Як прымаць дар?

Дваццаць сёмая звычайная нядзеля, год В (7.10.2012)

Чытанні: Быц 2, 18–24; Пс 128 (127), 1–2. 3. 4–5. 6; Гбр 2, 9–11;

Евангелле паводле святога Марка 10, 2–16

Сёння мы чуем словы Езуса: «Хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго». 

Што гэта значыць: прыняць Божае Валадарства, як дзіця? Магчыма, гэта значыць проста прыняць яго як дар. Але толькі здаецца, што прыняць вялікі дар у радасці і са шчырым сэрцам — лёгка. Калі мы атрымліваем ад кагосьці такі дар, могуць узнікнуць прынамсі тры розныя стаўленні да яго. 

Мы можам сказаць сабе, што сапраўды за­слугоўваем гэтага дару, і тады гэта не дар, а проста ўзнагароджанне. Хто ведае, можа, нам належала і атрымаць больш. 

Можа быць і іншае стаўленне. Мы думаем: гэты чалавек зрабіў мне падарунак, бо лічыць, што я сам не магу справіцца, што мне патрэбная яго дапамога. Тады дар можа нас пры­нізіць і мы будзем адчуваць патрэбу аддзячыць за яго. Калі мы гэтага не зробім, можа ўзнікнуць адчуванне, што мы стаім на ніжэйшай ступені і не кантралюем сітуацыі.

Часам мы ставімся да дару цынічна: «Калі нехта дурны дае, то трэба браць». Мы вырашаем, што проста добра выкарыстоўваем сітуацыю, маем адчуванне кантролю, усведамленне, што даем сабе рады ў гэтым жыцці. Мы можам разлічваць на свае сілы і спрыт, не залежаць ад нечай добрай волі. Парадаксальна: нават атрымліваючы, мы хочам быць тымі, хто кантралюе сітуацыю. 

Езус заклікае нас сёння да таго, каб мы проста прынялі дар Божага Валадарства з усведамленнем таго, што мы яго не заслужылі, але і без пачуцця прыніжанасці, з разуменнем, што мы не пануем над сітуацыяй, але і не адчуваем страху. Бог проста хоча нас збавіць, адарыць шчасцем, бо любіць нас. Мы не за­служылі Яго любові, але любоў наогул не трэба заслугоўваць. Ён любіць нас, бо любіць. 

Айцец Крыштаф Коц’ян ОР

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла