшчы мае вочы, каб я ўбачыў Езуса ў гэтых словах, прасвятлі мой розум, каб я зразумеў, што Езус хоча мне сказаць, адкрый маё сэрца, каб Ён пасяліўся ўва мне, каб я мог палюбіць Яго. Без Духа нам няма чаго марыць зразумець Святое Пісанне. Дух Святы — Айцец малітвы, Ён адкрывае нам Слова. 

Цяпло — гэта стварэнне адпаведнай атмасферы для малітвы Словам. Трэба выключыць або прыглушыць гучанне мабільнага тэлефона. Яшчэ патрэбнае зручнае месца, дзе нам утульна і спакойна, а яшчэ важная нашая пастава: тое, чаго мы чакаем ад Святога Пі­сання. Для пачатку дастаткова жадання адпачнуць. Няхай малітва стане для нас адпачынкам, няхай нічога не хочацца, апроч адпачынку. Гэта важна, каб сваімі чаканнямі не закалыхаць разумення і захаплення Словам і не закрыць сябе для дзеяння ласкі. 

Святло ад нас не залежыць. Яно прыходзіць ад Айца. Тут мы можам быць упэўненыя: Ён заўжды хоча, каб мы адчувалі любоў Езуса і самі пазнавалі і любілі Яго. Таму не трэба аб гэтым хвалявацца. 

Час. Дастаткова пятнаццаці хвілін. Возь­мем невялікі ўрывак тэксту, напрыклад, адну прыпавесць. Напрыклад, пра суцішэнне буры (гл. Мк 4, 35–41), прачытаем яе адзін раз. Пасля пасядзім са Словам пяцьсем хвілін, прачытаем прыпавесць другі раз,  пасядзім яшчэ пяцьсем хвілін. Няхай малітва будзе адпачынкам. Магчыма, першы раз мы нічога не адчуем, але праз некалькі дзён Слова само пачне адклікацца ў нас, само пачне расці. Возьмем Біблію і пачнем чытаць!

Айцец Тамаш Міка ОР

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла