Агляд пошты

Пахвалёны Езус Хрыстус!

Вітаем вас, паважаныя чытачы.

Гэты агляд пошты мы пачнем традыцыйна — з ліста-падзякі. Мы ўсе ведаем, што добрае слова можа тварыць цуды. Яно лечыць хваробы, ратуе жыцці, ро­біць людзей шчаслівымі… Шкада толькі, што гэтыя словы часцей за ўсё прамаўляюцца ў нейкія святочныя дні — народзіны, юбілеі… Хіба нам цяжка сказаць добрае слова блізкаму і дарагому чалавеку проста так, без аніякай каляндарнай пры­чыны, а проста таму, што мы яго любім? Аднойчы я ехала ў тралейбусе на працу. Поўны салон, хмурныя пасажыры, здаецца, яшчэ і на­двор’е не спрыяла добраму настрою. І вось на нейкім прыпынку зайшоў у тралейбус яшчэ адзін пасажыр і гучна па­вітаўся ды раптам павіншаваў усіх з нейкай на хаду прыдуманай нагодай — ці то доўгачаканай вясной, ці то блізкімі выхаднымі. Відаць, быў у чалавека добры настрой і ён вырашыў падзяліцца ім з ін­шымі. І ведаеце, ніхто не круціў пальцам каля скроні, прынамсі тыя, хто сядзеў каля мяне, заў­сміхаліся абса­лютна шчыра. І гэ­ты добры настрой людзі панеслі далей — куды там хто ехаў...

У нашу рэдакцыю лісты з доб­рымі словамі прыходзяць заўсёды. Сёння гэта допіс парафіянаў радашковіцкага  касцёла Святой Тройцы, якія віншуюць свайго пробашча ксяндза Валянціна Станкевіча з 12-й гадавінай святарскага пасвячэння. Вось што яны пішуць: «Працуе ксёндз Валянцін у нашым касцёле 6 гадоў, і за гэты час вельмі шмат зроблена, а менавіта — зроблены новыя алтары, адрамантавана капліца Маці Божай Вастра­брам­скай,  адрамантавана капліца на могілках, абсталяваны класны пакой для заняткаў з дзецьмі і зроблена шмат іншых справаў. І ўсё гэта за такі кароткі час! Мы вельмі ўдзячныя свайму пробашчу за яго шчырую працу на ніве Божай, за духоўную апеку, клопат і ўвагу да кожнага, хто шукае Божай пад­трымкі. Сардэчна жадаем ксяндзу Валянціну моцнага здароўя, сіл і нястомнасці ў служэнні Богу і людзям, шчырых вернікаў побач, поспехаў у ажыццяўленні ўсіх планаў і задумак. Нізкі па­клон вам, шаноўны святар, за дабрыню, шчырую малітву, спагаду, цярплівасць і разуменне. За такога сына хочацца падзякаваць яго бацькам — Станкевічам Тарэсе і Баляславу — і пажадаць, каб Добры Бог заўсёды меў іх у сваёй апецы і адарыў моцным зда­роў­ем на доўгія га­ды. Мы вельмі ўдзячныя Пану Богу за тое, што Ён пасылае нам такіх добрых святароў». Ліст ад парафіянаў напісалі Галіна і Марыя.

Тыя, хто ўважліва чытае часо­піс, напэўна, памятаюць, як звяртаўся да нас па дапамогу Валерый Ганчарэнка. І вось ад яго прыйшоў новы ліст: «…Неабыякавыя людзі адгукнуліся на мой крык роспачы. Я атрымаў каля двух дзясяткаў пасылак і грашовых пераводаў. Усім я хачу па­дзя­каваць за дапамогу! Я ўжо разаслаў пісьмовыя падзякі і малюся, малюся за іх і за ваш часо­піс. Няхай Пан Бог аддзячыць усім ахвярадаўцам у поў­най ме­ры Яго шчадротаў. Моцнага здароўя ўсім і апекі Маці Божай. За ахвяраванні купіў нават мабільны тэлефон 290-31-37». Думаю, што нумар Валерый напісаў невыпадкова. Матэрыяльная падтрымка вельмі добрая рэч, але як важна для чалавека, які знаходзіцца ў шпіталі і не мае блізкіх людзей, пагаварыць з добрым чалавекам, бліз­кім па духу, адчуць, што ён не адзін на свеце. Пазваніце Валерыю, калі будзе такая магчымасць, а галоўнае — жаданне.

Павел Кішкіс, які хацеў даведацца пра лёс свайго сваяка ксян­дза Станіслава Кішкіса, напісаў, што ён атрымаў адказ на свой ліст ад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, з якога даведаўся, што канонік Станіслаў Кішкіс памёр 25 верасня 1995 года ва ўзросце 95 гадоў у Кайшадорысе (Літва) і пахаваны ка­ля мясцовага катэдральнага касцёла. Магчыма, нас чытаюць і ў Літве і нехта раскажа пра ксян­дза Станіслава Кішкіса больш падрабязна. Адрас Паўла — 222125, Мінская вобл., Барысаўскі р-н, ст. Навасады, ІК-14, атр. 18, Кішкіс Павел Аляксан­дравіч.

Астатнія допісы ў рэдакцыю былі віншавальнымі. Чытачы він­шавалі нас з Вялікаднем. Цытаваць гэтых лістоў мы сёння ўжо не будзем. Усім вялікі дзякуй за ўвагу, за добрыя словы. 

Да новых сустрэч. Заставайцеся з Богам.

 

Вера Галубовіч

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла