Чаму Касцёл гаворыць аб беспамылковасці Папы?

Адна з найбольш дыскусійных праўдаў каталіцкай веры — вучэнне аб беспамылковасці Папы. Складанасць прыняцця гэтай праўды паходзіць з нашага досведу, дзе на кожным кроку мы сустракаемся з чалавечай абмежаванасцю і памылковасцю. Калі ўсе людзі памыляюцца, то і Папа можа памыляцца? Чаму тады Касцёл гаворыць аб яго беспамылковасці?
 


Яшчэ больш занепакоеныя тыя, хто даведваецца пра гэтую праўду веры з рускамоўных крыніцаў, бо ў рускай мове за азначэнне беспамылковасці Папы прыняты тэрмін «непогрешимость», які ў многіх людзей асацыіруецца са словам «безгрешность». Псіхалагічным эфектам сугучнасці гэтых тэрмінаў з’яўляецца распаўсюджаны стэрэатып, што, маўляў, католікі вераць у бязгрэшнасць Папы.

Гэтыя праблемы, вынікаючы з негатыўнага жыццёвага вопыту і тэрміналагічнай няяснасці, часам прыводзяць некаторых людзей да высновы, што католікі прыраўніваюць Папу да бязгрэшнага і беспамылковага Бога (да гэтага дадаецца і візуальны псіхалагічны эфект ад таго, як у Касцёле ўшаноўваецца Папа). У выніку наслаення памылковых высноваў узнікаюць самыя неверагодныя стэрэатыпы, якія не маюць нічога агульнага з верай Касцёла. Каб пазбавіцца ад іх, неабходна ведаць, што на самай справе азначае каталіцкі догмат веры аб беспамылковасці Святога Айца.

Каталіцкае вучэнне аб беспамылковасці Папы хоць і існавала са старажытнасці, аднак афіцыйна (як догмат) было зацверджанае Касцёлам параўнальна нядаўна — у 1870 г. на Першым Ватыканскім Саборы. Звязанае гэта было з нарастаннем ідэалагічнай атакі, скіраванай на дэзінтэграцыю (раздрабненне) Касцёла. Каб абараніць католікаў ад дэзарыентацыі і сумненняў у ўтарытэце Апостальскай Сталіцы, гэтая праўда веры была афіцыйна зацверджаная на дагматычным узроўні. У пэўным сэнсе яна стала лагічным наступствам вучэння аб вяршэнстве Папы ў Касцёле («прымат св. Пятра»).

Гэты догмат гаворыць пра тое, што кожнае афіцыйнае (ex cathedra) навучанне Папы ў справах веры, маралі і дысцыпліны трэба прымаць як беспамылковае і абавязковае для кожнага католіка.

Каб растлумачыць праўду веры аб беспамылковасці Папы, варта пачаць ад усведамлення таго, што існуюць «праўды», прыдуманыя людзьмі. Яны суб’ектыўныя, часткова праўдзівыя або цалкам памылковыя. Але, нягледзячы на гэта, існуе Праўда, якая не залежыць ад таго, што мы думаем. Самы просты доказ гэтай Праўды — законы прыроды, рацыянальнасці. Незалежна ад існавання чалавека, яны ёсць. Паводле гэтых законаў дзейнічаюць наш розум, навука і тэхніка. Гэтую Праўду чалавек не стварае, а паволі адкрывае. Значыць, павінен быць яе разумны і беспамылковы Стварыцель. Так мы даходзім да адкрыцця, што цалкам беспамылковым можа быць толькі Бог (абсалютная, найдасканалейшая Істота). Хрысціянская вера і вопыт кажуць, што Бог не трымае Праўду толькі для сябе, але аб’яўляе яе людзям. Мэта гэтага Аб’яўлення — не дапусціць самазнішчэння людзей, але прывесці іх да Збаўлення ад бедаў, да паўнаты жыцця. Гэтае Божае Аб’яўленне запісанае ў Бібліі. Каб гэты запіс не быў згублены або памылкова зразуметы, неабходна было стварыць нейкага захавальніка і пераказчыка Аб’яўленай Праўды. Так Бог стварыў Касцёл. З аднаго боку — гэта людская супольнасць хрысціянаў. З другога — Боскі носьбіт Аб’яўленай Праўды і «набор інструментаў» Збаўлення.

Езус Хрыстус, ствараючы Касцёл, даў апосталам важнае заданне: абвяшчаць аб’яўленую Праўду («ідзіце і навучайце ўсе народы…» (пар. Мц 28, 19)) і здзяйсняць Збаўленне праз святыя сакрамэнты. Хрыстус, даючы заданне, даў таксама і моц — унікальныя дары Духа Святога. Новазапаветныя факты сведчаць аб тым, што без дапамогі Святога Духа апосталы не маглі самі справіцца з заданнем. Дастаткова ўзгадаць хаця б іх сумненні ў веры і чалавечыя страхі нават пасля ўваскрасення Хрыста. Толькі непасрэднае ўмяшанне Божай ласкі (дары Спасланага Духа Святога) ператварыла вучняў у верагодных і беспамылковых апосталаў. Сярод іх Хрыстус сам выбраў лідара, адказнага за ўсе будучыя супольнасці і місіі Касцёла — апостала Пятра. Яму Езус даў ключы Божага Валадарства (Мц 16, 13–20), заданне пасвіць Яго авечак (Ян 21, 15–19), сцерагчы ў веры (Лк 22, 32). Відавочна, што ўсе гэтыя заданні датычылі не толькі саміх апосталаў, але кожнага іх наступніка.

Таксама і місія св. Пятра перадавалася кожнаму яго наступніку на Рымскай катэдры праз адмысловы малітоўны жэст ускладання рук (перадачу апостальскага дару Духа Святога). З гэтага вынікае вучэнне аб ролі Папы ў Касцёле, якое часам акрэсліваецца як дактрына аб «прымаце св. Пятра».

Даючы Пятру найцяжэйшае на свеце заданне (сцерагчы братоў у веры і адзінстве), Хрыстус не мог пакінуць яго без асаблівай ласкі. Пазней гісторыя пацвердзіла, што дар захоўваць Касцёл ад памылак заўсёды спадарожнічаў лёсавызначальным рашэнням паўнапраўных Пантыфікаў (легальных кіраўнікоў Апостальскай Сталіцы, верных Божаму Аб’яўленню і ўсёй папярэдняй Традыцыі каталіцкай веры). У той жа час прыватныя рашэнні Папаў, якія не былі наўпрост звязаныя з іх місіяй (веравучэння і кіравання Касцёлам) неаднаразова на працягу гісторыі аказваліся памылковымі, залежнымі ад палітычнай кан’юнктуры. Усе гэтыя факты толькі пацвярджаюць праўду каталіцкай веры ў тое, што ў найважнейшых справах веры і жыцця Касцёла Святому Айцу заўсёды спадарожнічае асаблівая ласка Святога Духа, абяцаная Езусам.

Беспамылковасць у афіцыйным навучанні Папы мае свае выразныя межы: яна датычыць справаў веры і вынікаючай з яе маралі. Гэта азначае, што католік абавязаны слухацца Святога Айца ва ўсіх справах, якія датычаць яго збаўлення. У прыватных выказваннях і ў асабістым жыцці Папа, як і кожны чалавек, можа памыляцца.

Пантыфіку дапамагае цэлая «армія» памочнікаў — найлепшых спецыялістаў Касцёла ў самых разнастайных галінах жыцця і ведаў (біскупы, тэолагі, біблісты, разнастайныя эксперты і г.д.). Толькі наіўныя людзі ўяўляюць Пантыфіка як капрызнага манарха. Яго місія занадта адказная, каб дазваляць сабе неабдуманыя выказванні і рашэнні, тым больш што на гэтую пасаду выбіраюцца не выпадковыя вернікі, а лепшыя з лепшых людзей звышмільярднай супольнасці Касцёла.

Выбраны пад натхненнем Духа Святога Пантыфік з’яўляецца слугою Ісціны, якую ён тлумачыць згодна з вучэннем Бібліі і ўсёй Традыцыі. Верны гэтай Праўдзе, ён вядзе Касцёл праз бурлівыя хвалі гісторыі.

Догмат аб беспамылковасці Папы мае таксама важнае арганізацыйнае значэнне. З чалавечага пункту гледжання наяўнасць прызнанай усімі канкрэтнай асобы, якая ясна выказвае і захоўвае пазіцыю (вучэнне) Касцёла ў той ці іншай справе веры або маралі, — гэта вялікі камфорт. Без Папы Касцёл ператварыўся б у хаатычную масу раздробленых і варагуючых паміж сабою суполак са сваімі «папамі», «дактрынамі» і «традыцыямі».

Назіраючы за драматычнай гісторыяй іншых веравызнанняў, католікам трэба цаніць догмат аб беспамылковасці Папы і няспынна дзякаваць Божаму Провіду за тое, што, нягледзячы на жорсткія хвалі гісторыі, Ён дае нам Пантыфікаў, якія беспамылкова вядуць карабель Хрыстовага Касцёла да Нябеснага порту Збаўлення.


Ксёндз Андрэй Рылка

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла