Святарскія пасвячэнні ў Браславе

18 жніўня ў Браславе, падчас штогадовай урачыстасці Маці Божай Валадаркі Азёраў, у прысутнасці ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі біскупа Уладзіслава Бліна, арцыбіскупа Мітрапаліта рыжскага Збігнева Станкевіча, ардынарыя з Іркуцка Кірыла Клімовіча, святароў з дыяцэзіі і замежжа, шматлікіх удзельнікаў свята з розных рэгіёнаў Беларусі і іншых краін, адбыліся святарскія пасвячэнні выпускнікоў вышэйшых духоўных семінарый — нара­джэнцаў Віцебшчыны. З рук нунцыя Апостальскай Сталіцы ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, для якога, дарэчы, удзяленне прэзбітэрскіх пасвячэнняў было ўпершыню, атрымалі благаслаўленне на святар­скую душпастырскую працу выпускнікі Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Ак­вінскага ў Пінску Антон Лагунёнак (паходзіць з парафіі св. Андрэя апостала ў Лынтупах на Пастаўшчыне) і Валеры Марціноўскі (з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча ў Мёрах), а таксама выпускнік Прымасоўскай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гнезне (Польшча) Вячаслаў Адамовіч (паходжаннем з парафіі св. Духа ў Фарынаве Полацкага дэканата). Атрымаў таксама пасвячэн­не — дыяканскае — Іван Кароткін, які пачынаў свой шлях да Бога і святарства ў парафіі св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса ва Урбанах (Браслаўскі дэканат) і з’яўляецца студэнтам 6-га курса семінарыі ў Пінску. 

Так сталася, што пасвячэнні чатырох маладых, поў­ных энергіі і сілаў асобаў акурат супалі па часе з іншаю знамянальнаю падзеяй: сталыя святары, пробашчы Францішак Кісель з Полацка і Крыштаф Мянкіна з Мёраў адзначалі 25-годдзе выканання душпастырскай паслугі. І якраз адзін з іх — той, хто ў свой час благаслаўляў аднаго з новапрэзбітэраў на шлях служэння Богу. Пра тое, як гэта было і пра іншыя акалічнасці і перадумовы святарскага паклікання, — размова з цяпер ужо ксяндзом Валерыем Марціноўскім пасля прыгожай прыміцыйнай Імшы, якая адбылася 19 жніўня ў яго роднай парафіі ў Мёрах. 

— Ксёндз Валеры, Ваша маці Ганна паходзіць з ідолтаўскай парафіі Маці Божай Шкаплернай, з таго кутка Мёршчыны, які заўсёды вылучаўся пабожнасцю. На Вас рэлігійныя традыцыі продкаў як-небудзь паўплывалі?

— Безумоўна. Больш за тое, мяркую, што маё пакліканне — вынік іх малітваў. Тым больш што я звычайна праводзіў школьныя канікулы ў бабулі ў Ідолце, а там у той час шчыраваў такі адданы Богу і людзям ксёндз, як Антоні Лось. Дарэчы, да мяне ў радаводзе нашай сям’і ўжо быў адзін ксёндз — Юзаф Марціноўскі, які на пачатку 20 стагоддзя працаваў вы­кладчыкам духоўнай семі­нарыі ў Вроцлаве. 

— Як бацькі ўспрынялі Ва­ша рашэнне стаць святаром?

— Напэўна, крыху перажывалі: як-ніяк — адзіны сын. Але заўжды, як сапраўдныя бацькі, і падтрымлівалі.

— Пасля дыяканскага па­свячэння Вы былі дыяканам у віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага. Што дала Вам такая практыка?

— Самае галоўнае — магчымасць асэнсавання сябе і свайго месца ў служэнні Богу, прымянення атрыманых у семінарыі тэарэтычных ведаў у практычнай душпастыр­скай працы.

— Якія абавязкі давялося выконваць у парафіі падчас той практыкі?

— Шмат якія. Напрыклад, праводзіць заняткі катэхезы, у прыватнасці, падчас падрыхтоўкі парафіянаў да сакрамэнтаў хросту ці шлюбу. Наведваць хворых у абласным клінічным шпіталі, што, між іншым, вельмі шмат дае душпастыру як духоўнай асобе і чалавеку. Даводзілася дапамагаць канцлеру дыяцэзіяльнай курыі. З лёгкай рукі і пры падтрымцы дэкана ксяндза Алега Буткевіча нават вёў штотыдзень на абласным ра­дыё 5-хвілінныя перадачы з абвяшчэннем Божага слова.     

— Я заўважыў, што Вы і фізічнай працы пры касцёле не цураецеся…

— Фізічная праца яшчэ нікому шкоды не прынесла, прынамсі, здароўя, як цялеснага, так і духоўнага, не адняла. Так што праўда — не цураюся.

— У такі святочны, радасны дзень каму б Вы хацелі найперш па­дзякаваць?

— Бацькам, Юрыю і Ганне Марціноўскім, згаданаму ўжо вечнай памяці ксяндзу Антонію з Ідолты, вечнай памяці ксяндзу Уладасу Пятрайцісу, які мяне хрыс­ціў і быў першым маім пробашчам, цяперашняму пробашчу ў Мёрах ксян­дзу Крыштафу Мянкіну, першаму паслясемінарыйнаму пробашчу ў Віцебску ксян­дзу Аляксандру Дулінцу, ксяндзу Алегу Буткевічу, многім ін­шым святарам. Ксяндзу біс­купу Уладзіславу Бліну, вы­кладчыкам семінарыі. Зем­лякам — парафіянам з Мёраў, якія так цёпла, так сардэчна і шчыра радаваліся майму святарству падчас прыміцыйнай Імшы. 

— Поспехаў Вам і Вашым сябрам новапрэзбітэрам і Божага благаслаўлення на добрыя справы! 

 

Францішак Дубраўскі

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла