Даручэнне сябе Беззаганнай

Змест кнігі

Прычыны, якія пабуджаюць нас даручаць сябе Беззаганнай

Прыклад Пана Езуса

Паводле вобразу Божага Сына, Бога-Чалавека, які ёсць вечным, павінны фармаваць сябе ўсе дзеці Божыя, пераймаючы Яго рысы. Наследуючы Хрыста Пана, душы будуць скіроўвацца да святасці; чым дакладней хтосьці ўзновіць у сабе вобраз Хрыста Пана, тым больш ён наблізіцца да боскасці, абагавіцца, стане чалавекабогам (гэта і ёсць заручыны душы з Хрыстом для боскага прыпадабнення і дзеяння).

Калі хтосьці не захоча мець Беззаганную Марыю за Маці, той не будзе мець і Хрыста Пана за брата, і Бог Айцец не спашле яму Сына, і Сын не сыдзе ў яго душу, і Найсвяцейшы Дух не сфармуе Божымі ласкамі яго містычнае цела паводле вобразу Хрыста, бо ўсё гэта адбываецца ў Беззаганнай Марыі, поўнай ласкі, і толькі ў Марыі — па той прычыне, што ніводнае іншае стварэнне не з’яўляецца ні беззаганным, ні поўным ласкі, і ніколі не будзе такім. Адсюль вынікае, што «Пан з ім» не будзе так блізка, як з Беззаганнаю Дзеваю. Першародны Бога-Чалавек быў зачаты толькі дзякуючы поўнай згодзе благаслаўлёнай Дзевы, не іначай адбываецца і з іншымі людзьмі: яны павінны ва ўсім старанна наследаваць свой Першаўзор.

Ва ўлонні Беззаганнай душа павінна адрадзіцца на падабенства Езуса Хрыста. Беззаганная павінна малаком сваёй ласкі выкарміць, узгадаваць, выхаваць душу так, як карміла, гадавала і выхоўвала Езуса. На Яе каленях душа павінна навучыцца пазнаваць і любіць Езуса, з Яе Сэрца чэрпаць любоў да Яго, больш за тое, Яе Сэрцам любіць Яго і дзякуючы любові прыпадабняцца да Яго (VII, 1208).

Езус Хрыстус, Бога-Чалавек, сапраўдны Бог, другая Асоба Найсвяцейшай Тройцы, сапраўды з’яўляецца Яе Дзіцем, а Яна — Яго Маці. Захоўваючы чацвёртую запаведзь, Ён шануе сваю Маці, праяўляе сябе як Яе ўшанавальнік.

Сын ніколі не перастане быць сынам сваёй маці, так і Езус праз вякі будзе Яе Сынам, а Яна праз вякі — Яго Маці. Ён вечна будзе Яе ўшанавальнікам.

Ён шанаваў Яе з даўніх вякоў і будзе шанаваць заўсёды. Ніхто не наблізіцца да Яго, не прыпадобніцца, не асвяціцца, калі не будзе ўшаноўваць Яе — ні анёл, ні чалавек, ні якая-небудзь іншая істота (VII, 1187).

Будзем сузіраць найдасканалейшы прыклад, які мы маем, — Езуса. Ён, Бог, сама Святасць, безагаворачна аддаецца Беззаганнай, становіцца Яе Дзіцем, хоча, каб Яна па-свойму кіравала Ім на працягу трыццаці гадоў Яго зямнога жыцця. Хіба нам патрэбны лепшы стымул? (VII, 1147).

Даручэнне сябе Беззаганнай

Як даручыць сябе Беззаганнай?

Хочаш, каб Яна часта наведвала цябе?

Хочаш, каб Яна назаўсёды пасялілася ў тваёй душы?

Ці прагнеш, каб Яна, і толькі Яна, кіравала тваімі думкамі, каб Яна авалодала ўсім тваім сэрцам, каб ты жыў толькі для Яе?

Калі ты сапраўды гэтага прагнеш, адкрый перад Ёю сваё сэрца і аддайся Ёй без абмежаванняў, назаўсёды, хаця б толькі адным уздыхам сваёй душы (VII, 1124).
Даручыць сябе Беззаганнай можна рознымі спосабамі, і даручэнне гэтае мы можам выказаць рознымі словамі, дастаткова будзе нават аднаго ўнутранага акту волі, бо менавіта ў ім заключаецца сутнасць нашага даручэння сябе Беззаганнай (VII, 1197). Можна, напрыклад, укленчыць перад абразом або статуэткаю Найсвяцейшай Маці і з усёй шчырасцю аддаць сябе ў Яе ўласнасць, як прыладу ў Яе беззаганныя рукі. Для гэтага можна скарыстацца актам даручэння сябе Беззаганнай, змешчаным у пасведчанні (VI, 1003).

Акт даручэння сябе Беззаганнай

О Беззаганная, Каралева неба і зямлі, Прытулак грэшных і наша найміласэрнейшая Маці! Бог даручыў Табе распараджацца Яго міласэрнасцю. Я, нягодны грэшнік, прыпадаю да Тваіх ног, пакорна просячы: прымі мяне цалкам і поўнасцю як сваю рэч і ўласнасць, учыні са мною, разам з усімі сіламі маёй душы і цела, з усім маім жыццём, смерцю і прабываннем у вечнасці, тое, што Табе падабаецца.

Выкарыстай таксама, калі пажадаеш, усяго мяне, без ніякіх агаворак, для ажыццяўлення таго, што сказана: «Яна сатрэ табе галаву», а таксама: «Ты сама знішчыла ўсе ерасі ва ўсім свеце», каб я стаў у Тваіх беззаганных і найласкавейшых руках карыснаю прыладаю для «прышчаплення» і як мага большага ўзрастання Тваёй хвалы ў многіх заблукалых і абыякавых душах, а праз гэта садзейнічаў большаму пашырэнню благаслаўлёнага Валадарства Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Бо Ты паўсюль, дзе б ні з’явілася, выпрошваеш ласку навяртання і асвячэння; бо праз Твае рукі на нас сплываюць усялякія ласкі з Наймілейшага Сэрца Езуса.

С.: Дазволь мне праслаўляць Цябе, Найсвяцейшая Панна.

Н.: Дай мне моц супраць маіх непрыяцеляў (VII, 1197).

Мы аддаемся Ёй усёй сваёй істотай, аддаем Ёй усе сілы сваёй душы, а значыць, і розум, і памяць, і волю; усе сілы цела, а значыць, пачуцці — усе разам і кожнае з іх паасобку, а таксама сілы, здароўе і хваробы, аддаем Ёй усё сваё жыццё з усімі яго пераменамі — прыемнымі, прыкрымі або звычайнымі. Аддаем Ёй сваю смерць, дзе б і калі б яна нас ні напаткала і якім бы чынам гэта ні здарылася. І нават усё вечнае жыццё. Праўда, спадзяемся, што менавіта там мы непараўнальна больш зможам належаць Ёй. Такім чынам выказваем жаданне і просьбу, каб Яна дазволіла нам ва ўсіх адносінах больш дасканала набліжацца да Яе (VII, 1197).

Гэтае адданне зусім не вымагае таго, каб мы тут жа пакінулі свецкае жыццё, сям’ю і пайшлі ў кляштар. Не. Можна гэтак жа, як і раней, працягваць займацца ўсімі добрымі справамі, толькі ўжо не мы самі ахвяруем гэтыя нашыя справы Богу, а Яна, Беззаганная, уласнасцю якой мы сталі, ахвяруе іх. І ахвяруе Яна іх не як нашыя, заганныя, поўныя недасканаласці, а як свае ўласныя, бо мы з усім, што маем, належым Ёй. Таму і ўсе нашыя справы належаць Ёй (VII, 1139).

А ці задумваўся ты калі-небудзь пра тое, кім ты становішся, калі ўжо не ты дзейнічаеш, а Яна сама ў табе і праз цябе любіць Бога і людзей?

Ці ўсведамляеш, што ў гэты час твае ўчынкі вымяраюцца Яе годнасцю? Што ў Яе руках яны становяцца чыстымі, бездакорнымі, як Яна, чыстая і беззаганная?..

Хіба можна жадаць чагосьці большага? (VII, 1124)

Пераклад з польскай мовы Ганны Серэхан.

Паводле: M.M. Kolbe «Oddanie się Niepokalanej». — Niepokalanów, 2002 r.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла