«Раней, чым сфармаваў цябе ва ўлонні, Я пазнаў цябе...»

Урачыстасць нараджэння святога Яна Хрысціцеля — 24 чэрвеня 2012 г.

Чытанні: Іс 49. 1–6; Пс 139 (138), 1–3. 13–14аb. 14c–15; Дз 13, 22–26

Евангелле паводле Лукі 1, 57–66. 80

«Раней, чым сфармаваў цябе ва ўлонні, Я пазнаў цябе...»

«Cкіраваў да мяне Пан слова, кажучы: Раней, чым сфармаваў цябе ва ўлонні, Я пазнаў цябе, і раней, чым ты выйшаў з улоння, Я асвя­ціў цябе, устанавіў цябе прарокам для народаў» (Ер 1, 45). Такiя словы пачуў прарок Ера­мiя ад Ягвэ, якi паклiкаў яго быць прапа­вед­нiкам Божага слова. Хаця Ерамiя не згаджаўся на Божую прапанову, тым самым не жадаючы змянiць свой звычайны, па чалавечых мерках нармальны стыль жыцця, спасылаючыся ў першую чаргу на ўзрост i няўмеласць у прапаведаваннi, але ўрэшце ён прыняў Божую прапанову і стаўся раўнiвым абаронцам Божае праўды. У гэтым абраннi Ераміі прарокам ёсць важны момант. Менавiта выбар Бога, а таксама Яго апека  пачынаюцца яшчэ ва ўлоннi мацi. Больш за тое, як сцвярджае Божае слова, Бог не толькi абiрае нас ва ўлоннi мацi, але і ведае раней, яшчэ да нашага існавання. Кожны з нас запланаваны, задуманы i ўжо любімы Iм: «Ты добра ведаеш маю душу, не былі схаваны ад Цябе мае косці, калі ў таямніцы мяне стваралі, я сатканы быў у глыбіні зямлі. Мяне яшчэ недасканалага ўбачылi вочы Твае, i ў кнiзе Тваёй былi запiсаныя ўсе днi: яны былi ўпарадкаваныя, ды яшчэ нiводнага з iх не было» (пар. Пс 139, 15–16).

Так быў абраны i паклiканы апошнi з прарокаў — Ян Хрысцiцель. Ён быў выбраны яшчэ перад сваiм зачаццем для важнай ролi, якую выканаў да канца, аддаўшы жыццё за праўду. Ян Хрысцiцель быў кiмсьцi выключным, непаўторным у Божых вачах. Бог любiў Яна, як лю­бiць кожнага з нас, калi выбiрае «яшчэ ва ўлоннi мацi» i клiча «ласкаю сваёю» (Гал 1, 15), каб мы былi з Iм i жылi поўным жыццём, не баючыся штодня выконваць даручаную кожнаму з нас мiсiю. Амэн.

Айцец Віталь Сапега ОР

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла