Пяцьдзясят памочнікаў у нягодах. Святы Філіп Нэры

Смейся, будзь вясёлым і свабодным

Філіп Нэры нарадзіўся ў 1515 годзе ў Фларэнцыі, у сям’і натарыуса. Філіп быў вельмі адораным маладым чалавекам і з вялікім задавальненнем займаўся паэтычнай творчасцю і музыкай, а дамінікане з кляштара Сан-Марка пазнаёмілі яго з тым, што складае сутнасць рэлігіі. Адзін са сваякоў, бяздзетны дзядзька, узяў Філіпа да сябе, каб навучыць яго гандлярскай справе. Але Філіп даволі хутка зразумеў, што ён для гэтага непрыдатны. Юнак адмовіўся ад спадчыны, што належала яму ў будучыні, і, не маючы ніякіх сродкаў, вырушыў у Рым. Там Філіп сустрэў свайго земляка, барона Каччыа, які выдзеліў яму пакойчык у мансардзе і даверыў выхаванне сваіх дзяцей. Гэтая праца пакідала Філіпу даволі часу, каб вандраваць па вуліцах Рыма. Цэлыя ночы ён праводзіў у катакомбах. Там, у гэтым памятным месцы першых хрысціянаў, Філіп пранікся духам старажытнага Касцёла.

Філіп Нэры служыў хворым у шпіталях, гутарыў з рамеснікамі і гандлярамі, але найбольш любіў размаўляць з моладдзю. Ён далучаўся да гульняў, жартаваў, скіроўваючы часам размову на рэлігійныя тэмы, але рабіў гэта так, каб маладыя людзі не адчувалі, што ад іх нечага дамагаюцца. Яны пераймалі яго пабожнасць. Святары сталі звяртаць увагу на Філіпа, убачылі яго тэалагічную адукаванасць і настойвалі на тым, каб ён прыняў святарскае пасвячэнне. Нарэшце, ва ўзросце 36-ці гадоў, Філіп прыняў сакрамэнт пасвячэння і цяпер праводзіў па 12–15 гадзінаў у канфесіянале касцёла Санта-Марыя-ін-Валічэлла. Тым, хто спавядаўся ў яго, Філіп Нэры казаў няшмат словаў. Але тое, што ён казаў, заўсёды трапляла «ў яблычак». А яшчэ ён меў незвычайнае псіхалагічнае чуццё на сапраўдную і фальшывую духоўнасць. Святы скептычна ставіўся да празмернай аскезы і прыватных аб’яўленняў. Калі яму паведамілі пра адну дзяўчыну, да якой нібыта прыходзілі анёлы і святыя, ён параіў: «Знайдзіце для яе мужа». А калі да святога прывялі жанчыну, думаючы, што яна апантаная д’яблам, ён сказаў, каб гэтыя людзі супакоіліся, забралі яе дадому і цярпліва ставіліся да яе, бо яна не апантаная д’яблам, а толькі замала мае мазгоў у галаве. Філіп быў адным з самых вялікіх духоўных кіраўнікоў у тагачаснай Еўропе.

Самыя руплівыя яго вучні кожны тыдзень разам з ім  збіраліся ў касцёле Сан-Джыралама на малітву. Так узнік Араторый — свабодная супольнасць мужчын, якія бралі на сябе абавязак апостальства. Філіпу давялося цярпець разнастайныя прыдзіркі некаторых святароў, якія зайздросцілі яму, але папы яго цанілі: Леў XL наведваў Філіпа Нэры і праводзіў у яго пакоі цэлыя гадзіны, а Пій IV памёр у яго на руках. Філіп адхіляў усе прапанаваныя яму касцёльныя пасады, ён хацеў заставацца звычайным сціплым святаром. Заўважыўшы, што стаў вядомым, ён спрабаваў праз розныя выхадкі паказваць сябе ў смешным выглядзе. Але гэта толькі прынесла яму яшчэ большую вядомасць. На працягу шасцідзесяці гадоў Філіп Нэры праводзіў сваю дзейнасць у Рыме — горадзе, які ён палка любіў. Ён памёр 26 мая 1595 года ў васьмідзесяцігадовым узросце. Рымляне называлі яго Pippo buono — «добры Піппо».

Гётэ захапляўся Філіпам Нэры — «гумарыстычным святым» — і ў сваім творы «Italienische Reise» («Італьянскае падарожжа»)* змясціў некалькі поўных гумару гісторый пра святога. Вось адна з іх. Філіп атрымаў ад Папы заданне даследаваць, ці сапраўды ў адной з манашак ёсць надзвычайныя духоўныя дары. Святы вырушыў да яе вярхом на муле. Прыехаўшы, ён адмовіўся пачціва прывітаць манашку, а папрасіў, каб яна сцягнула з яго ног забруджаныя чаравікі. Пабожная дзева вельмі абурылася гэтым. Філіп жа сеў на свайго мула і паехаў назад. Яму было ясна: «Яна ніякая не святая і не чыніць ніякіх цудаў, таму што ў яе няма галоўнага — пакоры». Філіп паказвае нам, што гумар і пакора (humor und humilitas) узаемазвязаныя. Той, хто занадта сур’ёзна прымае сваю пабожнасць, хутчэй за ўсё, найбольш цікавіцца самім сабою. Для такога чалавека ён сам больш важны, чым Бог.

Філіп быў бы вельмі дарэчы ў наш час, калі духоўнасць нярэдка мае нарцыстычныя** рысы. Можна назіраць амаль што спаборніцтва духоўных гуру, кожны з якіх сцвярджае, што ён здабыў больш глыбокі містычны вопыт. Філіп высмеяў бы і адпрэчыў такія формы духоўнасці. Весялосць, смех, жыццё, любоў — менавіта гэта было для яго прыкметамі сапраўднай пабожнасці. Паводле святога Філіпа Нэры, той, хто выстаўляе сваю пабожнасць напаказ, на самай справе зусім не пабожны. Гэты поўны радасці дзівак адкінуў бы прэч тое, што сёння патэтычна падаецца як духоўнасць. Ён выкрываў цырыманіяльны пафас як праяўленне фальшывай пабожнасці і абяззбройваў сваім смехам прапаведнікаў строгай маралі, якія даволі часта толькі праецыравалі свае заглушаныя патрэбы на іншых і на падставе гэтага распрацоўвалі ўласную «тэалогію». Філіп Нэры ведаў, што Бог яго прымае, таму ён толькі смяяўся са сваіх слабасцяў. Ён прапаноўвае нам шлях свабоды і лёгкасці. Паколькі Філіп адчуваў сябе ўмацаваным у Богу, ён мог адмовіцца ад усялякай славы, усялякага ўплыву. І, не хочучы ніякага ўплыву, ён змяніў увесь Рым. Мы сёння яшчэ не можам да канца зразумець гэтага дзіўнага святога. Ён пахіснуў усе метады і сістэмы духоўнасці і прывёў да краху ўсе эгацэнтрычныя імкненні да духоўных перажыванняў і ўдасканальвання, каб расквітнела ласка, якая робіць нас вясёлымі і свабоднымі. Філіп Нэры не ўгаворвае людзей быць радаснымі і не робіць ніякай новай запаведзі з таго, што хрысціяне павінны быць поўнымі радасці. Яго весялосць проста выпраменьваецца. Яна дыхае лёгкасцю і міласэрнасцю.

Весялосць не дазваляе, каб ёй нешта прадпісвалі. Май мужнасць не абвінавачваць больш сябе ў сваіх памылках і слабасцях, а смяяцца з іх. Яны даўно ўкрытыя ў Божай міласэрнасці. Ты зможаш смяяцца з сябе, калі не будзеш лічыць сябе занадта важным. Ты зможаш быць вясёлым, калі адчуеш лёгкасць быцця, якая вынікае з глыбокага даверу да бязмежнай Божай міласэрнасці. Калі табе адкрыецца міласэрная Божая любоў, ты зможаш смяяцца з усяго таго, што яшчэ прыгнятае цябе сёння, і, поўны даверу, весела і свабодна ісці далей па сваім жыццёвым шляху.

Пераклад з нямецкай мовы Ірыны Бурак.
Паводле: Anselm Grün. Fünfzig Helfer in der Not.
Die Heiligen fürs Leben entdecken. — Freiburg, 2002.

Працяг будзе.

* «Italienische Reise» — дарожныя нататкі, у якіх класік нямецкай літаратуры Ёган Вольфганг фон Гётэ (1749–1832) апісаў свой побыт у Італіі ў перыяд з верасня 1786 па май 1788 года.
** Нарцысізм — рыса характару, якая заключаецца ў выключнай самаўлюбёнасці.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла