Год веры

З апостальскага ліста Porta Fidei папы Бэнэдыкта XVI  

«Брамы веры» (пар. Дз 14, 27) заўсёды адчыненыя для нас. Яны вядуць нас да жыцця ў камуніі з Богам і дазваляюць увайсці ў Яго Касцёл. Гэты парог можна перасту­піць, калі адбываецца абвя­шчэнне Божага слова, а сэрца дазваляе фармаваць сябе ласкаю, якая перамяняе. Уваход у гэтыя брамы азначае вы­праўленне ў шлях, што працягваецца ўсё жыццё. Ён пачынаецца хростам (пар. Рым 6, 4), дзякуючы якому мы можам клікаць Бога, звяртаючыся да Яго як да Айца, а заканчваецца падчас пераходу праз смерць у вечнае жыццё, якое з’яўляецца плёнам уваскрасення Пана Езуса. Праз дар Духа Святога Хрыстус хацеў далучыць да сваёй уласнай хвалы ўсіх, хто верыць у Яго (пар Ян 17, 22). Вызнаванне веры ў Найсвяцейшую Тройцу — Айца, Сына і Духа Святога — раўназначнае ве­ры ў адзінага Бога, які ёсць Любоў (пар. 1 Ян 4, 8): у Айца, які ў паўнаце часу паслаў свайго Сына дзеля нашага збаўлення; у Езуса Хрыста, які ў таямніцы сваёй смерці і ўваскрасення адкупіў свет; у Духа Святога, які на працягу стагоддзяў вядзе Касцёл, што чакае вяртання Пана ў Яго хвале. <…>

Я пастанавіў абвясціць Год веры. Ён распачнецца 11 кастрычніка 2012 г., у пяцідзясятую гадавіну адкрыцця Другога Ватыканскага Сабору, а скончыцца ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, 24 лістапада 2013 года. На 11 кастрыч­ніка 2012 г. прыпадае таксама дваццатая гадавіна выдання Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, тэкст якога быў абнародаваны маім папярэднікам — благаслаўлёным папам Янам Паўлам ІІ для таго, каб паказаць усім вернікам моц і прыгажосць веры. <…>

З гэтай радаснай нагоды я хацеў бы заахвоціць сваіх братоў у біскупстве ва ўсім свеце далучыцца да Наступніка Пятра ў гэты час духоўнай ласкі, які дае нам Пан, каб узгадаць пра каштоўны дар веры. Мы хочам адзначыць гэты Год веры годна і плённа. Трэба больш інтэнсіўна звяртацца да рэфлексій на тэму веры, каб дапамагчы ўсім, хто верыць у Хрыста, станавіцца больш свядомымі і ажывіць сваю вернасць Евангеллю, асабліва ў перыяд радыкальных пераменаў, якія чалавецтва перажывае ў наш час. У нас будзе нагода вызнаваць веру ва ўваскрослага Пана ў нашых катэдрах і касцёлах ва ўсім свеце, у нашых дамах і сем’ях, каб кожны адчуў моцную патрэбу лепш зразумець і перадаць наступным пакаленням спрадвечную веру. Манаскія і парафіяльныя супольнасці, усе старыя і новыя касцёльныя рэальнасці знойдуць у гэтым годзе магчымасць публічна вызнаць сваё Credo. Мы хацелі б, каб гэты Год абудзіў у кожным верніку натхненне вызнаваць веру ў яе паўнаце і з адноўленай перакананасцю, з даверам і надзеяй.

Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнкі.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла