А гарбузы пралежалі бакі…

А гарбузы пралежалі бакі
I абвіліся павучынай пражай.
Здавалася – за хмарай хлапчукі
Разрэзалі гарбуз на два кускі
I ўночы Млечны Шлях
на семкі пражаць, —

такім незвычайным параўнаннем адарыў паэт Рыгор Барадулін гэты гатунак гародніны, якая карыстаецца папулярнасцю з глыбокай старажытнасці.

Жыхары некаторых краінаў даўно заўважылі яго карысныя ўласцівасці. Напрыклад, жыхары Мексікі садзілі гарбузы ўжо каля 5 тысяч гадоў таму, а першыя амерыканскія пасяленцы запякалі гарбуз на прысаку, выдаліўшы з яго семкі і напоўніўшы малаком, прыправамі і мёдам. Лекавыя якасці гарбуза падкрэсліваў знакаміты філосаф і ўрач Авіцэна, пра іх гаворыцца і ў візантыйскай сельскагаспадарчай энцыклапедыі X стагоддзя «Геапонікі». Старажытныя лекары лічылі, што гарбуз мае паслабляльнае дзеянне, а яго сокам можна паспяхова лячыць хваробы вушэй.

Увогуле ўся расліна карысная для арганізма чалавека, але ў Беларусі, асабліва ў гараджанаў, апошнім часам яна не вельмі папулярная, а дарэмна. Праўда, вучоныя да гэтай пары не могуць дакладна сказаць, што за «фрукт» гэты гарбуз — гародніна, садавіна ці ягада. Аднак без сумніву зразумела адно: грэбаваць такім падарункам прыроды не варта. Гарбуз не толькі па-восеньскі прыгожы, яркі і нават казачны, але ён таксама з’яўляецца сапраўднай скарбонкай вітамінаў. Мяркуйце самі. У гэтай расліне лекавымі з’яўляюцца ўсе яе часткі: семкі, алей з іх, мякаць, сок і нават кветкі і лісце. У мякаці звычайнага гарбуза шмат карысных рэчываў: цукар, бялковыя і пекцінавыя рэчывы, алей, арганічныя кіслоты, клятчатка, фітастэрын, карацін, вітаміны С, В1, В2, РР, макраэлементы — калій, кальцый, магній, сера, фосфар, хлор; мікраэлементы — жалеза, кобальт, марганец, медзь, фтор, цынк.

У семках — 20–50% тлустага алею, які складаецца з лінолевай, пальміцінавай і стэарынавай кіслотаў, ёсць вітаміны С, В1, В2, нікацінавая кіслата, караціноіды, лейцын, лецыцін, саліцылавая кіслата і яшчэ шмат іншых карысных рэчываў.

У гарбузовым лісці шмат аскарбінавай кіслаты, а ў кветках ёсць флаваноіды і караціноіды.

Народная медыцына рэкамендуе ўжываць вараную мякаць гарбуза пры туберкулёзе, жаўтусе, анеміі, гіпатаніі, падагры, неўрозах, халецыстытах, пры запорах, а таксама ў якасці мачагоннага сродку пры ацёках (ныркавых і вантробных). Кашкаю з сырой гарбузовай мякаці або змеленымі ачышчанымі семкамі лечаць раны, апёкі, фурункулы, дэрматыты, плямы і вяснушкі на твары. Семкі гарбуза прымяняюць у якасці сродка супраць глістоў.

Медыкі адзначаюць, што вялікая колькасць вітамінаў, а таксама комплекс цукраў у мякаці станоўча ўплываюць на біяхімічныя працэсы вантробы, а вялікая колькасць клятчаткі добра ўплывае на ўнутрыкішачна-вантробную рэгуляцыю жоўцевых кіслотаў, што мае важнае значэнне ў прафілактыцы ўтварэння халестэрынавых камянёў у жоўцевым пузыры.

Дзякуючы невысокай каларыйнасці гарбуз рэкамендуюць ужываць пры атлусценні, а таксама ў якасці дыеты пры ацёках, бо ён садзейнічае вывядзенню соляў з арганізма. Карысны гарбуз і хворым з жалезадэфіцытнай анеміяй: калі штодзённа ўжываць па 120–150 г варанага гарбуза, няма патрэбы ўжываць жалеза ў таблетках. Рэгулярнае ўжыванне гарбуза спрыяе вывядзенню таксінаў, а таксама зніжае ўзровень халестэрыну.

Карысна ўжываць гарбуз і для прафілактыкі карыеса — у ім шмат фтору. Дзякуючы вітаміну D і караціну, якога ў гарбузе больш, чым у моркве, у 5 разоў, гарбуз карысна ўжываць дзецям — ён садзейнічае іх росту, папярэджвае развіццё рахіта, а таксама паляпшае настрой. Да таго ж, клятчатка, на якую багатая мякаць гарбуза, вельмі карысная ў прафілактыцы анкалагічных хваробаў і дыябету, а вітамін С ахоўвае ад прастуды, зніжае высокі ціск.

Што датычыць семак гарбуза, то яны выкарыстоўваюцца і як сыравіна для прыгатавання тыквеола — прэпарата, які стаў вельмі папулярным у лячэнні многіх захворванняў (хваробаў вантробы, жоўцевага пузыра, язвавай хваробы страўніка і інш.).

Трэба адзначыць, што ў тых, хто ўпершыню ўжывае мякаць гарбуза, можа ўзнікнуць метэарызм, вуркатанне або нават боль у жываце. Такое здараецца, калі вы п’яце халодную ваду падчас спажывання варанай мякаці ці адразу пасля ежы. Таму карысна да гатовай стравы з гарбуза дадаваць зялёны ці сушаны кроп і кмен, якія добра ўплываюць на страваванне.

Гарбуз на 90% складаецца з вады. У якасці лекавай сыравіны выкарыстоўваюць чаранкі, плады і семкі. Нарыхтоўваюць гарбузы па часе іх даспявання (са жніўня да лістапада), захоўваць іх трэба ў халаднаватым памяшканні, якое добра праветрываецца. Семкі нарыхтоўваюць толькі са спелых гарбузоў.

Семкі выкарыстоўваюць у якасці процігліставага сродку. Іх трэба ачысціць ад шалупіння, змалоць, змяшаць з вадой і прымаць нашча. Для дарослых норма прыёму – 200 грамаў, для дзяцей – 100 грамаў. Праз дзве гадзіны пасля прыёму такога гарбузовага малачка трэба прыняць паслабляльны сродак, які дапаможа вызваліць кішэчнік ад паразітаў.

Гарбуз валодае мачагонным, лёгкім паслабляльным, процізапаленчым і абязбольваючым дзеяннямі. Пры ацёках вараць яго мякаць і ядуць два разы на дзень. Або бяруць 20 грамаў гарбузовых чаранкоў, заліваюць 0,5 літра вады і ставяць на павольны агонь на 5-10 хвілін. Потым настойваць 1 гадзіну, працэджваюць і прымаюць па 1/2 шклянкі тры разы ў дзень да ежы.

Сок мякаці ўжываюць (пасля кансультацыі з урачом) пры прастатыце, запорах, захворваннях нырак, вантробы, парушэннях абмену рэчываў. Сок прымаюць па
1 шклянцы два разы ў дзень за гадзіну да пасілку.

Пігментныя плямы можна вывесці семкамі гарбуза. Ачышчаныя і змолатыя семкі трэба змяшаць з вадой у суадносінах 1:1. Дадаць крыху мёду. Намазаць твар гэтай сумессю і пакінуць на 30 хвілін. Такую маску неабходна рабіць штодзённа, пакуль плямы не знікнуць.

Пры захворваннях жоўцевых шляхоў дапамагае і сырая, і вараная мякаць гарбуза. Яна аднаўляе функцыі вантробы пасля вострага гепатыту, дзейнічае як жоўцягонны сродак. Есці яе трэба не менш як паўкілаграма ў дзень. Неабходна таксама піць гарбузовы сок па 1/2-1 шклянцы ў дзень.

Акрамя таго, гарбузовы сок заспакойвае нервовую сістэму і паляпшае сон, таму яго карысна піць нанач. Свежы сок лепш прымаць па паўшклянкі ў дзень. Ён паляпшае дзейнасць страўніка-кішачнага тракта, дапамагае пры камянях у нырках і мачавым пузыры, павышае ўзровень гемаглабіну ў крыві, выводзіць з арганізма «шкодны» халестэрын і ўзмацняе сардэчна-сасудзістую сістэму. А тым мужчынам, якія хварэюць на прастату, народная медыцына раіць выпіваць па 1 шклянцы гарбузовага соку на працягу 2–3 тыдняў.

Духмяны кампот з мякаці гарбуза з лыжкай мёду дапаможа пры бяссонніцы, наталіць смагу і крыху знізіць тэмпературу.

Вельмі карысны і алей з гарбуза. Ён выкарыстоўваецца як прафілактычны сродак — паляпшае склад крыві, добра ўплывае на дзейнасць нырак і мачавога пузыра.

Увогуле гарбузовы алей вельмі папулярны ў краінах Еўропы, асабліва ў тых людзей, хто стараецца харчавацца правільна і карысна.

І, вядома ж, гарбуз выкарыстоўваецца ў кулінарыі. Самы просты спосаб яго прыгатавання — ачысціць ад лупінаў і семак, парэзаць на кавалкі і запячы ў духоўцы. Дадаць сметанковае масла, зяленіва і прыправы. Таксама можна змяшаць кавалачкі гарбуза з макаронамі, рысам, просам або зрабіць суп-пюрэ, выкарыстаць у гуляшах, выпечцы ці дэсертах.

Аладкі з гарбузом. Змяшаць шклянку кефіру з яйкам, соллю, 250 грамамі мукі, дадаць 150 грамаў гарбуза, нацёртага на буйной тарцы, і ўсё перамяшаць. Смажыць на алеі, на добра разагрэтай патэльні.

Ікра-гарбузянка. 1 невялікі гарбуз, парэзаны на кавалачкі, 2 дробна пакрышаныя цыбуліны, дробна парэзаныя памідоры (колькасць — па гусце). Патушыць кавалачкі гарбуза з цыбуляй і памідорамі. Можна дадаць любую іншую гародніну, прыправы, зеляніну.

Гарбуз па-грэцку. Гарбуз абабраць, разрэзаць на кавалкі і хутка абсмажыць на аліўкавым або сланечнікавым алеі, дадаць соль, чырвоны востры перац, тамат-пасту, крыху часнаку і базілік. Тушыць на малым агні, пакуль гарбуз не стане мяккі. Падаваць можна і як самастойную страву, пасыпаўшы яе дробна парэзанымі спелымі памідорамі і зяленівам (можна нацёртым жоўтым сырам) або як гарнір да мясных страваў.

Гарбузовая салата. 300 г гарбуза, 2-3 яблыкі (лепш за ўсё антонавак), 1 лімон, 3-4 лыжачкі мёду. Гарбуз нарэзаць маленькімі кубікамі, заліць мёдам, перамяшаць, пакінуць на паўгадзіны. Лімон вымыць, абдаць варам, цэдру нацерці на дробнай тарцы, змяшаць з гарбузом, дадаць сок паловы лімона (больш ці менш — па гусце). Яблыкі нарэзаць саломкай, асцярожна змяшаць з гарбузом.

Джэм з гарбуза. На 1 кг мякаці гарбуза (лепш салодкіх гатункаў) узяць тры лімоны або апельсіны. Цытрусавыя трэба добра памыць, але не ачышчаць іх, прапусціць праз мясарубку. Перакласці ўсё ў каструлю, дадаць 1 кг цукру, варыць на павольным агні 40 хвілін. Цукру можна пакласці трохі менш, а дадаць некалькі лыжак мёду. Мёд трэба класці ў джэм тады, калі ён зварыцца.

Трэба памятаць, што сыры гарбуз і свежы сок з яго могуць быць небяспечнымі для тых, у каго ёсць гастрыт, язва страўніка і дванаццаціперснай кішкі. Акрамя таго, гарбуз супрацьпаказаны людзям
з цяжкай формай цукровага дыябету.

Нядаўна вучоныя прыйшлі да высновы, што кампаненты гарбуза садзейнічаюць рэгенерацыі пашкоджаных панкрэатычных клетак, павышаючы ўзровень у крыві бэта-клетак, якія «прадукуюць» інсулін. Склад рэчываў, выяўлены ў гарбузе, нават можа замяніць ці значна скараціць штодзённыя ін’екцыі інсуліну. «Ахоўны» эфект гарбуза, як мяркуюць навукоўцы, заключаецца ў антыакісляльніках і дзеянні малекулы D-chiro-inositol, якая актывізуе выпрацоўку інсуліну.

Гарбуз даўно прымяняецца і ў касметыцы. Вось толькі некалькі парадаў. Для сухой скуры: адвараную мякаць стаўчы, дадаць аліўкавы алей (1:1), намазаць твар і праз 20 хвілінаў змыць цёплаю вадою. Тлустую скуру карысна праціраць сырымі кавалачкамі халоднага гарбуза.


Падрыхтавала
Аліна Лукашэвіч.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла