Ідзі дарогай надзеі

 Наш рахунак сумлення перад чарговай споведдзю  — які ён? Чарговы, звычайны, альбо з кожным разам новы, як у самы першы раз, калі мы, яшчэ не прысыпаныя руцінай звыкласці, прывычкі, не жадалі прапускаць ніводнай драбніцы? Як мы яго робім: пералічваем свае непрыгожыя ўчынкі, як бухгалтар на лічыльніках, якія не маюць аніякіх эмоцый, альбо аналізуем свой стан у малітоўным чуванні? І ці суадносім нашае жыццё і ўсё, што ў ім адбываецца, з евангельскай прапановай будаваць свае дні на вернасці, любові, міласэрнасці, служэнні?  Ці прасякнуты наш рахунак сумлення духам малітвы?


Пра ўсё гэта прапануем паразважаць разам з кардыналам з В’етнама Нгуенам ван Туанам. Ягоныя  тысяча запісаў, зробленых у часе трынаццацігадовага зняволення, скіраваныя не толькі да в’етнамскіх католікаў, але таксама і да ўсіх нас.

• Прыкра табе з прычыны тваіх шматлікіх здрадаў Пану. Добра, але гэтага мала. Ты павінен рабіць так, як Марыя Магдалена, якой «даруюцца (...) грахі многія за тое,  што яна вельмі палюбіла» (Лк 7, 47); як Ян, які ўцёк і пакінуў Пана ў Гетсіманіі, але потым вярнуўся і стаў каля падножжа крыжа. Прымі гэты метад, каб любіць заўжды і ўчынкамі, і словамі.

• Толькі нямудры жаўнер імкнуўся б унікнуць ранення галавы, падстаўляючы пад абстрэл свой пазваночнік. Ты ж, аднак, часта менавіта так і паводзіш сябе, калі несур’ёзна ставішся да лёгкіх грахоў, думаючы, што найважней — унікаць смяротнага граху.

• Калі ты не патрапіш унікаць лёгкіх грахоў, то твая любоў да Бога слабая.

• Брак рахунку сумлення з лёгкіх грахоў, выкліканых занядбаннем, можа прывесці да канчатковага занядбання. Можа давесці да таго, што ты будзеш выконваць працу на Божай ніве абыякава, што згубіш дух пасвячэння, набудзеш «здольнасць» унікаць адказнасці, і… народзіцца ў табе звычка ўнікаць цяжкасцяў і шукаць лягчэйшы шлях.

• Толькі гэтая цяперашняя хвіліна важная. Не прыгадвай бясконца, што зрабіў твой бліжні ўчора, і не крытыкуй яго. Не плач над тым, што здарылася ўчора: гэта ўжо мінулае.
Не будзь песімістам перад заўтрашнім днём: ён будзе
часткаю тваёй будучыні. Давер сваё мінулае Богу, давер будучыню Яго Провіду, давер усё Ягонай любові.

• Дзеля таго, каб ісці ў правільным кірунку надзеі, ты павінен казаць:
— Пане, усё з любові да Цябе, усё для Цябе ў маім бліжнім.
— Не хачу нічога затрымліваць для сябе.
— Не хачу дамагацца, каб хтосьці мне дзякаваў.
— Не хачу ніякай заплаты.

• Што ты павінен зрабіць пасля таго, як зробіш рахунак сумлення? Мусіш пакорна плакаць над сваімі грахамі, як гэта зрабіў Пётр, сесці каля ног Пана і адказаць на Ягоную любоў, як Марыя Магдалена, прыняць рашэнне аб навяртанні, як Закхей, і быць руплівым апосталам, як Павел. Дзякуючы гэтаму ты зможаш ісці дарогаю надзеі (пар. Мц 26, 75; Лк 7, 38–48; 19, 1–10; 2 Кар 11, 22–23).

• Сродкі, якія ты маеш у сваім распараджэнні, гэткія ж, якія мелі і апосталы.
— Эўхарыстыя: «Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20).
— Святы Дух: «Я папрашу Айца, і дасць вам іншага Суцяшыцеля,  каб быў з вамі навекі» (Ян 14, 16).
— Марыя, наша Маці: «Вось Маці твая» (Ян 19, 27).
— Евангелле: «Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню» (Мк 16, 15).

Езус даў у тваё карыстанне гэтыя дары. Ты лічыш, што гэтага мала? Хіба свет можа даць табе штосьці настолькі вартае?

• Рахунак сумлення — гэта сузіранне свайго жыцця ў святле веры.

• Кожныя паўгода аналізуй свае ўчынкі, рабі справаздачу з твайго дабра   і аналізуй самога сябе, каб зразумець, наколькі змяніліся твае пачуцці.

Ацэньвай усё справядліва і мужна вызваляйся ад непатрэбных рэчаў.


Падрыхтавала
Ірына Жарнасек.
Паводле кнігі Нгуена ван Туана «Дарога надзеі».

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла