Паглядзі Езусу ў вочы

 

Вера дае магчымасць глядзець на сябе так, што ты зможаш навярнуць да Пана Бога ўсю сваю сям’ю. Гэта позірк нібы на пэўны праект, які ты сам здзяйсняеш. Нічога не бойся, толькі вер. Для таго, хто верыць, усё магчыма. Пакліканне хрысціяніна — быць верным. Хрысціянін — гэта той чалавек, які верыць Чалавеку Езусу. Гэта чалавек, які гаворыць: «Брава, Езусе, я Табе веру, Ты сапраўдны». Затым сканцэнтруйся, паспрабуй актывізаваць сакрамэнт хросту, бежмавання і Эўхарыстыі. Успомні, што ты — дзіця Божае. Успомні, што Дух Святы жыве ў табе. Успомні, што ты з’яўляешся целам Хрыста і маеш Божую натуру. Ты маеш таксама Божую прэрагатыву, Божую моц, таму актывізуй у сабе гэта і скажы: «Я магу, я хачу, я веру», і так будзе. Будзь, як расліна, якую ты паліваеш сваёю свядомасцю, сваёю вераю. Ведай, што ты не можаш цягнуць расліну ўверх, каб яна хутчэй расла, — проста дазволь ёй, каб расла сама.

Вось толькі некалькі практыкаванняў.

Спачатку паспрабуйце на працягу 3-х секундаў глядзець Езусу ў вочы, сканцэнтравацца на Ім. Потым ідзіце яшчэ далей: спрабуйце 5 секунд, 10 секунд, 3 хвіліны. Гарантую, што вы будзеце здзіўляцца тым, якую Божую сілу маеце ў сабе.

У духу глядзіце на сябе:
на хрост, бежмаванне і Эўхарыстыю — Бог жыве ў кожным з нас. Па-першае, вырашы, ці прымаеш свой хрост, які далі табе бацькі і Касцёл. Ці сапраўды згаджаешся на тое, каб быць дзіцём Божым, такім, як Езус, альбо і далей будзеш гэта ігнараваць? Спакойна паглядзі Езусу ў вочы
і скажы «так» альбо «не». Вельмі важна, каб ты зрабіў гэта спакойна, без напружання ў сваёй душы, а не з дапамогаю псіхікі. Жывёла не можа стаць дзіцём Божым, таму псіхіка тут не дапаможа. Гэта толькі тваё духоўнае
вымярэнне — тое, аб чым ты думаеш, гаворыш, перажываеш. Паглядзі на той скарб, які маеш у сабе, усміхніся
яму і скажы: «Так, хачу, хачу быць дзіцём Божым, прымаю гэта, люблю Цябе, Езус, хачу любіць усіх людзей, разліч-вай на мяне».

Скажы Езусу, што дазваляеш Яму ўзрастаць у табе. Няхай Ён расце, а ты будзеш памяншацца так, каб быў штораз больш Богам і штораз менш малым, бедным чалавекам. Маліся да Хрыста, няхай Ён спакойна дзейнічае ў табе.

А цяпер скажы Айцу Нябеснаму, што вызнаеш Яго як свайго Бацьку, Айца. «Ойча, Ты з’яўляешся маім сапраўдным Айцом. Твой Сын сказаў: не называй нікога Айцом. Адзіны ёсць Айцец у Небе. Толькі Ты мяне прагнеш, любіш і хочаш, каб я ўзрастаў у Тваім Сыне. Хачу гэтага, Ойча. Ойча добры, будзь
вольным ува мне, дзейнічай. Будзь у поўні маім Айцом. Духу Святы, сыдзі на мяне і рабі справу Езуса. Праз мяне сведчы, што Езус жывы і сёння. Прагну, Духу Святы, быць Тваім прыяцелем. Цябе паслаў Езус, каб напамінаў мне пра ўсё, што я ўчыніў, і каб урэшце прывёў мяне да Яго. Каб праз мяне навярнуў кожнага чалавека, якога я спаткаю. Дзейнічай ува мне свабодна, Духу Святы, цалкам Табе аддаюся».

Падумай, можа, ты баішся Бога Духа Святога. Можа, баішся, што будзеш выглядаць нейкім дзіваком, што вымушаны будзеш ісці ў кляштар. Бог так не чыніць. Знешне ўсё застаецца такім, як было, а ўнутрана ты будзеш ужо новым чалавекам. Ты нармальна ясі, нармальна п’еш, нармальна паводзіш сябе ў сваёй сям’і, на працы, але ёсць у табе ўжо новая сіла, якая дзейнічае. Ну што, і далей будзеш баяцца? Многія скажуць, што ў 70-гадовым узросце прасцей не баяцца, але, калі табе 35 гадоў, адказаць «так» цяжэй. Прыяцель! Бог робіць цябе нармальным чалавекам, чалавекам, які здольны бавіць час з сябрамі, быць мудрым, дасціпным, поўным аптымізму, тым, хто дасканала кіруе сваёй фірмай, мае шмат грошай, а таму шчодра імі дзеліцца, стварае новыя прытулкі для церпячых... Чым больш даеш, тым больш маеш.

Багатым становішся тады, калі даеш

Найбяднейшыя — гэта тыя, хто ўсё пакідаюць у банку. У Амерыцы забаронена доўга трымаць грошы ў банку.  Мусіш забраць іх і ўкласці ў якую-небудзь фірму альбо ў нейкі праект. Маеш 2 еўра, але хочаш мець 100? То дай 1 еўра якому-небудзь бедняку.

Аднойчы да мяне прыйшла студэнтка і папрасіла
пазычыць ёй 5 тысяч марак. Было гэта ў 1978 годзе. Я адказаў, што мне вельмі прыкра, але я збіраю грошы на аўтамабіль, каб не ездзіць на трамваі і аўтобусе. Раптам я ўспомніў, што Езус гаварыў: «Давайце і атрымаеце ў сто разоў больш». І пасля таго, як я запэўніў дзяўчыну ў тым, што не магу выканаць яе просьбу, я дастаў канверт і аддаў ёй усе грошы. Расхваляваная, яна сказала, што абавязкова аддасць іх. Я адказаў, што даю іх, а не пазычаю. Збянтэжаная, яна пайшла, а я ў наступны дзень атрымаў чэк на суму ў два разы большую — 10 тысяч марак. Іх прыслала нейкая пані са Славеніі. Я пайшоў і аддаў той дзяўчыне і гэтыя грошы. Прайшло 10 дзён, і зноў ад нейкай асобы, якую я не ведаў, я атрымаў ужо 20 тысяч марак...

Прынцып духу — дай і будзеш мець, а прынцып цела і псіхікі — хавай і будзеш мець. Калі хаваеш грошы, губляецца іх вартасць. Ты нічога не можаш ані мець, ані атрымаць. У банку грошы таксама прападаюць, як гэта цяпер адбываецца ў Еўропе. А вось калі ты даеш, заўсёды будзеш атрымліваць. Калі ў нешта інвестуеш, табе вернецца ў сто разоў больш. Мусіце паспрабаваць. Гэта не жарт, гэта прынцып людскога духу. З таго часу я ўжо не маю праблемаў з грашыма. Маю іх столькі, колькі патрэбна, і магу яшчэ даваць, даваць і
даваць.

Жыву я ў Заграбе, каля катэдры, і, калі іду на службу, заўсёды пяць-шэсць  чалавек просяць у мяне грошы. Калі вяртаюся назад, ужо іншыя бедакі жабруюць. Часам кажу сабе: досыць мне ўжо гэтага, больш не магу даць, аднак зноў даю і даю. Пасля ў мяне так добра на душы, а грошы самі па сабе прыходзяць, нават і не ведаю, адкуль. З гэтай нагоды хачу вам сказаць: Бог сапраўды існуе і Ён вельмі блізка. Адзіны банк, у які трэба інвеставаць, гэта — бедныя, гэта Пан Бог. Твой Айцец мае такое багацце, якога ніхто не можа забраць.

А цяпер памолімся, каб Дух Святы сышоў на нас.

Маліся коратка, а чакай доўга. Скажы толькі: «Дух Святы, дзейнічай ува мне!».
І чакай выніку. Хтосьці адчуе яго а 4-й раніцы і абудзіцца. Адна наша студэнтка перажыла гэта так. Яна вярнулася дадому пасля сустрэчы з хлопцам студэнтам, які сведчыў ёй пра Бога. Калі ўвайшла ў пакой, раптам адчула прысутнасць Духа Езуса Хрыста. Села і ўсю ноч малілася. Была атэісткаю і не ведала, як трэба маліцца. Шукала па ўсіх шафах бабуліны малітоўнікі. Пазней яе сям’я навярнулася да Бога. Для таго, хто верыць, усё магчыма.

Не жывіце больш так, як жывуць пагане. Напаўняйцеся духам. Запоўніце сваю памяць словам Хрыстовым. А цяпер памаліцеся за таго, хто сядзіць ад вас з правага боку, каб дапамагчы яму. Потым памаліцеся за таго, хто злева ад вас. Расслабцеся, памятайце, што Бог дае вам свабоду і Ён на вашым баку.

Падрыхтавала Галіна Горская.
Паводле: «Echo Medziugorja...», № 285, кастрычнік 2011 года.  

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла