З «Дзённіка»

Агульны змест


576
О Святая Тройца, адвечны Божа, мой дух патанае ў Тваёй прыгажосці; вякі — нішто перад Табою, Ты заўсёды Той самы. О, якая вялікая Твая веліч. Езу, у чым прычына таго, што Ты хаваеш сваю веліч, што Ты пакінуў трон неба і прабываеш з намі? Пан мне адказаў: Дачка Мая, любоў Мяне прывяла і любоў Мяне затрымлівае. Дачка Мая, калі б ты ведала, якую вялікую заслугу і ўзнагароду мае адзін акт чыстай любові да Мяне, ты памерла б з радасці.
Я кажу гэта дзеля таго, каб ты пастаянна ядналася са Мною праз любоў, бо гэта — мэта жыцця тваёй душы; гэты акт заснаваны на акце волі. Ведай, што чыстая душа пакорная. [45] Калі ты прыніжаешся і знясільваеш сябе перад Маёю веліччу, тады Я пераследую цябе сваімі ласкамі, выкарыстоўваю ўсемагутнасць, каб цябе ўзвысіць.

577 Аднаго разу, калі спаведнік за пакуту загадаў мне памаліцца «Хвала Айцу», гэта займала ў мяне шмат часу — я іншы раз пачынала і не заканчвала, бо мой дух яднаўся з Богам, і я не магла ўтрымацца. Я часта міжволі апынаюся ахінутаю ўсемагутнасцю Божаю і цалкам патанаю ў Ім праз любоў, і ў такія моманты я не ведаю, што навакол мяне робіцца. Калі я сказала спаведніку пра тое, што гэта кароткая малітва іншы раз займае ў мяне вельмі шмат часу, і я не магу іншы раз яе згаварыць, спаведнік загадаў мне прамовіць яе тут жа каля канфесіянала. Аднак мой дух патанае ў Богу, і я не магу думаць пра тое, пра што хачу, нягледзячы на ўсе намаганні; але спаведнік сказаў: «Я прашу паўтараць за мною». [46] Я паўтарыла кожнае слова, аднак, калі прамаўляла кожнае слова, мой дух заглыбляўся ў Таго, пра Каго я гаварыла.

578 У пэўны момант Езус сказаў мне пра аднаго святара, што гэтыя гады будуць аздобаю ягоных святарскіх гадоў. Дні цярпенняў заўсёды здаюцца даўжэйшымі, але й яны пройдуць, хоць ідуць так павольна, што нам іншы раз здаецца, быццам яны адступаюць назад, аднак канец іх ужо блізкі, і пасля будзе вечная і неспасцігальная радасць. Вечнасць: хто зразумее і спасцігне хоць бы адно гэтае слова, якое паходзіць ад Цябе, о неспасцігальны Божа, гэта ёсць вечнасць.

579 Я ведаю, што ласкі, якія мне ўдзяляе Бог, іншы раз прызначаныя выключна для некаторых душаў. Усведамленне гэтага напаўняе мяне вялікаю радасцю; я заўсёды цешуся дабром іншых душаў, як быццам сама ім валодаю.

580 [47] Аднаго разу Пан мне сказаў: Мяне больш раняць дробныя недахопы выбраных душаў, чым грахі душаў, якія жывуць у свеце. Я вельмі засмуцілася, што Езус цярпіць ад выбраных душаў, а Езус сказаў мне: Гэтыя дробныя недахопы — яшчэ не ўсё, Я адкрыю табе таямніцу свайго Сэрца, штo Я цярплю ад выбраных душаў: няўдзячнасць за гэтулькі ласкаў — пастаянная спажыва для Майго Сэрца ад выбранай душы. Іх любоў стрыманая: Маё Сэрца не можа гэтага вытрываць, гэтыя душы змушаюць Мяне адкінуць іх ад сябе. Іншыя не давяраюць Маёй дабрыні і не хочуць зведаць салодкай даверлівасці ў сваім сэрцы, а шукаюць Мяне дзесьці далёка і не знаходзяць. Гэты недавер да Маёй дабрыні Мяне раніць найбольш. Калі Мая смерць не пераканала вас у Маёй любові, то што вас пераканае? Часта душа смяротна Мяне раніць, і тады ніхто Мяне не суцешыць. [48] Мае ласкі выкарыстоўваюць дзеля таго, каб Мяне абражаць. Ёсць душы, якія пагарджаюць Маімі ласкамі і ўсялякімі доказамі Маёй любові; яны не хочуць пачуць Майго малення і ідуць у пякельную прорву. Гэтая страта душаў пагружае Мяне ў смяротны смутак. Тут Я нічым не магу дапамагчы душы, хоць Я і Бог, бо яна пагарджае Мною; маючы вольную волю, яна можа пагарджаць Мною альбо любіць Мяне. Ты, дарыцелька Маёй міласэрнасці, кажы ўсяму свету пра Маю дабрыню, і гэтым суцешыш Маё Сэрца.

581 Больш за ўсё Я табе скажу тады, калі ты размаўляеш са Мною ў глыбіні свайго сэрца; тут ніхто не можа перашкодзіць Майму дзеянню, тут Я адпачываю, як у зачыненым садзе.

582 Глыбіні маёй душы — гэта нібы вялікі і цудоўны свет, у якім жыве Бог і я. Акрамя Бога, нікому туды няма ўваходу. На пачатку гэтага жыцця з Богам [49] мяне пранізвалі страх і слепата. Яго ззянне асляпляла мяне, і я думала, што Яго няма ў маім сэрцы, аднак гэта былі хвіліны, калі Бог дзейнічаў у маёй душы, а любоў станавілася чысцейшаю і мацнейшаю, і Пан прывёў маю волю да самага цеснага паяднання з сваёю святою воляю. Ніхто не зразумее, што я перажываю ў гэтым цудоўным палацы сваёй душы, дзе пастаянна прабываю са сваім Абраннікам. Ніякія знешнія абставіны не перашкаджаюць мне кантактаваць з Богам. Нават калі б я выкарыстала самыя моцныя словы, то і ў іх бы не было і ценю таго, наколькі душа прасякнута шчасцем і неспасцігальнаю любоўю — такою вялікаю і чыстаю, як крыніца, з якой яна выплывае, — гэта значыць, як сам Бог. Душа наскрозь прасякнута Богам, я фізічна адчуваю гэта, і цела ўдзельнічае ў гэтых радасцях; хоць бывае і так, што ў адной і той жа душы Божыя подыхі розныя, аднак сыходзяць яны з тае ж самае крыніцы.

583 [50] Аднаго разу я ўбачыла спрагненага і знясіленага Езуса. Ён сказаў мне: Прагну. Калі я падала Пану вады, Ён прыняў яе, але не піў і адразу знік; Ён быў апрануты так, як у часе мукі.

584 Калі ты разважаеш над тым, што Я кажу табе ў глыбіні твайго сэрца, ты атрымліваеш большую карысць, чым калі б ты прачытала шмат кнігаў. О, калі б душы хацелі слухаць Мой голас, калі Я прамаўляю ў глыбіні іх сэрцаў, яны б хутка дасягнулі вяршыні святасці.

Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла