З «Дзённіка»

Агульны змест  

259 Сёння 27 [мая 1933] я ад’язджаю ў Вільню. Калі я выйшла з дому і паглядзела на ўвесь сад і дом, калі паглядзела на навіцыят, з маіх вачэй раптам пацяклі слёзы. Я прыгадала ўсе дабрадзейнасці і ласкі, якія даў мне Пан. Тут жа нечакана я ўбачыла каля клумбы Пана, які мне сказаў: Не плач, Я заўсёды з табою. Прысутнасць Божая, якая атуліла мяне тады, калі гаварыў Пан Езус, трывала праз увесь час падарожжа.

260
У мяне быў дазвол заехаць у Чэнстахову. Я ўпершыню ўбачыла Маці Божую, калі пайшла раніцою ў пяць гадзін на адкрыццё абраза. Я малілася без перапынку да адзінаццаці гадзін, а мне здавалася, што я толькі што прыйшла. Тамтэйшая маці настаяцельніца1  прыслала па мяне сястру, каб я прыйшла на сняданак, і баялася [118], што я спазнюся на цягнік. Многае мне сказала Маці Божая. Я даверыла Ёй свае вечныя манаскія абяцанні, адчувала, што я Яе дзіця, а Яна — мая Маці. Яна ні ў чым мне не адмовіла, аб чым я Яе прасіла.

261 + Сёння я ўжо ў Вільні. Маленькія параскіданыя хацінкі складаюць кляштар. Мне гэта здаецца крыху дзіўным пасля юзэфаўскіх гмахаў. Сясцёр толькі васямнаццаць. Малы дамок, але вялікая супольная еднасць. Усе сёстры прынялі мяне вельмі сардэчна, што было для мяне вялікім стымулам, каб вытрываць цяжкасці, якія мяне чакалі. Сястра Юстына2  нават вышаравала падлогу да майго прыезду.

262 + Калі я ўвайшла на благаслаўленне, Езус даў мне прасвятленне, як кантактаваць з некаторымі асобамі. З усяе сілы я прытулілася да Наймілейшага Сэрца Езуса, бачачы, што небяспека рассеянасці пагражае мне звонку з прычыны абавязкаў, якія я павінна тут выконваць у садзе, і таму павінна падтрымліваць адносіны са свецкімі.

263 + Надышоў тыдзень споведзі, і я з радасцю ўбачыла таго святара, якога ўжо ведала перш чым прыехала ў Вільню. Я ведала яго з відзежы. Тады я пачула ў душы такія словы: Вось Мой верны слуга, ён дапаможа табе выканаць Маю волю тут, на зямлі. Аднак я не адкрылася яму так, як гэтага жадаў Пан, і нейкі час супраціўлялася ласцы. На кожнай споведзі мяне дзіўным чынам пранізвала Божая ласка, аднак я не адкрывала перад ім душы і намервалася не спавядацца ў гэтага святара. Пасля такога рашэння страшны неспакой увайшоў у маю душу. Бог моцна мяне адчытаў [за гэта]. Калі я цалкам адкрыла сваю душу перад гэтым святаром, Езус выліў на маю душу цэлае мора ласкаў. Цяпер я разумею, што такое вернасць адной адзінай ласцы — яна цягне за сабою цэлы шэраг іншых.

264 [119] + О Езу мой, утрымлівай мяне каля Сябе, глянь, якая я слабая, сама я ні кроку не зраблю наперад, таму Ты, Езу, павінен быць пастаянна са мною, як маці пры слабым дзіцяці і нават больш.

265 Пачаліся дні працы, барацьбы і цярпенняў. Усё ідзе сваім звыклым парадкам. Чалавек — заўсёды навіцыят, ён павінен многаму вучыцца і многае пазнаваць, бо хоць статут і той самы, аднак кожны дом мае свае звычаі, а таму кожная перамена — гэта маленькі навіцыят.

266 5.08.1933 г. Свята Маці Божай Міласэрнасці3 . Сёння я атрымала вялікую і неспасцігальную ласку, чыста ўнутраную, за якую я ўдзячна Богу ў гэтым жыцці і ў вечнасці...

267 Езус сказаў мне, што больш за ўсё я Яму падабаюся, калі разважаю над Яго балеснаю Мукаю, і праз гэтае разважанне на маю душу сыходзіць шмат святла. Хто хоча навучыцца сапраўднай пакоры, няхай разважае над мукаю Езуса. Калі я разважаю над мукаю Езуса, да мяне прыходзіць яснае разуменне многіх рэчаў, якіх я не магла зразумець раней. Я хачу быць падобнаю да Цябе, Езу, да Цябе ўкрыжаванага, замучанага, прыніжанага. Езу, захавай у маёй душы і сэрцы сваю пакору. Я люблю Цябе, Езу, да шаленства. Цябе, вымучанага, такога, пра якога сведчыць прарок4 , як бы ён не мог убачыць у Табе чалавечага аблічча з-за Тваіх вялікіх цярпенняў. У такім стане я люблю Цябе, Езу, да шаленства. Божа спрадвечны і бязмерны, што ўчыніла з Табою любоў?..

268 11.10.1933 г. — Чацвер. Я спрабавала маліцца святую гадзіну, але распачала яе з вялікаю цяжкасцю. Якаясьці туга стала тузаць маё сэрца. Мой розум быў так затуманены, што я не магла зразумець простых формулаў малітвы. І так прайшла для мяне адна гадзіна малітвы, а дакладней — барацьбы. Я вырашыла маліцца другую гадзіну, але ўнутраныя цярпенні павялічыліся. Вялікая [120] чэрствасць і ўпадак духу. Я вырашыла маліцца трэцюю гадзіну. У гэтую трэцюю гадзіну малітвы, якую я пастанавіла трываць, кленчачы без ніякае апоры, маё цела адчула патрэбу ў адпачынку. Аднак я ні ў чым сабе не патурала. Раскрыжавала рукі і, хоць не вымаўляла словаў, аднак намаганнем волі трывала. Праз хвіліну я зняла з пальца пярсцёнак і прасіла, каб Езус зірнуў на гэты пярсцёнак, які з’яўляецца знакам нашага вечнага паяднання, і ахвяравала Езусу тыя пачуцці, якія перажывала ў дзень вечных манаскіх абяцанняў. Праз хвіліну я адчуваю, што маё сэрца пачынае ахінаць хваля любові. Нечаканая засяроджанасць духу, пачуцці суцішваюцца, Божая прысутнасць пранізвае душу. Я ведаю толькі тое, што ёсць Езус і я. Я ўбачыла Яго ў такім выглядзе, у якім бачыла ў першую хвіліну пасля вечных манаскіх абяцанняў, калі таксама малілася святую гадзіну. Нечакана паўстаў перада мною Езус, пазбаўлены шатаў, з ранамі на ўсім целе, Яго вочы патаналі ў крыві і слязах, увесь твар знявечаны, пакрыты пляўкамі. Тады Пан мне сказаў: Абранніца павінна быць падобная да свайго Абранніка. Я да глыбіні зразумела гэтыя словы. Тут няма месца для нейкіх сумненняў. Маё падабенства да Езуса павінна быць праз цярпенне і пакору. Паглядзі, што зрабіла са Мною любоў да людскіх душаў, дачка Мая; у тваім сэрцы Я знаходжу ўсё, у чым Мне адмаўляе такое мноства душаў. Тваё сэрца для Мяне — адпачынак, Я часта пакідаю вялікія ласкі на канец малітвы.

Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько.

 1 У той час настаяцельніцаю ў Чэнстахове была м. Серафіма — Саламея Кукульская (больш падрабязна гл. Каментар).
 2 Гл. Камент. 61.
 3 Свята Маці Божай Міласэрнасці, якое адзначаецца 5 жніўня, з’яўляецца патранальным святам кангрэгацыі.
 4 Іс 53, 2–9.
 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла