Навяртанне пад мурамі Ішкалдзі

Вучнёўскія восеньскія вакацыі, 2010 год. Мы з сябрамі з гістарычнага факультэта ліцэя БДУ пусціліся ў вандроўку па старажытных цэрквах і касцёлах Берасцейскае вобласці. Аб’ехалі багата святыняў, пачулі яшчэ больш цікавых гісторый. Памятаю, найбольш мяне ўразіў касцёл у Ішкалдзі. Уражанне перш за ўсё было выклікана даўніною і незвычайнасцю збудавання. Тады мы доўга хадзілі вакол белае «груды» касцёла, узору гатычнага мастацтва Беларусі, і занатоўвалі гістарычныя звесткі, якія нам натхнёна паведамляў экскурсавод. Калі мы зайшлі ўнутр, памятаю, мне адразу ж захацелася выйсці. Я не разумела сэнсу ўсяго таго багацця, якое я там убачыла. Мне стала непрыемна. А калі экскурсавод далікатна нагадаў, што святыня ўтрымоўваецца на ахвяраванні, і нядрэнна было б і нам скласці гэтыя ахвяраванні, мы з лепшаю сяброўкаю Касяю толькі скептычна пераглянуліся і сышлі прэч, каб зрабіць здымкі маляўнічага наваколля...

Як будучых гісторыкаў і практыкуючых атэістак у гэтым касцёле нас з Касяю не зацікавіла нічога, акрамя ягонае незвычайнае зграбнае архітэктуры, старажытнасці і велічы. Значнасці касцёлу надаваў і той факт, што ён — найстаражытнейшая каталіцкая святыня нашае краіны. Тады я мала ведала пра каталіцтва і ставілася да яго, так бы мовіць, абыякава-насцярожана. Прыгожы абраз над алтаром, высокі крыж перад брамаю і на ўваходзе фігура Марыі, якая з любоўю працягвала рукі ўсім, хто прыходзіць у госці да Яе Сына, не тое што не закранулі майго сэрца, але нават не засталіся ў памяці.

Але ж нешта засталося. Напрыклад, тое, што касцёл Святой Тройцы ў вёсцы Ішкалдзь быў збудаваны ажно ў 1472 годзе. Гэтая святыня — адна з нямногіх у нашай краіне, якая захоўвала сваё прызначэнне — служэнне Хрысту і людзям — нават у вельмі цяжкія часы для хрысціянства, на працягу ўсяго XX стагоддзя. Першапачаткова яна была збудаваная як каталіцкі касцёл, пазней, у часы Мікалая Радзівіла Чорнага, дзейнічала як кальвінскі збор, а потым — ізноў як касцёл. Быў у гісторыі святыні і праваслаўны перыяд, у час маскоўскае акупацыі, пасля разгрому паўстання Кастуся Каліноўскага. Але не толькі гэты факт робіць касцёл у Ішкалдзі ўнікальным. Ён збудаваны ў стылі позняй готыкі, сапраўднай, беларускай, грунтоўнай і прызначанай для абароны святыні. Готыка касцёла ў Ішкалдзі — гэта готыка абарончага тыпу, гатовая прыняць бой і вытрываць любы націск. Магчыма, менавіта таму на працягу ўсяго свайго існавання ён ні разу не быў значна пашкоджаны.

Паводле падання, той, дзякуючы каму з’явілася святыня — Мікалай Неміровіч — збудаваў касцёл у падзяку Усявышняму за нараджэнне доўгачаканага нашчадка. Але пацверджання гэтаму не знойдзена. Цікава тое, што касцёл адразу ставілі каменным і цагляным, што не зусім характэрна для XV стагоддзя.

Ішкалдскі касцёл памятае войны, якія праносіліся па нашай зямлі, нібы вогненныя вятры, і палілі ўсё на сваім шляху, памятае святароў, якія прынялі пакутніцкую смерць за тое, што адмовіліся прымусова пераходзіць у праваслаўе і за адданасць свайму служэнню Богу ў атэістычныя часы, памятае час, калі святароў не было наогул, але, нягледзячы на гэта, ягоныя муры працягвалі ахоўваць вернікаў.

...Мы вярнуліся сюды праз год — Кася і я. За гэты год шмат чаго адбылося. Мы абедзве, амаль незалежна адна ад адной, прынялі Езуса Хрыста як свайго Пана і Збаўцу. Вярнуліся ўжо не як выпадковыя турысты, а як пілігрымы: пешкі, з суседняй вёскі; як блудныя дзеці, якія прагнулі айцоўскага прабачэння. Касцёл жа зноўку сустрэў нас працягнутымі матчынымі рукамі Марыі, быццам цярпліва чакаў нас увесь гэты год. У цяні касцёла Святой Тройцы, каля фігуры Марыі,
перад старым драўляным, але сапраўды велічным крыжам хораша было маліцца, узносячы хвалу Богу за гэтае цудоўнае сведчанне Ягонае ўсемагутнасці.

Караліна Комар


 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла