Слова з нагоды навэнны да Божай Маці Будслаўскай і перэгрынацыі копіі Яе цудатворнага абраза

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі!

11 кастрычніка 2012 г. распачынаецца Год веры, у які арганічна ўключаецца святкаванне 400-годдзя прыбыцця цудатворнага абраза Божай Маці ў Будслаў.

З гэтай нагоды з мэтаю больш інтэнсіўнага перажывання Года веры і ўшанавання Марыі, якая паверыла Богу (пар. Лк 1, 45), загадваю ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі правесці Навэнну да Божай Маці Будслаўскай і перэгрынацыю копіі Яе цудатворнага абраза. Навэнна і перэгрынацыя будуць праходзіць пад дэвізам: «Марыя — Маці нашай веры». Для гэтага ў кожную першую суботу на працягу дзевяці месяцаў, пачынаючы ад кастрычніка, ва ўсіх парафіях архідыяцэзіі неабходна правесці адмысловыя набажэнствы, якія складаюцца са святой Імшы да Божай Маці Будслаўскай, выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту, Літаніі да Божай Маці, акту прысвячэння парафіі Божай Маці Будслаўскай і благаcлаўлення Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Перэгрынацыя копіі цудатворнага абраза Божай Маці Будслаўскай распачнецца 5 кастрычніка 2012 г. святою Імшою ў 18.30 у мінскай архікатэдры і будзе праходзіць паводле распрацаванага плану ва ўсіх парафіях архідыяцэзіі (яна таксама плануецца і ў іншых дыяцэзіях Беларусі).

Перэгрынацыя завершыцца перанясеннем копіі цудатворнага абраза пілігрымамі з даўгінаўскага касцёла святога Станіслава ў Будслаў 5 ліпеня 2013 г. на ўспамін таго, што менавіта 400 гадоў таму Даўгінава сталася апошняй стацыяй перад прыбыццём цудатворнага абраза ў Будслаў.

У кожнай парафіі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі перад прыбыццём копіі цудатворнага абраза неабходна правесці адмысловы трыдуум духоўнай падрыхтоўкі паводле распрацаванага плану. План перэгрынацыі і правядзення трыдуума знаходзіцца ў спецыяльна падрыхтаванай для гэтай падзеі брашуры.

Навэнна і перэгрынацыя копіі цудатворнага абраза Божай Маці Будслаўскай павінны стаць часам падзякі за атрыманыя ласкі, асабліва за ласку свабоды веравызнання, часам перапрашэння за нашыя грахі і просьбы аб благаслаўленні на новыя часы, калі трэба бараніць веру ад уплываў секулярызму і лібералізму. Яны таксама павінны стаць дыяцэзіяльнымі рэкалекцыямі з мэтаю вяртання да веры, яе ажыўлення і хрысцінскага сведчання, каб мы ўсе па прыкладзе Марыі былі моцнымі сваёю вераю.

Заахвочваю святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў прыняць у гэтых пастырскіх акцыях актыўны ўдзел і такім чынам духоўна падрыхтавацца да будслаўскага юбілею.

Да цябе, Марыя, поўная ласкі, звяртаюся са словамі: «Вітай на шляхах Навэнны і пілігрымкі копіі Тваёй цудоўнай будслаўскай выявы! Вітай у нашых парафіях і
капліцах! Вітай, Тая, Якая ўжо чатыры стагоддзі валадарыш у Будслаўскім санктуарыі. Вітай і выпрасі ў свайго Сына і нашага Збаўцы Езуса Хрыста ласку, каб мы мужна захоўвалі веру, умацоўваліся ў надзеі і заўсёды жылі ў любові».

Усіх, хто рыхтуе Навэнну і перэгрынацыю, а таксама прыме ў іх удзел, давяраю апецы Божай Маці Будслаўскай і ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога.


Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 14 верасня 2012 г.
Свята Узвышэння Святога Крыжа

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла