Адказ Святога Айца

У 1-2 нумарах часопіса мы друкавалі ліст ад імя моладзі да папы Бэнэдыкта XVІ з віншаваннямі на Божае Нараджэнне. Напярэдадні Вялікадня з Ватыкана быў атрыманы на гэты ліст адказ, які мы друкуем.

Ватыкан, 24 сакавіка 2012 г.
Дзяржаўны сакратарыят

Дарагая Юлія, дарагая моладзь!

Праз зычлівае пасрэдніцтва Яго Эксцэленцыі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, Апостальскага нунцыя ў Беларусі, вы даслалі Святому Айцу важны ліст і, дзелячыся з ім аплаткам, з даверам і пашанаю выказалі яму надзеі і спадзяванні, якія носіце ў вашых сэрцах, запэўніваючы ў вашых малітвах аб Ягоным плённым апостальскім служэнні.

Святы Айцец, шчыра дзякуючы за гэты жэст сыноўскай адданасці, заахвочвае вас даражыць радасным досведам веры, якім вы жывеце і дзеліцеся з вашымі равеснікамі, якія таксама, як і вы, прагнуць штодня ўзрастаць у сваёй адданасці Богу і Касцёлу, і, просячы для кожнага з вас заступніцтва Багародзіцы, сардэчна благаслаўляе вас Апостальскім благаслаўленнем, жадаючы вам, вашым сем’ям, вашым сябрам, вашым блізкім і равеснікам міру і супакою.

Таксама і я далучаю мае сардэчныя прывітанні ў Хрысце і жадаю вам усяго найлепшага.

Мансінь’ёр Пэтэр Б. Вэлс
Асістэнт

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла